Паводле дадзеных Кіеўскага міжнароднага інстытута сацыялогіі, у жніўні 32 % украінцаў пагадзіліся са сцверджаннем, што «для хутчэйшага дасягнення міру і захавання незалежнасці Украіна можа адмовіцца ад некаторых сваіх тэрыторый». Гэта істотнае змяненне ў поглядах. Стандартная лічба тых, хто падтрымлівае такі погляд на падзеі, не перавышала 10 % ад пачатку вайны.
Павялічылася і колькасць «цяжка адказаць» – да 10 %. У выніку прыхільнікаў тэзісу «ні лапіку зямлі акупанту» тры месяцы таму было 58 % у параўнанні з 85 % за год да таго. Зніжэнне на 27 %, фактычна на траціну – гэта, вядома ж, вельмі шмат. Аднак можна адсачыць і стабілізацыю ў гэтых пазіцыях. У параўнанні з траўнем 2024-га колькасць згодных на тэрытарыяльныя саступкі Расеі не змянілася.
Разам з тым можна ўбачыць, як сама вайна ва Украіне сыходзіць з сусветнага парадку дня. Яе стала значна менш у навінах (глядач больш не жадае гэта бачыць), пытанне працягу падтрымкі і аб'ёмаў становіцца прадметам палітычных дыскусій і цвёрдасць у дасягненні мэты – ваеннай паразы Расеі – ужо не з'яўляецца выйгрышнай пазіцыяй ва ўнутрыпалітычнай барацьбе краін-донараў.
,,Дык што, можа, Пуцін перамог? Перасядзеў сваіх апанентаў? Колькі яшчэ павінна прайсці часу да моманту, калі і ў самой Украіне колькасць жадаючых ваяваць да выхаду на межы 1991 года стане мінімальнай, і знешняя падтрымка ператворыцца ў кволую крыніцу?
Для таго, каб так ставіць пытанне, трэба зусім не ўяўляць стан грамадскай думкі з нагоды вайны ў самой Расеі.
Апытанні як і «незалежных», так і «ўмоўна незалежных» даследчыкаў паказваюць, што каля 60 % выступаюць за мірныя перамовы прама цяпер. Дадзеныя вагаюцца вакол гэтай адзнакі, і (паводле вынікаў аднаго з тэлефонных апытанняў) сустракаецца і лічба ў 49% гатовых скончыць вайну вывадам расейскіх войскаў з тэрыторыі Украіны (хоць наўрад ці апытаныя мелі на ўвазе і Крым).
Колькасць жорсткіх прыхільнікаў працягу вайны, нягледзячы на абставіны, увесь час звужаецца і ў самой Расеі. Усюды, акрамя ток-шоу цэнтральнага тэлебачання і праўладных Telegrm-каналаў. Але і там прагляды падаюць, і былы «ўладар думак» Салаўёў з пункту гледжання рэйтынгу коціцца кудысьці да другой паловы першай сотні. І калі ўважліва прыгледзецца да вулічных плакатаў на вуліцах расейскіх гарадоў, там больш не заклікаюць «паміраць за Радзіму». Цяпер публічная прапанова ваяваць з Украінай выглядае як запрашэнне на працу ў любую камерцыйную кампанію – пад'ёмныя, памер заробку, дадатковыя бонусы. Усё, ніякага патрыятызму. Шаман з Газманавым неяк разгубілі ранейшы бляск.
,,Гэта стомленасць. Эмацыйнае выгаранне грамадства цалкам. І ва Украіне, і ў Расеі, ды ў іншых краінах, якія ўдзельнічаюць у вайне.
З'ява прадказальная і зусім не новая. Узняць грамадзян што на захоп чужых тэрыторый (пад любой падставай – хоць аднаўлення гістарычнай справядлівасці, хоць выратавання адзінаверцаў), што на абарону Радзімы, узняць так, каб яны здзяйснялі матываваныя высокімі (або нізкімі?) матэрыямі ўчынкі, можна толькі на вельмі кароткі перыяд.
Так, Расейская імперыя ўлезла ў Першую сусветную вайну ў 1914 годзе пад падставай абароны «братушак»-сербаў. І людзі збіраліся на плошчах, радаваліся, падкідалі ў паветра капелюшы, абяцаючы нарэшце «паказаць» гэтым ненавісным немцам. Да канца 1916-га лінія фронту разрэзала ўжо саму Расею, вайна стала вельмі непапулярная, і скончылася праз год разбурэннем краіны, той самай краіны, якая яшчэ за тры гады да таго прывітала ўступленне ў кароткатэрміновую ды, безумоўна, пераможную бітву.
Усё гэта ўжо было. Вывад войскаў з тэрыторыі Украіны (а гэта тое, чаго дамагаюцца Зяленскі і краіны Захаду) нічым не пагражае ніводнаму расейцу – акрамя, вядома ж, Пуціна. Для яго, слабога хлапчука з піцерскага завулку, якога прыціскалі дзецюкі, вайна, якую ніхто не жадае, стала экзістэнцыяльна неабходнай, адзіным спосабам існавання. Але ён адзін (не прымаць жа ўсур'ёз Лукашэнку ці Кім Чэн Ына – не тыя рэсурсы). А вось меркаванні Сі Цзіньпіна наконт прымянення «Орешника» мы пакуль не пачулі. Не думаю, што ў Пекіне ўзрадаваліся перспектыве пабачыць ядравыя грыбы на тэрыторыі Еўропы, якая з'яўляецца другім па важнасці партнёрам Кітая (першы – ЗША).
Пуцін у самоце, але на дадзеныя сацапытанняў не арыентуецца і ў Інтэрнэт не зазірае, а ў тэчках, у якіх яму прыносяць дакументы, пра гэта не напісана.
P. S. Гэтыя ж апытанні фіксуюць, што 10% расейцаў лічаць сябе вінаватымі за гібель людзей ва Украіне, астатнія апытаныя вінавацяць NATO, Зяленскага і г.д. Гэта значыць з любым перамір'ем, і нават з заканчэннем вайны ў цяперашнім стане, нічога не скончыцца. Катарсіс не наступіць. А значыць любы мір будзе часовым, нягледзячы на стомленасць.
belsat.eu / МВ