«Белсат» аналізуе вынікі чарговага тыдня поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра становішча на фронце станам на 2 снежня чытайце ў нашым матэрыяле.
Сітуацыя на поўначы
На працягу мінулага тыдня працягваліся баявыя дзеянні амаль па ўсёй лініі сутыкнення на тэрыторыі Суджанскага раёну Курскай вобласці РФ. ад Суджы адпаведна.
Разам з тым праўкраінскія крыніцы пішуць, што агулам фронт на Куршчыне застаецца адносна стабільным, а лакальныя поспехі праціўніка дасягаюцца выключна за кошт істотнай перавагі ў асабовым складзе пры правядзенні лабавых штурмаў.
Невялікія прасоўванні расейцаў фіксуюцца і на поўначы Харкаўскай вобласці Украіны: у цэнтральнай частцы Ваўчанску пад кантроль Узброеных сілаў РФ перайшлі асобныя будынкі, а на ўсходзе ад гораду адзначаецца рух у насленым пункце Ціхае. Для стабілізацыі сітуацыі ўкраінскі бок вымушаны перакідаць рэзервы цераз раку Воўча. Пры гэтым агулам пакуль харкаўскі кірунак выглядае другасным для расейцаў, і лакальная актывізацыя тут бачыцца выключна спробай расцягнуць сілы праціўніка.
Пераход расейцамі ракі Аскіл
Больш складаным бачыцца становішча Збройных сілаў Украіны на купянскім кірунку – паўночны ўсход Харкаўшчыны. Тут цягам тыдня расейцам удалося стварыць два плацдармы на правым беразе ракі Аскіл – каля населеных пунктаў Навамлынск і Масютаўка, што пагражае выхадам з поўначы і поўдня адпаведна да пасёлку Дварычна (Дворічна) з далейшым яго атачэннем. Цяпер ЗСУ намагаюцца стабілізаваць сітуацыю і не дапусціць яе пагаршэння.
Ніжэй па фронце працягваюцца баі на паўночна-ўсходніх ускрайках самога Купянску, аднак інфармацыя з гэтага ўчастку фронту абмежаваная, таму вызначыць дакладную лінію сутыкнення пакуль праблематычна. Адначасова з гэтым войскі РФ намагаюцца прасунуцца да гораду з поўдня, атакуючы каля сёлаў Калеснікоўка і Глушкоўка – ёсць невялікія прасоўванні. Пры гэтым украінцы актыўна контратакуюць і перакідаюць дадатковыя сілы цераз раку Аскіл, што ўказвае на надзею захавання плацдарму на левым беразе ракі.
На суседнім ліманскім кірунку працягваецца барацьба за плацдарм ЗСУ на ўсходзе ад ракі Жарабец. Тут найбольшай увагі патрабуе сітуацыя ў Цернах, дзе баі змясціліся да цэнтральнай часткі населенага пункту. Прарыў фронту на гэтым участку дазволіць расейцам выйсці з тылу да сёлаў Ямпалаўка і Торскае.

Пагаршэнне становішча ўкраінцаў у горадзе Часаў Яр
Актывізаваліся баявыя дзеянні і на краматорскім кірунку, дзе ў папярэднія месяцы назіралася адноснае зацішша. Так, на поўначы ад гораду Часаў Яр расейцы пачалі застасоўваць для атак цяжкую тэхніку, чаго апошнім часам не назіралася, і баі фактычна вяліся сіламі адной пяхто. Між тым пакуль гэтыя намаганні не прыносяць войскам РФ чаканага выніку.
У гэты ж час у самім населеным пункце УС РФ маюць пэўныя поспехі. Так, на ўсходзе ім удалося прабіцца цераз раён Жоўтэвы (Жовтевий) і дасягнуць ўскрайкаў вогнеўпорнага камбінату і гарадскога парку. Таксама існуе верагоднасць таго, што пад кантроль расейцаў цалкам перайшоў і суседні мікрараён Новы. Імаверна, цяпер з прылегла лесу будзе ажыццяўляцца рух да мікрараёну Шаўчэнка, якіх знаходзіцца на поўдні гораду.
Ніжэй па лініі сутыкнення Узброеныя сілы РФ рухаюцца на захад ад лініі населеных пунктаў Клішчыеўка – Курдзюмаўка, што фактычна азначае амаль поўны захоп пазіцыяў, якія ЗСУ занялі летась падчас свайго контрнаступу.
