У Беларусі адбыліся масавыя арышты асобаў, якія маглі быць звязаныя з дваровымі чатамі. Ім пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі. Пра гэта апавёў прадстаўнік Генпракуратуры. «Белсат» паспрабаваў разабрацца, што адбываецца.
«Калі ўсё зачысцяць, пачнуць прыдумляць»
Масавыя зачысткі ў Беларусі ідуць з пачатку верасня ў некалькіх кірунках, адзначае сузаснавальнік фонду салідарнасці «BYSOL» Андрэй Стрыжак:
«Ёсць некалькі “мэтавых аўдыторыяў”, і адна з іх – людзі, якія так ці інакш былі задзеяныя ці падазраюцца ў тым, што яны задзеяныя ў так званых дваровых ініцыятывах. Нагадаю, што гэта за феномен. У 2020 годзе шмат людзей аб’ядналіся ў тым ліку ў суседскіх чатах паводле таго, што хацелі пратэставаць супраць скрадзеных на выбарах галасоў. Шмат хто проста даведаўся пра існаванне адно аднаго».
Цяперашняя сітуацыя – гэта чарговы прыклад таго, што сілавікі наважаныя цалкам зачышчаць поле абсалютна ад усіх ініцыятываў, якія могуць быць, мяркуе суразмоўца.
,,«Калі ўсё зачысцяць, то пачнуць прыдумляць сабе нейкія новыя “мэтавыя групы” і па іх працаваць. Працэс, які адбывацца ў Беларусі, самападсілкоўваецца праз тое, што сілавікі зацікаўленыя ў тым, каб гэтыя групы зноў і зноў з’яўляліся, бо гэта вельмі лёгкі спосаб прасоўвання ў службе», – адзначае ён.
Прадстаўнік Генпракуратуры Валерый Шуляк паведаміў толькі, што артыкулы пагражаюць «сур’ёзныя» – да 15 гадоў пазбаўлення волі. Аднак не стаў раскрываць падрабязнасцяў нібыта праз «таямніцу следства». «BYSOL» не ведае дакладна, паводле якіх артыкулаў караюць людзей.
«Можа быць штосьці звязанае з так званаю здрадаю дзяржаве ці нешта такое. Бо які сэнс хаваць 342-і артыкул [“Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх”. – Заўв. рэд.], які ўжо стаўся народным? Думаю, яны хутка анансуюць свае намеры і пакажуць нам нейкую новую карцінку, што, напрыклад, гэтыя дваровыя супольнасці збіраліся Лукашэнку забіць», – працягвае Андрэй Стрыжак.
Такая карцінка цяпер патрэбная ўладам Беларусі для паплечнікаў і прыхільнікаў, бо ў краіне ідзе «спецыяльная выбарчая аперацыя», адзначае ён.
Хто прыдумаў «ячэйкі», якія пакуль спяць

Крыніца «Белсату», знаёмая з сітуацыяй, мяркуе, што масавыя арышты – гэта вынік правакацыі сілавікоў і насамрэч ніхто з затрыманых увогуле не рабіў нічога супрацьзаконнага нават у сённяшнім разуменні законаў уладамі Беларусі. Мэтаў у гэтай правакацыі можа быць дзве, думае наш суразмоўца. Першая – запужаць людзей перад выбарамі, другая – прамацаць настроі сярод тых, хто адзначыўся актывізмам у 2020 годзе, бо сілавікі не ўпэўненыя, што цалкам кантралююць сітуацыю.
Есць падставы меркаваць, што ахвярамі гэтай правакацыі сталіся актывісты пратэстаў 2020 года, якія на іх пачатку былі пакараныя адносна невялікімі тэрмінамі зняволення ці нават адміністратыўна. Яны сапраўды маглі быць звязаныя дваровымі чатамі, дзе пазнаёміліся ў 2020-м, але калі і падтрымлівалі нейкую сувязь за апошнія гады, то яна не мела ўжо палітычнай асновы. Пры гэтым нашая крыніца сцвярджае, што былі спробы з боку некаторых асобаў, якія перасталі выклікаць давер, прапанаваць нейкую «экстрэмісцкую» дзейнасць. На думку нашага суразмоўцы, з такімі прапановамі маглі прыходзіць падасланыя сілавікамі правакатары. Пра выпадкі, каб людзі ў цяперашніх умовах і пры тым узроўні рэпрэсіяў, які склаўся ў Беларусі, пагаджаліся на такія дзеянні, яму невядома.
Яшчэ адна крыніца паведаміла «Белсату», што былыя ўдзельнікі дваровых чатаў перыяду 2020 года, якія ўжо даўно жывуць за мяжою, пачалі апошнім часам атрымліваць просьбы ад розных падазроных асобаў з Беларусі даць кантакты прадстаўнікоў службы «BYSOL», каб тыя дапамаглі ім эвакуявацца з краіны. Такія пытанні выглядаюць дзіўна, бо далёка не ўсе беларусы за мяжою маюць такія кантакты, а па-другое, ёсць магчымасць наўпрост звяртацца ў «BYSOL», тлумачыць наш суразмоўца.

Андрэй Стрыжак адзначыў «Белсату», што службы фонду час ад часу сутыкаюцца са спробамі сілавікоў даведацца больш аб працы арганізацыі.
Крыніца «Белсату» мяркуе, што «ключом» да задумак сілавікоў можа быць прапагандысцкім фільм «Бесы: как хотят захватить Беларусь», у якім сярод іншага паказалі дэпартаванага ў Беларусь былога байца палка Каліноўскага Васіля Верамейчыка.
Там сцвярджалася, што нібыта ва Украіне, Польшчы і Літве рыхтуюцца вайсковыя фармаванні для нападу на Беларусь. У той жа час гэтыя фармаванні, паводле прапаганды, шукаюць па ўсёй Беларусі прыхільнікаў і аб’ядноўваюць іх у «ячэйкі, якія да пары да часу з'яўляюцца спячымі», перакідваюць ім зброю і загадваюць чакаць часу нападу на Беларусь. Нашая крыніца не толькі не мае інфармацыі пра нейкія «ячэйкі», але і вельмі сумняецца ў іх існаванні.
Суразмоўца ў звязку з гэтымі падзеямі згадвае іншую гучную гісторыю: справу нібыта аб захопе ўлады і замаху на Аляксандра Лукашэнку, у выніку якой палітолаг і літаратуразнаўца Аляксандр Фядута і старшыня ліквідаванай у Беларусі Партыі БНФ Рыгор Кастусёў былі пакараныя 10 гадамі пазбаўлення волі, а юрыст Юрый Зянковіч – 13,5.
Тады з групаю нязгодных з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі звязаліся высокапастаўленыя афіцэры, якія нібыта былі гатовыя падтрымаць «пераварот». Паводле «BYPOL», ніякага пакарання разам з Фядутам, Занковічам, Кастусёвым і іншымі гэтыя афіцэры не панеслі. Аднаму з іх, намесніку начальніка Генеральнага штабу Узброеных сілаў, палкоўніку Андрэю Маціевічу нават далі званне генерал-маёра і прызначылі на новую пасаду – першага намесніка начальніка Генеральнага штабу Узброеных сілаў Беларусі. Гэта сведчыць пра тое, што тады адбылася звычайная правакацыя. Падобныя метады тыповыя для сілавікоў. Таму нельга выключаць, што хутка беларусам пакажуць чарговае кіно пра «ячэйкі», якія нібы ўдалося гераічна раскрыць сілавікам, і за выдуманыя злачынствы за краты пойдуць рэальныя людзі, падсумаваў суразмоўца.
Арсен Рудэнка belsat.eu