У самаабвешчанай Рэспубліцы Абхазія пратэстуюць супраць ратыфікацыі інвестыцыйнага пагаднення паміж Сухумі і Масквой. Ля будынку парламенту 15 лістапада адбыліся сутыкненні.
Пратэстоўцы ля парламенту Абхазіі з дапамогай аўтамабіля знеслі частку плоту і праніклі на тэрыторыю, прылеглую да будынку. Паведамляецца пра бойкі паміж удзельнікамі акцыі і сілавікамі. Пратэстоўцы закідалі іх яйкамі і бутэлькамі. Ім таксама ўдалося спыніць пажарны аўтамабіль, з дапамогай якога планавалася загарадзіць праход, што ўтварыўся пасля зносу часткі агароджы, піша «Эхо Кавказа».
Таксама быў чуваць стрэл. Супраць пратэстоўцаў сілавікі выкарыстоўвалі гранаты са слезацечным газам. Вядома пра двух пацярпелых. Тым не менш пратэстоўцы цалкам атачылі парламент і адміністрацыю прэзідэнта.
Хоць удзельнікі акцыі пратэстуюць супраць пагаднення з Масквой, яны падкрэсліваюць, што не выступаюць супраць РФ і скандуюць «Расея!».
Адзін з лідараў апазіцыі Адгур Ардзынба заявіў, што група дэпутатаў цяпер у спікера і настойвае, каб пытанне пра ратыфікацыю пагаднення наконт інвестыцыяў знялі з парадку дня. Абхазскія ўлады разглядаюць праект як стымул для мясцовай эканомікі, а яго праціўнікі лічаць дамову «наўпроставай здачай інтарэсаў» Абхазіі. Пакуль пытанне не развяжацца, народ нікуды не разыдзецца, заявіў Ардзынба. Ён таксама ўсклаў адказнасць за беспарадкі на кіраўніка рэгіёну Аслана Бжанію.
Між тым сам парламент не зацвердзіў парадку дня, сесія адмяняецца. То бок 15 лістапада праект інвестыцыйнага пагаднення паміж Сухумі і Масквой не будзе разглядацца.
Якуб Хруст belsat.eu