навіны

Кныровіч пра нацыяналізацыю «Слаўкалія»: Упэўнены, што Гуцэрыеў не выйграе перамовы з Лукашэнкам

Будаўніцтва Нежынскага горна-ўзбагачальнага камбіната ў Любанскім раёне
Будаўніцтва Нежынскага горнаўзбагачальнага камбіната ў Любанскім раёне. Фота: Мінскпрамбуд
podpis źródła zdjęcia

Бізнесмен Міхаіл Гуцэрыеў заявіў, што кампанія «Слаўкалій», якая займалася будаўніцтвам Нежынскага горнаўзбагачальнага камбіната ў Беларусі, была нацыяналізавана, а грошы, якія ён уклаў у праект, яму не вярнуліся. Разам з былым бізнесменам і вядоўцам праграмы «Атмасфера» на «Белсаце» Аляксандрам Кныровічам мы паспрабавалі паразважаць, хто будзе вяртаць Гуцэрыеву грошы, укладзеныя ў камбінат, і ці адбудзецца гэта ўвогуле. 

«Бывае так. Нічога страшнага»

Перш за ўсё трэба нагадаць, што кампанія «Слаўкалій», якая належала расейскаму алігарху Міхаілу Гуцэрыеву, рэалізоўвала ў Беларусі праект па ўзвядзенні Нежынскага горнаўзбагачальнага камбіната ў Любанскім раёне. Тады было намечана, што фінансаванне будзе часткова забяспечвацца за кошт рэспубліканскага бюджэту, а асноўная частка сродкаў застанецца крэдытнай. Разам з Гуцэрыевым у гэтым праекце браў удзел Дзяржбанк развіцця Кітая, які ўклаў у пабудову 1 мільярд долараў. 

Пазней кітайскі бок спыніў фінансаванне праекту з-за санкцый ЗША супраць калію, у 2021 годзе мільярдэр таксама апынуўся пад санкцыямі Еўразвязу за сяброўства з Аляксандрам Лукашэнкам. А ў 2022 годзе ў Беларусі было створанае прадпрыемства «Недра Нежын», якое стала правапераемнікам «Слаўкалія».

І вось 25 лістапада Міхаіл Гуцэрыеў пацвердзіў нацыяналізацыю «Слаўкалія» ў інтэрв’ю выданню «Forbes Talk». 

Паводле словаў Гуцэрыева, ён уклаў у гэты праект каля 500 мільёнаў долараў, якія пакуль так і не вярнуў. 

«Пасля ўвядзення амерыканскіх санкцый супраць калію і кампаніі «Слаўкалій» мне прыйшлося фактычна спыніць будаўніцтва. Усе фінансавыя сродкі, якія мы інвеставалі (наша частка – паўмільярда долараў), засталіся замарожанымі. Калі мы іх вернем – невядома», – распавёў мільярдэр.

Пасля ўвядзення санкцый у 2021 годзе Гуцэрыеў перадаў кантроль над брытанскай кампаніяй GCM Global Energy, якая была акцыянерам «Слаўкалія», свайму брату Сайту-Саламану.

Міхаіл Гуцэрыеў адзначыў, што на сённяшні дзень увесь праект «пераходзіць да беларускай дзяржавы». Ён таксама сказаў, што пытанне вяртання сродкаў – гэта «пытанне перамоў». 

«Пакуль ніякіх грошай я не атрымаў назад. І ўсё, мае грошы як бы завіслі, іх няма. Бывае такое, нічога страшнага», – адзначыў у інтэрв’ю мільярдэр.

Міхаіл Гуцэрыеў і Аляксандр Лукашэнка закладваюць капсулу на месцы будаўніцтва Нежынскага горнаўзбагачальнага камбіната. Фота: slavkaliy.com
Міхаіл Гуцэрыеў і Аляксандр Лукашэнка закладваюць капсулу на месцы будаўніцтва Нежынскага горнаўзбагачальнага камбіната. Фота: slavkaliy.com

Ці верне Лукашэнка грошы?

