навіны

Аляксей Лявончык: Нас папярэджвалі, што будуць затрыманні

Аляксей Лявончык, сузаснавальнік By_Help Фота: Міра Ляселішская / Белсат
Аляксей Лявончык, сузаснавальнік By_Help Фота: Міра Ляселішская / Белсат
podpis źródła zdjęcia

Апошнія затрыманні, што разгарнуліся ў Беларусі, закранаюць усё больш і больш людзей. З просьбаю пракаментаваць гэтую сітуацыю «Белсат» звярнуўся да сузаснавальніка ініцыятывы BY_help і фонду «BYSOL» Аляксея Лявончыка.

Паўночнакарэйскі таталітарызм


Напярэдадні выбараў, да якіх яшчэ больш за два месяцы, улады распачалі вялікую хвалю затрыманняў, якая датычыць розных групаў насельніцтва. Так, было вядома, што сілавікі з КДБ прыходзілі да сваякоў палітвязняў, а апошні выпадак быў наагул звязаны з затрыманнямі работнікаў «БелАЗу», якія ў адным з працоўных чатаў абмяркоўвалі боты, што пачалі выпускаць на прадпрыемстве.

На думку Аляксея Лявончыка, выяўляецца, што людзі стварылі абсалютна легальную рэч, але ў выніку былі пакараныя за гэта. Суразмоўца адзначыў, што ўвогуле кожны чалавек можа ўбачыць нешта дзіўнае і захацець разам з сябрамі з гэтага пасмяяцца. І ў «нармальнай дэмакратычнай краіне» можна смяяцца з усяго, пакуль гэта застаецца ў межах культуры і свабоды слова і не пераходзіць на пагрозы смерцю – з палітыкаў, з вопраткі і іншага.

,,

«Але ў Беларусі замацоўваецца такі таталітарны майндсэт, калі нельга смяяцца ні з чаго, што робіць дзяржава. Паколькі «БелАЗ» дзяржаўны, то адпаведна ўсяму, што ён вырабляе, трэба пакланяцца. Гэта ўжо трохі паўночнакарэйскі наратыў, бо нашыя сілавікі сочаць за тым, каб людзі і пікнуць не маглі з нейкаю крытыкаю», – кажа Лявончык. 


І гэткая сітуацыя не першая. Бо былі ўжо выпадкі арышту людзей за даволі банальныя рэчы кшталту крытыкі за спазненне аўтобуса. 

Прыход для сваякоў палітвязняў

Часткаю кампаніі запалохвання перад выбарамі Аляксей Лявончык назваў прыход сілавікоў да сваякоў палітвязняў.

,,

«Нас папярэджвалі пра тое, што будзе такая кампанія. Мы чулі, што складзеныя некалькі спісаў на ператрусы і затрыманні. Таму абяцанні, што будуць затрымліваць, гучалі досыць даўно. І зразумела, што перад гэтымі выбарамі рэжыму не патрэбны нават аскепак салідарнасці і вальнадумства. Гэта мусіць быць цалкам зачышчанае поле», – кажа Лявончык. 


Прычына ў тым, што Лукашэнка, мяркуе суразмоўца, яшчэ з 2020 года вельмі баіцца, што з ніадкуль з’явіцца натоўп людзей, які яго папросту знясе.

У сувязі з апошнімі затрыманнямі, адзначыў Аляксей Лявончык, у фонду «BYSOL» з’явілася сапраўды даволі шмат заявак на эвакуацыю. Ён спрагназаваў, што блізкім часам іх можа быць яшчэ больш. Але пры гэтым каманда арганізацыі робіць усё магчымае, каб дапамагчы ўсім, хто мае ў гэтым патрэбу.

У арганізацыі BY_help была прынятая пастанова аб пашырэнні сеткі шэлтараў за мяжою, каб даць рады з дапамогаю ўсім уцекачам, асабліва ва ўмовах павелічэння іх колькасці.

Так, на дадзены момант існуюць ужо 8–9 шэлтараў і дадаткова плануецца адкрыць яшчэ тры – у Польшчы, Літве, Грузіі. Таксама разглядаецца магчымасць адкрыцця шэлтараў і ў іншых краінах, дзе ёсць вялікая беларуская дыяспара, але ў тым выпадку, калі на гэта будзе попыт.

Таксама глядзіце ў сюжэце:

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10