Аналітыка

Беларусы заўважылі рост цэн, але настроены аптымістычна

гандаль
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Беларуская эканоміка будзе расці павольней, а цэны – хутчэй, кажуць эксперты, але беларусы настроены аптымістычна і часцей чакаюць паляпшэння. Верагодна, праз рост уласных даходаў. Пра гэта эксперты BEROC распавялі на прэзентацыі маніторынгу эканомікі Беларусі ў трэцім квартале.

Эканоміку чакае астуджэнне


У трэцім квартале 2024 года, як і папярэднія пяць-шэсць кварталаў, галоўным драйверам росту эканомікі быў унутраны попыт, то бок спажыванне хатніх гаспадарак, адзначае старшы навуковы супрацоўнік BEROC Дзмітрый Крук.


«У той час як чысты экспарт, няхай не крытычным чынам, але патроху становіцца ўсё больш відавочна донарам са знакам мінус. Важнае абнаўленне трэцяга квартала – запаволіўся рост інвестыцый у асноўны капітал. Яны па-ранейшаму растуць, але вельмі сціплымі тэмпамі. Думаю, гэта важныя абставіны з пункту гледжання планаў на 2025 год – зрабіць стаўку [уладам. – Заўв. рэд] менавіта на інвестыцыі ў асноўны капітал як на галоўны драйвер росту. Гэта значыць па вялікім рахунку замяніць існуючы матор у выглядзе спажывання хатніх гаспадарак», – кажа эканаміст.


Пры гэтым са знешнім попытам, падобна, былі праблемы ў трэцім квартале, а дакладней з фізічнымі аб'ёмамі экспарту. Дакладна сказаць немагчыма, паколькі ўлады схавалі дадзеныя па знешнім гандлі. Гэтую выснову эксперт робіць з аналізу абрывачных звестак, якія яшчэ дасяжныя.

На графіку паказаны рост ВУП, унутраны попыт і вонкавы попыт. Графік: BEROC
На графіку паказаны рост ВУП, унутраны попыт і вонкавы попыт. Графік: BEROC

«Гэта ў чарговы раз паказвае на сістэмную перманентную праблему, што вонкавы попыт вельмі не ўстойлівы», – кажа Крук.


Цягнуць эканоміку ўніз таксама зніжэнне ўкладу ў ВУП сельскай гаспадаркі і гандлю, якія раслі ў папярэднім квартале за кошт унутранага попыту.


«Уступленне ў фазу запаволення росту бачыцца цалкам чаканым і заканамерным. Мы яшчэ ў чацвёртым квартале 2023 года адзначалі, што ўсе прыкметы пераходу да запаволення росту відавочныя, але ў першае паўгоддзе эканамічная дынаміка ў Расеі і напампоўка ўнутранага попыту перавярнулі сітуацыю. Цяпер мы зноў вяртаемся да больш натуральнага трэнду, што перагрэтая эканоміка пачынае запавольвацца», – кажа Дзмітрый Крук.


Аднак улады могуць паспрабаваць прастымуляваць рост эканомікі, напрыклад, за кошт дырэктыўнага кіравання імпартам. І на нядоўгі перыяд гэта можа спрацаваць, лічыць эксперт.


Інфляцыя вырасце да 6 % – 8 %


Беларускія грошы. Фота: Белсат
Беларускія грошы. Фота: Белсат

Навуковы супрацоўнік BEROC Анатоль Харытончык лічыць, што ў 2025 годзе беларусы ўбачаць не толькі запаволенне беларускай эканомікі, але і рост інфляцыі. Ён адзначае, што ў трэцім квартале працягнула пагаршацца сітуацыя з недахопам работнікаў. У выніку эканамічныя ўмовы фармавалі падставы для павышэння выдаткаў кампаній і падтрымання высокага інфляцыйнага ціску. Аднак інфляцыя ў трэцім квартале не толькі не вырасла, але і запаволілася праз рэгуляванне коштаў уладамі.


«Пры гэтым улады рэагавалі на рэкордны з 2014 года перагрэў эканомікі не цалкам канвенцыянальнымі спосабамі. Бюджэтная палітыка заставалася стымулюючай, манетарныя ўмовы выйшлі да нейтральных, але не сталі абмежавальнымі. Базавы сцэнар прадугледжвае захаванне, але паступовае памяншэнне бюджэтнага стымулу ў будучым годзе і забеспячэнне Нацбанкам падтрымання працэнтных ставак паблізу раўнаважкага значэння за кошт ускосных інструментаў.