Калі б гэта быў звычайны інвестыцыйны праект, лічыць Аляксандр Кныровіч, можна было б казаць дакладна, што новы ўласнік прадпрыемства «Недра Нежын», якое належыць беларускай дзяржаве, павінен выплаціць і кампенсаваць Гуцэрыеву страты, і гэта магло быць і болей за 500 мільёнаў долараў. 

,,

«Але ў дадзеным выпадку мы маем справу з цалкам бандыцкім інвестыцыйным праектам. Я нагадаю, што Міхаіл Гуцэрыеў атрымаў права на недра беларускія без усялякіх аплатаў у бюджэт. Не было ніякага адкрытага тэндару, ніхто не канкураваў з Гуцэрыевым, ён проста атрымаў права і, акрамя таго, магчымасць карыстацца крэдытам з кітайскага боку, які быў цалкам гарантаваны беларускай дзяржавай. То бок гэта такая схема: прыбытак увесь – мне, а страты і адказнасць – гэта ўсё на баку дзяржавы, то бок звычайных беларускіх грамадзянаў», – падкрэсліў Аляксандр Кныровіч. 


Аляксандр Кныровіч лічыць, што Міхаіл Гуцэрыеў не Ілан Маск і не Джэф Бэзас, і для яго 500 мільёнаў долараў – вельмі вялікая сума, то бок не тая, якую можна пакінуць «на потым». 

Па-другое, адзначае суразмоўца, перамовы, хутчэй за ўсё, ідуць. Яны вызначаюць, лічыць Кныровіч, хто першым трапіў пад санкцыі: ці сам Гуцэрыеў, а гэта значыць, што віна цалкам на ім і што гэта ён нанёс пэўную шкоду беларускай дзяржаве, а таму, акрамя гэтага паўмільярда долараў, мусіць аддаць ёй яшчэ нешта, ці першымі былі санкцыі супраць «Беларусбанка», які не змог фінансаваць праект, у выніку чаго прыпыніліся кітайскія крэдыты і трэба было мяняць уласніка на гэтым прадпрыемстве.

«Я ўпэўнены, што гэтыя перамовы ідуць менавіта ў такой плыні. І я ўпэўнены, што ён [Гуцэрыеў] не выйграе гэтыя перамовы, таму што Лукашэнка вельмі не любіць камусьці аддаваць нейкія грошы, ён лічыць, што калі інвестар дайшоў да Беларусі і нешта ўклаў, то гэта ўжо ягоныя [Лукашэнкавы] грошы», – адзначыў Аляксандр Кныровіч. 

     Будаўнічыя работы на камбінаце. Фота: ИООО «Славкалий» / Facebook
Будаўнічыя работы на камбінаце. Фота: ИООО «Славкалий» / Facebook

Што з гэтага беларусам

Для беларусаў жа пераход такога праекту ва ўласнасць дзяржавы – гэта дадатковая нагрузка з пункту гледжання знешніх пазыкаў, таму што Беларусь зараз знаходзіцца ў залежнасці ад Кітая, які мае магчымасць выкручваць якія захоча цэны на калійную прадукцыю. Таксама Беларусь мае манапольную залежнасць ад транзітных шляхоў праз Расею, якая таксама мае магчымасць ставіць любыя кошты на гэты транзіт. 

«Таму зараз гэтыя дадатковыя магутнасці [па здабычы ўгнаенняў] нічога для Беларусі не нясуць, і, магчыма, было б больш эфектыўна прыпыніць гэтае будаўніцтва, неяк яго закансерваваць на пэўны час, калі зменяцца знешнія ўмовы і з’явяцца іншыя буйныя пакупнікі, калі размарозіцца літоўскі транзіт, скончыцца вайна і шмат яшчэ якіх «калі». Таму для бюджэту гэта будуць цалкам страты, і ніякіх прыбыткаў зараз і ў найбліжэйшыя гады не бачу», – падкрэсліў Аляксандр Кныровіч. 

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10