навіны

Жузэп Бурэль на развітанне: ЕЗ будзе непахісным у падтрыманні беларускага народу

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Святлана Ціханоўская і Жузэп Бурэль. Фота: tsikhanouskaya.org
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Святлана Ціханоўская і Жузэп Бурэль. Фота: tsikhanouskaya.org
podpis źródła zdjęcia

Вярхоўны прадстаўнік Еўразвязу ў замежных справах Жузэп Бурэль, які пакінуў сваю пасаду 1 снежня 2024 года, на развітанне заклікаў не забываць пра беларусаў.

1 снежня, у дзень, калі кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Жузэп Бурэль афіцыйна пакінуў сваю пасаду, у выданні «Euobserver» з’явіўся артыкул, напісаны ім разам з лідаркай дэмакратычных сілаў Беларусі Святланай Ціханоўскай

Аўтары артыкулу адзначаюць, што Беларусь – гэта еўрапейская краіна, а яе людзі «падзяляюць тыя ж каштоўнасці, што і жыхары Варшавы, Парыжу і Берліну – свабода, годнасць і самавызначэнне». Сёння, падтрымліваючы Украіну, нельга забываць і пра Беларусь. І пытанне пра тое, ці застанецца Беларусь «у пастцы дыктатара, які служыць імперскім амбіцыям Расеі», гэта пытанне не толькі пра будучыню Беларусі, але і пра будучыню самой Еўропы. 

,,

«Дэмакратычная Беларусь будзе мець ключавое значэнне для забеспячэння доўгатэрміновага міру і стабільнасці ва Усходняй Еўропе», – гаворыцца ў матэрыяле. 


Далей у матэрыяле падкрэсліваецца, што з 2020 года Еўразвяз дэманструе непахіснае падтрыманне беларускаму народу. Аўтары звяртаюць увагу на некалькі крокаў, якія неабхода зрабіць для гэтага. 

Узмацненне санкцыяў – ізаляцыя рэжыму Лукашэнкі як суўдзельніка расейскай агрэсіі супраць Украіны, дзеля пазбаўлення яго рэсурсаў і стрымлівання рэпрэсіяў.

Падтрымка грамадзянскай супольнасці і дэмакратычных сілаў – фінансавая, тэхнічная і палітычная дапамога праваабаронцам, незалежным СМІ і актывістам, а таксама падтрыманне нацыянальнай ідэнтычнасці.

Дазвол для мабільнасці простых беларусаў. «Зачыняючы дзверы для рэжыму, мы мусім трымаць іх адчыненымі для народу Беларусі, асабліва для тых, хто ратуецца ад пераследу», – адзначаецца ў артыкуле. 

Вызваленне палітычных зняволеных – актыўнае выкарыстанне ўсіх даступных інструментаў, разам з санкцыямі і дыпламатычнымі намаганнямі, дзеля вызвалення больш як 1300 палітвязняў і спынення рэпрэсіяў.

,,

«Самае галоўнае – мы мусім паказаць беларускаму народу яснае бачанне еўрапейскай будучыні. Беларусы мусяць ведаць, што аднойчы, калі яны будуць гатовыя, дзверы ў Еўразвяз будуць адчыненыя для ўваходу іхнай краіны. ЕЗ будзе заставацца непахісным у сваім падтрыманні беларускага народу і яго імкнення да дэмакратычнай і незалежнай Беларусі як часткі мірнай і аб'яднанай Еўропы», – такімі словамі завяршаецца артыкул. 


Адметна, што рэдактары выдання дадалі да прозвішча Аляксандра Лукашэнкі слова «прэзідэнт», у той час як вядома, што Еўразвяз не прызнае яго прэзідэнтам і лічыць, што вынікі выбараў 2020 года былі сфальшаваныя. 

Нагадаем, што пасаду Вярхоўнага прадстаўніка Еўразвязу ў замежных справах і палітыцы бяспекі Жузэп Бурэль займаў цягам пяці гадоў – з 1 снежня 2019 да 1 снежня 2024 года. 

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10