навіны

Доўга чакаеце ВНЖ у Польшчы? Расказваем, як паскорыць выдачу пастановы

3 - Удзельнікі маршу з нагоды чацвёртай гадавіны фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Варшава, Польшча. 9 жніўня 2024 года. Фота: Белсат
3 - Удзельнікі маршу з нагоды чацвёртай гадавіны фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Варшава, Польшча. 9 жніўня 2024 года. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Згодна з заканадаўствам, заявы аб наданні ВНЖ у Польшчы павінны разглядацца не больш за 60 дзён, а на практыцы тэрміны зацягваюцца і да сямі гадоў. Але гэта не нагода змірыцца і сядзець гадамі ў чаканні сваёй карты побыту. «Белсат» распавядае, чаму ўсё так павольна і як законна прыспешыць польскіх чыноўнікаў.

Чаму тэорыя і практыка так моцна адрозніваюцца?


У арт. 112А польскага Закону аб замежніках ёсць канкрэтны тэрмін разгляду справаў аб ВНЖ – 60 дзён з моманту падачы заявы і ўсіх неабходных дакументаў.


У рэдкіх выпадках гэты тэрмін могуць падоўжыць, але на гэта павінны быць абгрунтаваныя прычыны (напрыклад, спатрэбілася высвятленне некаторых абставінаў) і аб прадаўжэнні тэрміну вам абавязаныя пісьмова паведаміць.

На практыцы ж гісторыя зусім іншая. Тэрмін 60 дзён расцягваецца на гады (асабліва, у Вроцлаве). Праблему прызнаюць і польскія ўлады: правяранне ваяводскіх управаў у 2021–2023 гадах паказала, што 60 % справаў замежнікаў разглядаліся з парушэннем правілаў. Самыя частыя парушэнні – якраз зацягванне тэрмінаў і бяздзейнасць.


Глабальная прычына такой марудлівасці – пастаянны рост загружанасці работнікаў управаў у справах замежнікаў у спалучэнні з невысокімі заробкамі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі гуляюць па Замкавай плошчы ў Варшаве, Польшча. Фота: Таццяна Верамеева / Белсат
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі гуляюць па Замкавай плошчы ў Варшаве, Польшча. Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Яшчэ больш пагоршыў сітуацыю беларусаў прыняты ў Польшчы ў 2022 годзе Закон аб дапамозе грамадзянам Украіны. У арт. 100d гэта закону гаворыцца, што норма аб разглядзе справаў аб ВНЖ цягам 60 дзён адмяняецца (на дадзены момант – да 30 верасня 2025 года). Гэта значыць, тэрміну 60 дзён можна не прытрымлівацца цалкам законна.


Закон тычыцца толькі грамадзянаў Украіны, але шмат якія польскія юрысты і нават суды, не кажучы пра работнікаў мясцовых установаў, лічаць, што яго можна распаўсюдзіць на ўсіх замежнікаў у Польшчы. Але не ў частцы надання дапамогі, як украінцам, а толькі ў частцы замарожвання тэрмінаў разгляду заяваў.


Даходзіла нават да судоў, але гэта мала дапамагло ў пошуку праўды: высновы пра тое, ці тычыцца гэта ўсіх замежнікаў або толькі ўкраінцаў, выйшлі супрацьлеглыя.


Так, Вышэйшы адміністрацыйны суд Польшчы пастанавіў, што замарожванне разгляду тычыцца ўсіх іншаземцаў у Польшчы. А вось Ваяводскія суды ў Лодзі і Вроцлаве пастанавілі, што арт. 100d Закону аб дапамозе грамадзянам Украіны датычыцца толькі ўкраінцаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Упраўленне па справах замежнікаў на вуліцы Табарава 33. Варшава, Польшча. 14 верасня 2023 года. Фота: Wojciech Olkusnik / East News (edited)
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Упраўленне па справах замежнікаў на вуліцы Табарава 33. Варшава, Польшча. 14 верасня 2023 года. Фота: Wojciech Olkusnik / East News (edited)

Што рабіць, калі прайшло нашмат больш за 60 дзён, а пастановы ўсё яшчэ няма?


Незалежна ад таго, як вашая ўстанова трактуе артыкул пра адмену тэрмінаў для разгляду справаў аб выдачы ВНЖ цягам 60 дзён, вы маеце права спрабаваць прыспешыць разгляд ці падаць скаргу працаўніку ўправы. Для пачатку можам параіць пісаць ці тэлефанаваць вашаму інспектару з пытаннямі, а таксама нагадаць пра пастанову суда ў Вроцлаве.