У выніку эканоміка будзе працягваць функцыянаваць у стане залішняга попыту, але паступова, пры адсутнасці моцных шокаў будзе астываць. Інфляцыйны ціск чакаецца падвышаным, і прырост коштаў можа паскорыцца прыкладна з 5,5–6% па выніках бягучага года да 6–8% у будучым годзе», – кажа Анатоль Харытончык.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пешаходы спускаюцца ў метро каля Цэнтральнага чыгуначнага вакзалу ў Менску, Беларусь. 4 ліпеня 2017 года. Фота: Dan Kitwood / Getty Images

Дзе беларусам шукаць заробкі «па пяцьсот»? Такія даюць у 10 % вакансіяў

Аналітыка

Паводле ацэнак BEROC, згодна з базавым сцэнаром (калі не будзе нечаканых падзей), рост ВУП знізіцца да 1,5 % – 2,5 % (за студзень – верасень ВУП Беларусі вырас на 4,5 % да адпаведнага перыяду 2023 года). Рост эканомікі будзе абмяжоўваць чаканае зніжэнне попыту на беларускую прадукцыю ў Расеі, дзе змагаюцца з перагрэвам эканомікі і інфляцыяй. Таксама абмежаванне рэсурсаў на рынку працы і магутнасцяў затармозяць эканоміку. Нагадаем, што улады запланавалі рост у 4,1 %.


Акрамя таго, чакаецца дэфіцыт знешняга гандлю ў памеры 0 – 2 % ВУП, што будзе ціснуць на курс беларускага рубля. Да кошыка валют, гэта значыць да долара, расейскага рубля і юаня разам, ён можа знізіцца на 4 – 6 %.


Беларусы сталі больш аптымістычнымі


У апытанні дарослага гарадскога насельніцтва ў лістападзе 2024 года, якое зрабіў BEROC, 26,2 % рэспандэнтаў паведамілі аб зніжэнні даходаў, што практычна не адрозніваецца ад вынікаў апытання ў другім квартале. Аднак у гэтай хвалі трохі змяніліся прычыны скарачэння даходаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускія грошы. Фота: Белсат

Беларусы адчулі інфляцыю ў 10 % за год

навіны

«У гэтай хвалі значна больш рэспандэнтаў паведамлялі аб тым, што іх даход скараціўся з-за ўзрослых коштаў. Акрамя таго, такая прычына, як змяненне курсу рубля да замежнай валюты вярнулася на другое па значнасці месца, зрушыўшы з гэтага месца памяншэнне колькасці заказаў і кліентаў», – кажа навуковая супрацоўніца BEROC Віялета Панасевіч.


Часцей іншых аб зніжэнні даходаў кажуць жыхары маленькіх гарадоў Віцебскай вобласці, прадпрымальнікі, людзі з нізкімі даходамі і чытачы незалежных медыя.


З 26,2 % апытаных, якія адзначылі зніжэнне даходаў, 45 % эканомяць на вольным часе, а 40 % – на ежы. 28 % пратэрмінавалі плацяжы, а 27 % распавялі, што не адкладаюць сродкі альбо вымушаныя забіраць са сваіх зберажэнняў.


Як і ў папярэднія хвалі апытанняў, беларусы лічаць эканамічную сітуацыю ў краіне горшай, чым сітуацыю сваёй сям'і. 21% апытаных заявілі, што эканоміка Беларусі ў «хутчэй дрэнным» становішчы, а 15 % так сама ацанілі сітуацыю ў сваёй сям'і. І гэта адны з самых нізкіх паказчыкаў з 2021 года.

Адсотак апытаных, якія дрэнна ацэньваюць становішча эканомікі і сваёй сям’і. Графік: BEROC
Адсотак апытаных, якія дрэнна ацэньваюць становішча эканомікі і сваёй сям’і. Графік: BEROC

Каля 55 % апытаных кажуць, што эканамічная сітуацыя ў краіне альбо палепшылася, альбо не змянілася за апошні год. Прыкладна такая ж доля апытаных пазітыўна ацэньвае будучыню. Паляпшэння эканамічнай сітуацыі чакаюць 27 %, а таго, што яна застанецца нязменнай – 24 %.


«Аднак доля тых, каму складана адказаць на пытанне пра будучыню эканомікі краіны, як звычайна вялікая – 29 % кажуць пра тое, што не могуць прагназаваць», – адзначае Віялета Панасевіч.


У той жа час доля тых, хто чакае пагаршэння сітуацыі ў эканоміцы краіны, скарацілася. Пра гэта кажуць 20 % рэспандэнтаў супраць 27% у ліпені 2024 года. Верагодна, гэта звязана з ростам рэальных заробкаў.


Арсен Рудэнка belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10