Чыноўнікі ў Берасцейскай вобласці занепакоеныя пазыкамі прадпрыемстваў, эфектам санкцыяў і недахопам кадраў. Нават у сельскай гаспадарцы праблемы. Гэта вынікае з дакументу са справаздачай пра эканамічны стан вобласці за першыя шэсць месяцаў 2024 года, які «Белсату» перадаў «BELPOL». Расказваем пра галоўнае са справаздачы.
Трохі добрага
Дакумент за подпісам першага намесніка старшыні Берасцейскага аблвыканкаму Дзмітрыя Гарадзецкага датаваны 25 ліпеня 2024 года. Са справаздачы вынікае, што чыноўнікі выдатна разумеюць праблемы ў эканоміцы вобласці, у тым ліку неэфектыўнасць прадпрыемстваў, негатыўны эфект санкцыяў і праблемы з імпартазамяшчэннем.
Аднак невялікая частка дакументу прысвечаная і добраму. За першыя шэсць месяцаў 2024 года ўдалося выканаць тры мэтавыя паказнікі. Гэта рост эканомікі вобласці і намінальнага налічанага заробку (без уліку інфляцыі), а таксама дастатковае папаўненне бюджэту.
Паводле ацэнкі чыноўнікаў, поспеху ўдалося дамагчыся ў тых галінах, якія зрабілі найбольшы ўнёсак у рост эканомікі вобласці. Гэта прамысловасць за кошт росту аб'ёмаў вытворчасці, сельская гаспадарка, раздробнае тавараабарачэнне і будаўніча-мантажныя работы.
А вось у паслугах водазабеспячэння, збору, апрацоўвання і выдалення адкідаў, дзейнасці для ліквідацыі забруджванняў, у сферах інфармацыі і сувязі, аховы здароўя і адукацыі дастатковага прыросту не было.
Правал імпартазамяшчэння і недахоп кадраў
У справаздачы праца для імпартазамяшчэння ў Берасці, Бярозаўскім, Пінскім і Пружанскім раёнах прызнаецца недастатковай. Там жа заклікаюць прыняць дадатковыя захады для павелічэння экспарту тавараў.
Акрамя таго, да 1 верасня сёлета ставілася задача правесці «ацэнку патэнцыйных стратаў ад дадаткова ўведзеных у 2024 годзе абмежаванняў недружалюбных краінаў і на яе аснове распрацаваць стратэгіі дыверсіфікацыі экспарту і закупак тавараў крытычнага імпарту».
Яшчэ адна праблема, у якой прызнаюцца чыноўнікі, – недахоп кадраў. На некаторых прадпрыемствах камітэт працы, занятасці і сацыяльнай абароны Берасцейскага аблвыканкаму павінен праводзіць штомесячны маніторынг. Гэты ж камітэт да 16 жніўня павінен быў стварыць міжведамасную працоўную групу для вывучэння сітуацыі з забяспечанасцю кадрамі ў рэгіёнах. А прадпрыемствы павінны «выключыць у 2024 годзе выпадкі вымушанай няпоўнай занятасці і прастояў на прадпрыемствах з віны наймальніка».

«Амкадор» завінаваціўся 15 млн рублёў
Згодна з дакументам, улады планавалі, што прадпрыемствы, падпарадкаваныя мясцовым уладам, знізяць выдаткі на вытворчасць і рэалізацыю прадукцыі. Не выйшла. Да справаздачы таксама прымацаваны графік скарачэння стратных арганізацыяў у Берасцейскай вобласці. Згодна з ім, такіх прадпрыемстваў улетку было мінімум 92. Прынамсі столькі іх павінна быць 1 кастрычніка 2024 года, а на 1 студзеня чыноўнікі хацелі б, каб засталося толькі 53.
Улады незадаволеныя, што ў прадпрыемстваў шмат пазык. Прычым у некаторых раёнах занадта высокі ўзровень пазык, якія павінны вярнуць кампаніям. Такая праблема ў Бярозаўскім, Ганцавіцкім, Маларыцкім, Пінскім і Столінскім раёнах, а таксама ў Баранавічах і Берасці. Ёсць і адваротная праблема, калі занадта шмат вінныя самі прадпрыемствы – у Баранавіцкім, Ганцавіцкім і Столінскім раёнах ды ў Берасці.
У дакуменце прапаноўваецца нагадаць міністру прамысловасці, што «Амкадор» павінен вярнуць запазычанасць за крэдыты на агульную суму 15 млн рублёў. Грошы атрымлівала ЗАТ «Амкадор-Пінск» пад гарантыю аблвыканкаму.
Ні жытла для тых, хто мае патрэбу, ні інавацыяў
Не выкананы і паказнік уводу ў эксплуатацыю дамоў для людзей, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў.
З развіццём рэгіёнаў у цэлым таксама сумна. Даручэнне Аляксандра Лукашэнкі наконт забеспячэння паскоранага развіцця рэгіёнаў з колькасцю насельніцтва ад 80 тысяч чалавек не было выкананае ў Баранавічах і Пінску. Адказных з гарвыканкамаў гэтых гарадоў у справаздачы пагражаюць «прыцягнуць да дысцыплінарнай адказнасці».
Ёсць і скарга на адсутнасць інавацыйна актыўных арганізацыяў у апрацоўчай прамысловасці ў Баранавічах і Берасці. А кіраўнікам Жабінкаўскага і Пружанскага райвыканкамаў, старшыні Берасцейскага гарвыканкаму і кіраўніку адміністрацыі свабоднай эканамічнай зоны «Берасце» паказваюць, што яны мала робяць для дасягнення дастатковага ўзроўню інавацыйна актыўных прадпрыемстваў. У шэрагу гарадоў вобласці назіраецца зніжэнне ўдзельнай вагі інавацыйнай прадукцыі.
Хаця сельская гаспадарка цягнула эканоміку Берасцейскай вобласці ўверх, у справаздачы гаворыцца, што графік павелічэння пагалоўя быдла не выконваецца. За зніжэнне прыплоду цялятаў і смерць кароў заўвагу атрымалі старшыні Драгічынскага, Кобрынскага і Пружанскага райвыканкамаў.
Арсен Рудэнка belsat.eu