Амбасадар ў асаблівых даручэннях Украіны ў Беларусі Ігар Кізім паведаміў, што ў Беларусі паводле «экстрэмісцкіх» артыкулаў затрыманыя як мінімум 12 грамадзянаў Украіны.
Такую лічбу зняволеных суайчыннікаў Ігар Кізім назваў у каментары «Медыязоне» падчас Форуму Астрожскіх, што 16–17 лістапада праходзіць у Кіеве. З некаторымі з затрыманых ужо сустракаўся ўкраінскі консул.
Паводле словаў Кізіма, беларускія ўлады звычайна не інфармуюць Украіну пра затрыманне яе грамадзянаў.
,,«Яны могуць трапіць у спісы нашай амбасады толькі ў тым выпадку, калі захочуць самі ці сваякі паведамяць. Часам мы бяром інфармацыю ў праваабарончых арганізацыяў», – сказаў Ігар Кізім.
Ігар Кізім таксама адзначыў, што многія ўкраінцы, затрыманыя ў Беларусі, ужо доўгі час жывуць у краіне, маюць там сем’і і часта не звяртаюцца да ўкраінскіх уладаў па дапамогу, каб не нашкодзіць бяспецы сваіх блізкіх.
Раман Шавель belsat.eu