Украінскім хакерам удалося ўзламаць і зліць у сеціва базу звестак дзяржаўнага парталу, прызначанага для працы з рахункамі-фактурамі.
Гаворка пра vat.gov.by, паведамляе тэлеграм-канал «Утечка информации».
Адказнымі за выцек называеюцца хакеры з «DumpForums», яны далі доступ для аналізу некалькі SQL-дампаў, у якіх утрымліваюцца такія звесткі, як прозвішча, імя, імя па бацьку, назва арганізацыі, пасада, гэшаваныя паролі, адрасы электроннай пошты і тэлефоны.
Агулам сталі даступныя каля 125 тысячаў унікальных адрасоў электроннай пошты і каля 10 тысячаў унікальных нумароў тэлефонаў.
Звесткі зліву датуюцца 26 кастрычніка.
Абноўлена. На старонцы хакерскай групоўкі гаворыцца, што яны не забылі пра тых, «хто падтрымлівае Расейскую Федэрацыю ў яе несправядлівай і разбуральнай вайне супраць Украіны».
Хакеры адзначылі што ім удалося знішчыць ўэб-сайты, нутраныя дакументы і файлы дакументаабароту, без якіх праца ведамстваў, хоць і часова, будзе паралізаваная, бо партал vat.gov.by ёсць афіцыйным рэсурсам Міністэрства падаткаў і збораў РБ. Агулам, адзначаюць хакеры, былі сцёртыя каля 300 нутраных віртуальных машынаў.
Таксама ўдзельнікі групоўкі падкрэслілі, што ў іх узламаныя шматлікія буйныя і сярэднія кампаніі, а таксама дзяржаўныя органы ў Беларусі.
«Гэтая акцыя – усяго нагадванне: кожны, хто падтрымлівае агрэсію супраць Украіны, мае разумець, што ён не здолее застацца беспакараным», – пішуць хакеры ў сябе ў тэлеграм-канале.
Нагадаем, што ў канцы кастрычніка ў сеціва выцеклі персанальныя звесткі кліентаў «Белдзяржстраху», што афармлялі страхоўкі ў 2022 годзе.
Раман Шавель belsat.eu