Дэмакратычныя сілы перад другім раўндам стратэгічнага дыялогу «Беларусь – ЗША» выступілі з ініцыятывай на паседжанні супольнай працоўнай групы ў пытаннях механізмаў адказнасці і санкцыяў. У тым ліку «з мэтаю спынення рэпрэсіяў» дэмсілы прапаноўваюць увесці санкцыі на «таварныя пазіцыі, аналагі якіх вырабляюцца палітвязнямі».
Прапановы ўвесці новыя санкцыі ў дачыненні Менску падрыхтавалі Аб’яднаны пераходны кабінет (АПК) і Народнае антыкрызіснае ўпраўленне (НАУ).
Каардынатарам групы з беларускага боку ёсць намеснік старшыні Кабінету, кіраўнік НАУ Павел Латушка. Адзначаецца, што санкцыйныя прапановы падтрымалі аб’яднанне былых сілавікоў «BelPol» ды «іншыя арганізацыі дэмруху». Сярод іншага, дэмакратычныя сілы «з мэтаю спынення рэпрэсіяў» прапаноўваюць увесці санкцыі на «таварныя пазіцыі, аналагі якіх вырабляюцца палітвязнямі».
Акрамя гэтага, прапанавалі «ўзмацніць фінансавыя санкцыі, уключаючы блакаванне доларавых актываў рэжыму, а таксама ўвесці другасныя санкцыі супраць банкаў, у першую чаргу супраць даччыных банкаў расейскіх фінансавых структураў».
Пакет уключае абмежаванні на транзіт падсанкцыйных тавараў праз тэрыторыю Беларусі, гарманізацыю гандлёвых і большасці фінансавых санкцыяў «супраць рэжыму Лукашэнкі і Расеі», наўпроставыя «блакавальныя санкцыі» супраць прадпрыемстваў вайскова-прамысловага комплексу Беларусі.
«З мэтаю захавання незалежнасці Беларусі» дэмакратычныя сілы выступаюць за «шырокія санкцыі» супраць Саюзнай дзяржавы, у прыватнасці ў дачыненні «службовых асобаў і ўстановаў, створаных у рамках гэтага ўтварэння».
Для «спынення гібрыднай агрэсіі рэжыму Лукашэнкі супраць дэмакратычных дзяржаваў» прапаноўваецца ўвесці абмежаванні супраць «прапагандысцкіх рэсурсаў Лукашэнкі».
На думку дэмакратычных сілаў Беларусі, «эканамічнаму аслабленню рэжыму і стварэнню ўмоваў для магчымага расколу элітаў» будуць спрыяць санкцыі супраць «кампаніяў і актываў, якія знаходзяцца за межамі Беларусі і звязаныя з рэжымам Лукашэнкі». У паведамленні гаворыцца, што такі санкцыйны ціск можа прывесці да «транзіту ўлады».
Адзначаецца, што з прадстаўнікамі ЗША раней былі праведзеныя кансультацыі наконт санкцыяў у сувязі з падтрыманнем уладамі Беларусі расейскай агрэсіі супраць Украіны.
Нагадаем, стратэгічны дыялог – гэта пляцоўка для падтрымання сталых стасункаў паміж дэмакратычнымі сіламі Беларусі і ўрадам ЗША. Сесіі плануюцца штогод. Першы раўнд стратэгічнага дыялогу Злучаных Штатаў Амерыкі з беларускім дэмакратычным рухам адбыўся 6–8 снежня 2023 года ў Вашынгтоне.
Другі раўнд стратэгічнага дыялогу паміж ЗША і дэмакратычнымі сіламі Беларусі пройдзе 3–4 снежня сёлета. Вядома, што ў беларускую дэлегацыю пад кіраўніцтвам Святланай Ціханоўскай увойдуць 24 асобы. Гэта прадстаўнікі Аб'яднанага пераходнага кабінету, Каардынацыйнай рады і грамадзянскіх ініцыятываў.
Таксама глядзіце ў сюжэце:
Надзея Вольная belsat.eu