Калі гэта не спрацавала, можна перайсці да цяжкай артылерыі. Паводле закону, калі вашая заява разглядаецца занадта доўга без законных на тое падставаў, вы маеце права падаць патрабаванне разгледзець справу («ponaglenie») ці скаргу на бяздзейнасць («skarga na bezczynność»). Першае падаецца, калі вашая справа не рухаецца з месца, але 60 дзён яшчэ не прайшлі. Скарга – калі 60 дзён прайшлі, а інспектар не адказвае нават на «ponaglenie» ці адказвае, але нічога потым не мяняецца. Падаваць іх трэба або ў вышэйшы орган, або ў той жа, калі вышэйшага няма. Не рэагаваць на іх установа не мае права.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускія пашпарты. Фота: Белсат
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускія пашпарты. Фота: Белсат

Патрабаванне разгледзець справу або скарга складаюцца ў свабоднай форме і павінны змяшчаць вашыя звесткі, кантакты для сувязі, дату і подпіс. У лісце вы павінны максімальна канкрэтна апісаць сваю сітуацыю (калі падалі ўсе дакументы, што адказваў ваш інспектар і гэтак далей), а напрыканцы запатрабаваць прыняць рашэнне.


Затым цягам сямі працоўных дзён установа павінна адказаць вам пісьмова: або сказаць, што нічога не павінна, і спаслацца на Закон аб дапамозе грамадзянам Украіны, або пацвердзіць бяздзейнасць ці зацягванне тэрмінаў і абавязаць вынесці пастанову аб ВНЖ у пэўны тэрмін.


Калі «ponaglenie» або скарга засталіся без разгляду, вы можаце звярнуцца ў суд з патрабаванне не толькі разгледзець вашую справу, але і выплаціць грашовую кампенсацыю. Яе памер не можа перавышаць пяці сярэднямесячных заробкаў у Польшчы за папярэдні год.


Як гэта працуе на практыцы?


Далёка не ўсе працаўнікі ўправаў адказваюць на скаргі пісьмова, але практычна заўсёды справы замежнікаў нарэшце пачынаюць рухацца. Пра гэта на ўмовах ананімнасці распавяла «Белсату» юрыстка ІТ-кампаніі, якая займаецца легалізацыяй работнікаў у Польшчы.


«Мы шмат разоў пісалі «ponaglenie» для работнікаў па ўсёй Польшчы. Хоць на іх цяпер перасталі адказваць, але справы маментальна пачынаюць варушыцца, нават калі да гэтага год ляжалі мёртвым грузам. Напачатку абавязкова ўказваем, што Закон аб дапамозе грамадзянам Украіны тут прымяняцца не можа, бо ў ім самім пазначана, што ён распаўсюджваецца толькі на грамадзянаў Украіны. Ніякіх пярэчанняў на гэты аргумент ад працаўнікоў «ужондаў» я не сустракала. Толькі аднойчы працаўніца «ўжонду» ў адказ на «ponaglenie» вырашыла патрабаваць усе дакументы па другім коле, у надзеі абнуліць тэрмін, але атрымала адказ, што ў яе павінны быць усе гэтыя паперкі».

Беларускі пашпарт і карта побыту. Фота: Белсат
Беларускі пашпарт і карта побыту. Фота: Белсат

Са словаў суразмоўцы, тэрмін разгляду заявы залежыць ад вашага інспектара: некаторыя ўмудраюцца разглядаць усе справы своечасова. Але гэта вялікая рэдкасць, у большасці выпадкаў тэрмін разгляду куды большы за 60 дзён.


«У кожным ваяводстве ёсць свой прыкладны тэрмін разгляду дакументаў аб ВНЖ. У Варшаве ў сярэднім справы разглядаюць чатыры месяцы, карту побыту выдаюць цягам яшчэ чатырох месяцаў. Разам – восем месяцаў на атрыманне ВНЖ. Кракаў амаль укладваецца ў тэрмін: увесь працэс займае каля пяці месяцаў, з дзецьмі яшчэ хутчэй. Познань за апошні год моцна сапсавалася: раней было каля трох-чатырох месяцаў, цяпер – каля года. Да таго ж, тут нядаўна ўвялі двухэтапную сістэму падачы на ВНЖ: спачатку праз канцылярыю, а потым ужо асабіста. Так што будзе яшчэ горш. Тэрмін у Лодзі складае каля дзевяці месяцаў, там таксама двухпавярховая сістэма падачы. Гданьск у сярэднім разглядае справы год, хаця ёсць кейсы і па паўтары-два гады. А вось у Вроцлаве ўсё стабільна дрэнна: тут справы разглядаюць больш за год».


Тэса Анэйда belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10