Перспектывы расецаў на пакроўскім кірунку
У цэнтральнай частцы Данбасу цягам тыдня расейцы дасягнулі значных поспехаў на пакроўскім кірунку, прасунуўшыся адразу на некалькіх участках да аднайменнага гораду. У першую чаргу варта звярнуць увагу на рух расейцаў на поўдні ад Пакроўску ўздоўж ракі Салёная, у выніку чаго былі занятыя населеныя пункты Пятроўка, Пустынка і Жоўтае. Цяпер расейцам застаецца прайсці каля 700 метраў да пасёлку Шаўчэнка, што дазволіць перарэзаць трасу Т-0515, па якой ажыццяўляецца сувязь паміж пакроўскім і курахаўскім кірункамі. Украінскія вайскоўцы пішуць, што высокі тэмп прасоўванняў праціўніка на гэтым участку фронту дасягаецца за кошт кратнай перавагі ворага ў асабовым складзе.
Адначасова з гэтым войскі РФ паступова рухаюцца да Пакроўску з паўднёвага ўсходу: прасоўванні фіксуюцца ў сяле Лысоўка і ягоных ваколіцах, што пагражае атачэннем выступу, які ўтварыўся ніжэй па лініі сутыкнення.
Варта адзначыць, што задачы расейцаў на кірунку не абмяжоўваюцца адным толькі дасягненнем Пакроўску з далейшым захопам гораду. Цяпер УС РФ актыўна прасоўваюцца і на захадзе кірунку, што ўказвае на намер выйсці да адміністратыўных межаў Данецкай вобласці і пачаць баі ў Днепрапятроўскай, для чаго неабходна прайсці ўжо менш за 20 кіламетраў.

Крытычнае становішча ЗСУ на паўднёвым усходзе
На курахаўскім кірунку за мінулы тыдзень Узброеныя сілы РФ цалкам выбілі праціўніка з поўначы ад аднайменнага вадасховішча – фронт прасунуўся да сяла Старыя Церны, якое знаходзіцца на захадзе ад воднай перашкоды. Імаверна, што ў выпадку далейшых поспехаў на гэтым участку, расейцы пачнуць рух на поўдзень з мэтай пераразання трасы Данецк – Запарожжа, да якой застаецца каля 2,5 кіламетра. Перакрыццё адзінай дарогі на Курахава фактычна стане канцом для абароны гораду.
У самім населеным пункце ЗСУ былі выбітыя з прыватнага сектару на ўсходзе, пасля чаго баі змясціліся ў цэнтральную частку. Цяпер лінія сутыкнення з большага стабілізавалася, чаму паспрыяла і шматпавярховая забудова. Таксама наперадзе расецаў чакае тэрыторыя прамысловай зоны, штурм якой выглядае даволі праблематычным.
З поўдня ад гораду расейцы паступова ліквідуюць выступ па фронце паміж населенымі пунктамі Трудавое і Дальняе, што ўсё яшчэ пагражае атачэннем для падраздзяленняў ЗСУ.
Акрамя гэтага войскі РФ рухаюцца на паўднёвым захадзе кірунку з ваколіцаў сяла Ясная Паляна ў бок усё той жа трасы Данецк – Запарожжа. Тут ужо чытаюцца планы расейцаў на больш шырокае атачэнне праціўніка па лініі Ясная Паляна – Улаклы – Сонцаўка.
Значныя змены фіксуюцца і на суседнім урэмаўскім кірунку (на мяжы Данецкай і запарожскай вобласцяў), дзе расейцы плануюць атачыць або заняць буйны пасёлак Вялікая Навасёлка. На паўночным флангу цягам тыдня пад іхны кантроль перайшло сяло Раздольнае, пасля чаго яны ажыццявілі рывок да суседняга населенага пункту Новы Камар (знаходзіцца на поўначы ад самой Вялікай Навасёлкі), што істотна пагоршыла становішча ЗСУ на ўсім кірунку.
Адначасова з гэтым войскі РФ прасунуліся да пасёлку з паўднёвага ўсходу, заняўшы выступ каля сяла Ураджайнае. Пры гэтым паралельна існуе верагоднасць далейшага ціску з паўднёвага флангу каля сяла Рыўнопаль, што пагражае абыходам Вялікай Навасёлкі з захаду.
На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.
Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.
Наталля Кулыгіна belsat.eu