Панятак «экстрэмісцкія матэрыялы» з’явіўся ў беларускім заканадаўстве яшчэ ў 2008 годзе, але да 2020 года іх было 72 старонкі, тады як цяпер – больш за 6600. Прычым амаль траціна з’явілася там сёлета. Навошта столькі «экстрэмісцкага», калі нават перачытаць гэты пералік немагчыма?
Хроніка «экстрэмізму» ў Беларусі
Адказнасць за экстрэмізм у беларускім заканадаўстве ўвялі ў 2016 годзе, хаця спіс экстрэмісцкіх старонак быў створаны ў Беларусі ў далёкім 2008 годзе. Спіс не закрыты, а само азначэнне экстрэмізму ў законе настолькі шырокае, што туды можа трапіць што заўгодна: і перашкода дзейнасці дзяржаўных органаў, і знявага службовай асобы, і ажыццяўленне тэрарыстычнай дзейнасці.
МУС Беларусі на сваім сайце вядзе асобны ўлік «экстрэмістаў», а Міністэрства інфармацыі – спісы «экстрэмісцкіх матэрыялаў». У спісе «экстрэмістаў» цяпер больш за 4700 прозвішчаў, у спісе «экстрэмісцкіх матэрыялаў» – 6565 пазіцыяў. Траціна «экстрэмісцкіх матэрыялаў» была дададзеная сёлета, казаў першы намеснік міністра інфармацыі Беларусі Андрэй Кунцэвіч. Паводле чыноўніка, гэта сведчанне таго, што «інфармацыйны ціск на краіну не слабне».
Да лета 2020 года ў спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў было 72 назвы, і амаль усе яны датычылі выяваў свастыкі, прапаганды нацызму, расізму і варожасці на глебе рэлігіі. Але пасля 2020 года колькасць «экстрэмісцкіх» старонак пачала расці ў геаметрычнай прагрэсіі: цяпер там пераважна медыі, чаты, паблікі ў сацсетках грамадска-палітычнай тэматыкі, а таксама кнігі. Напрыклад, разам з «Mein Kampf» Адольфа Гітлера ў спіс нядаўна трапілі акаўнты спявачкі Святланы Бень (гурт «Серебряная свадьба») і былой акторкі Купалаўскага тэатру Крысціны Дробыш, старонка маладых хрысціянскіх дэмакратаў, старонка ў «Аднакласніках» «Объявления г. Лунинец», памежны чат «Каменный Лог-Medininkai» і яшчэ шмат самых нечаканых найменняў.
Пра існаванне большасці старонак са спісу людзі даведваюцца толькі пасля прызнання іх «экстрэмісцкімі», бо падпісанымі на іх могуць быць усяго некалькі чалавек. Падаецца, улады самыя ўжо не могуць дакладна палічыць колькасць «экстрэмісцкіх» рэсурсаў, бо некаторыя ўліковыя запісы прызнавалі такімі двойчы. Напрыклад, TikTok-старонцы «MOST» такі статус прысвоілі два суды ў розных рэгіёнах краіны з розніцай у тры месяцы.
Любая крытычная думка – гэта трыгер для «стабільнасці»
Паводле Канстытуцыі Беларусі, закон не мае зваротнай сілы, за выключэннем выпадкаў, калі ён змякчае або адмяняе адказнасць грамадзянаў. Але ў Беларусі ўвесь час караюць людзей, якія ў далёкім 2017 годзе пераслалі камусьці спасылку на рэсурс, прызнаны «экстрэмісцкім» толькі ў 2023 годзе. Пры гэтым зразумець, што можа зрабіцца «экстрэмісцкім», а што – не, вельмі цяжка, як і ўсачыць за штотыднёвым папаўненнем спісу.
Узмацняецца і адказнасць. Калі раней беларусаў судзілі за рэпосты «экстрэмісцкіх» матэрыялаў, то цяпер – нават за падабайкі, удзел у дваровым чаце ці тое, што «экстрэмісцкія» рэсурсы выкарысталі вашае відэа з сацсетак. Напрыклад, у кастрычніку жыхарка Калінкавічаў даслала ў мясцовы чат запіс камеры свайго дому, на якім зафіксаваны нейкі выбух непадалёк, і спытала, што гэта такое. Назаўтра праз ейны плот ужо пераскоквалі сілавікі: жанчыну затрымалі за тое, што запіс з адкрытага чату потым выкарысталі медыі.
Яшчэ прыклад: аўтарцы роліку пра чаргу ў рэгістратуру магілёўскай паліклінікі а пятай гадзіне раніцы пагражаюць крымінальнаю справаю за нібыта дыскрэдытацыю Беларусі. ГУБАЗіК заявіў, што лепш наогул не здымаць відэа, якія ў сваіх мэтах можа выкарыстаць «экстрэмісцкі» рэсурс. А першы намеснік міністра інфармацыі Андрэй Кунцэвіч растлумачыў, што сацыяльныя сеткі ў Беларусі не блакуюць толькі таму, што там могуць працаваць і дзяржаўныя медыі.
Навошта ўладам пашыраць спіс «экстрэмісцкага» настолькі, што разабрацца ў ім не могуць нават яны самыя, не кажучы пра звычайных беларусаў?

«Прызнанне нейкіх матэрыялаў ці рэсурсаў экстрэмісцкімі накіраванае на тое, каб адвадзіць аўдыторыю ад чытальніцкіх матэрыялаў ці ўдзелу ў нейкім чаце (нават непалітычным). Гэта проста стварэнне праблемаў беларускім незалежным медыям, адмежаванне людзей ад непажаданага кантэнту, бо з пункту гледжання беларускай улады было б лепей, каб людзі глядзелі БТ, СТВ і чыталі БелТА. А што яшчэ ад жыцця патрэбна? – пытае палітычны аналітык, каардынатар «Нашай візіі» Вадзім Мажэйка. – Пасля так званых выбараў гэты ціск ніякім чынам не зменшыцца, бо ўлада ўсё так жа будзе жадаць мець інфармацыйную манаполію і дзеля таго далей закручваць гайкі. На жаль, не бачу ніякіх рухаў у бок таго, каб у Беларусі паляпшаліся ўмовы для працы медыяў ці ўвогуле доступу да свабоднай інфармацыі. Усё не вернецца да таго, што было да абвяшчэння даты гэтых фэйкавых выбараў: ніякіх спыненняў тут няма, і сігналаў ніякай лібералізацыі я, на жаль, не бачу».
Намеснік прадстаўніка Аб'яднанага пераходнага кабінету ў справе транзіту ўлады і былы чыноўнік Арцём Брухан кажа, што цяпер любая крытычная думка – гэта трыгер для «стабільнасці» дзейнага рэжыму. Нават калі яна не датычыць палітыкі.
«Як бы рэагавала нармальная ўлада [на відэа з чэргамі ў паліклініцы]? Яна сапраўды паспрабавала б вырашыць пытанне з чэргамі ці нешта яшчэ зрабіць. А цяпер улады разглядаюць гэта як пагрозу іх стабільнасці. Дарэчы, гэта сведчыць пра тое, наколькі моцная гэтая іх стабільнасць, што нават непалітычнае відэа ў TikTok можа выклікаць такую рэакцыю», – мяркуе Арцём Брухан.
Тэса Анэйда belsat.eu