навіны

Подпісы за Лукашэнку пад прэсінгам і суды над сем’ямі. Рэпрэсіі 3 снежня

Канстытуцыя Беларусі і плакат пра выбары-2025
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Канстытуцыя Беларусі і плакат пра выбары-2025. Фота: 1prof.by
podpis źródła zdjęcia

Напярэдадні выбараў людзей у Беларусі запужваюць міліцыяй і праблемамі, каб падпісваліся за Аляксандра Лукашэнку. А тым часам цэлымі сем’ямі працягваюць судзіць людзей праз падзеі мінулых выбараў. Пра гэта і іншыя парушэнні правоў у Беларусі ў штодзённым аглядзе.

Заснавальніц і дырэктара стартап-хаба «Imaguru» пакаралі буйнымі штрафамі і зняволеннем. Справу разглядала суддзя Любоў Сімахіна.

Сузаснавальніца хабу Таццяну Марыніч завочна пакараная 12 гадамі пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, а таксама штрафам у памеры сямі тысяч базавых велічынь – 280 тысяч рублёў. Другую заснавальніцу, Анастасію Хамянкову, таксама асудзілі завочна на 11 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, а таксама штрафу ў памеры сямі тысяч базавых велічынь – 280 тысяч рублёў.

Дырэктар хабу Яўген Пугач, які знаходзіцца ў зняволенні ў Беларусі, пакараны 4,5 гадамі пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, а таксама штрафам у памеры 500 базавых велічынь (20 тысяч рублёў).

Праваабаронцы паведамляюць, што падчас падрыхтоўкі да прэзідэнцкіх выбараў на людзей ціснуць, каб ставілі подпісы за Аляксандра Лукашэнку. Гэта зафіксавана на Гомельшчыне і Віцебшчыне.

,,

«Ніхто не адмаўляўся, бо былі пагрозы звальнення і абяцанні праблем з міліцыяй», – распавядаюць праваабаронцы «Вясны».


На гэтым тыдні некалькі сем'яў судзяць за ўдзел у акцыях пратэсту. Паводле часткі 1 артыкула 342 КК («Актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак») судзяць Івана і Кацярыну Бывальцавых. Справу разглядае суддзя Надзея Жукоўская. А ў судзе Першамайскага раёна 5 снежня будуць разглядаць крымінальную справу супраць Сяргея і Алены Серкіяравых паводле часткі 1 артыкула 342 КК. Працэс будзе весці суддзя Наталля Дзядкова.


Майстра ААТ «Гроднажылбуд» Дзмітрыя Голуба пакаралі 4 гадамі калоніі за каментары пра сілавікоў і ўдзел у пратэстах.

Мужчыну судзілі паводле трох крымінальных артыкулаў: ч. 1 арт. 130 («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці»), ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі), ч. 1 арт. 342 («Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).

,,

«На абвяшчэнне прысуду ў судовую залу прывялі студэнтаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Янкі Купалы. Пасля студэнтам правялі лекцыю "на тэму экстрэмізму"», – піша «Вясна».


Супольнасць чыгуначнікаў паведаміла, што ў Беларусі затрыманы японец, які нібыта здымаў аб'екты інфраструктуры БЧ на станцыі «Калінкавічы Заходнія». Яго заўважыў машыніст і паведаміў у дыспетчару. Японца затрымалі і перадалі КДБ.

У красавіку ў Беларусі за «агентурную дзейнасць» затрымалі іншага грамадзяніна Японіі – выкладчыка Масатосі Наканісі.

У Оршы праўладнага блогера, 35-гадовага Дзмітрыя Беляшова, судзяць за «пікетаванне» і «прапаганду нацызму».

Мужчына актыўна вядзе сваю TikTok-старонку і мае больш за 5000 падпісантаў. Дзмітрый на сваіх старонках выказваў сімпатыі рэжыму Лукашэнкі і высмейваў прыхільнікаў перамен.

Аднак яго судзяць нібыта за прапаганду, выраб ці дэманстраванне нацысцкай сімволікі і несанкцыянаванае пікетаванне. Праваабаронцы не паведамляюць пра вынік суда, але яму пагражае адміністрацыйнае пакаранне.

3 снежня ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень людзей з інваліднасцю. У Беларусі мінімум 11 чалавек з інваліднасцю застаюцца за кратамі, паведамляе «Вясна».


Арсен Рудэнка belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10