Лідар самаабвешчанай Рэспублікі Абхазія Аслан Бжанія заявіў пра гатовасць пайсці ў адстаўку, калі пратэстоўцы вызваляць комплекс урадавых будынкаў у Сухуме.
Сваю заяву Аслан Бжанія зрабіў падчас сустрэчы з прыхільнікамі ў роднай вёсцы Тамыш. Бжанія таксама пацвердзіў намер балатавацца на новых прэзідэнцкіх выбарах.
Ён падкрэсліў, што застаецца легітымным прэзідэнтам, і адзначыў ціск на дэпутатаў парламенту з мэтаю прымусіць іх прыняць незаконную пастанову аб ягонай адстаўцы. Аднак Бжанія запэўніў, што не трымаецца за ўладу.
,,«Я не хачу, каб у вас склалася ўражанне, што я трымаюся за ўладу. Не, я хачу сказаць наступнае: калі не будзе канстытуцыйных формаў развіцця, калі мы не будзем выконваць Канстытуцыю, нашая дзяржава гэтага не вытрымае. Таму: тыя, хто захапіў (будынак), тыя, хто паспрабаваў учыніць дзяржаўны пераварот, павінны вызваліць комплекс будынкаў, пасля чаго я гатовы прызначыць выбары, гатовы падаць у адстаўку і пайсці на выбары», – прыводзіць словы Аслана Бжаніі выданне «Рэха Каўказа».
Пры гэтым Бжанія сказаў, што кіраваць краінаю будзе віцэ-прэзідэнт, а людзям трэба будзе вызначыцца, каго яны падтрымліваюць.
У той жа час з'явілася інфармацыя, што Бжанія звярнуўся да вайсковага ведамства з патрабаваннем выдаць БТРы для штурму адміністрацыі. Аднак выканаўца абавязкаў міністра абароны Беслан Цвіжба адмовіўся парушаць закон, заявіўшы, што вайсковая тэхніка не можа быць выкарыстаная супраць грамадзянскіх пратэстаў. Прыхільнікі ўлады называюць гэтыя паведамленні спробаю дыскрэдытацыі.
Нягледзячы на тое, што прэзідэнт Аслан Бжанія пагадзіўся пайсці ў адстаўку, калі пратэстоўцы пакінуць будынкі ўрада, тыя адмовіліся гэта рабіць.
Нагадаем, што ў самаабвешчанай Рэспубліцы Абхазія ідуць пратэсты супраць ратыфікацыі інвестыцыйнага пагаднення паміж Сухумам і Масквою. Каля будынку парламенту 15 лістапада адбыліся сутыкненні.
Удзельнікі акцыяў пратэсту, незадаволеныя новым інвестыцыйным пагадненнем з Расеяй, уварваліся ў будынак парламенту і патрабуюць адстаўкі прэзідэнта. Вядома, што падчас пратэсту ўжо пацярпелі 13 чалавек, тром з якіх спатрэбілася шпіталізацыя. Каля будынку абхазскага парламенту чуліся выбухі.
Раман Шавель belsat.eu