Затрымлівалі мясцовую жыхарку цэлай камандай Спецыяльнага атраду хуткага рэагавання, пры ўдзеле КДБ. Жанчыну абвінавацілі ў супрацы з «экстрэмісцкімі» рэсурсамі, а таксама ў дэзынфармацыі і распаўсюджванні панікі. Пры тым, што першапачаткова відэа з'явілася ў чаце дарожнай дапамогі «Калінкавічы, Аўта, ДАІ», адкуль яго ўжо потым узялі медыі. Мяркуючы па відэа, затрыманне праходзіла ў тыповым стылі беларускіх сілавікоў – групай САХРу ва ўсёй амуніцыі, размахваннем зброяй, са скокамі праз плот і ўзломам адкрытых замкоў. Кантраляваў усё працаўнік КДБ з паперкай. Праз дзень сілавікі ўжо выставілі затрыманай крымінальны артыкул. Нагадаем, уначы 3 кастрычніка Расея атакавала Украіну як мінімум 105 беспілотнікамі. Адзін з іх чарговы раз заляцеў на тэрыторыю Беларусі. Авіяцыя ў Беларусі пры гэтым не падымалася, адзначае маніторынгавая група «Беларускі Гаюн». Раней Мінабароны Беларусі скардзілася, што гэта ўсё ўкраінскія правакацыі. Тэса Анэйда belsat.eu