Якія галоўныя пагрозы для дэмакратыі ў свеце? Якімі будуць стасункі беларускіх дэмакратычных сілаў з новай адміністрацыяй ЗША? Ці скончыцца неўзабаве вайна ва Украіне і на якіх умовах? Пра гэта і іншае ў інтэрв’ю «Белсату» расказала абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская падчас Сусветнага форуму дэмакратыі ў Страсбуры.
– Якія, на ваш погляд, сёння існуюць пагрозы для дэмакратыі ва ўсім свеце?
– Беларусь – яскравы прыклад таго, як дыктатары пагражаюць дэмакратыі. Як дыктатары аб’ядноўваюцца, як дыктатары прамываюць мазгі. Яны спрабуюць запэўніць людзей, якія жывуць у дэмакратычных краінах, што ёсць простыя адказы на складаныя пытанні. Прапануюць ім не адстойваць дэмакратыі ў іншых краінах – жывіце сваім жыццём… Гэта такія вельмі небяспечныя наратывы, бо дэмакратыю мусяць абараняць не толькі краіны, дзе гэтай дэмакратыі няма, але і ўсе астатнія. Бо калі згубіць дэмакратыю ў адной краіне – дыктатура можа пагрукацца ў ваш дом.
– Спадарыня Святлана, амерыканцы зрабілі свой выбар. 47-м прэзідэнтам ЗША стане рэспубліканец Доналд Трамп. Вы казалі, што з ягонай камандай, з Рэспубліканскай партыяй вы маеце пэўныя кантакты. Распавядзіце, калі ласка, што гэта за людзі і які ў іх погляд на тую сітуацыю, якая цяпер адбываецца ў Беларусі. Ці абмяркоўвалі вы з імі працяг стратэгічнага дыялогу?
– Амерыканскія выбары – гэта той яскравы прыклад дэмакратыі і выбараў, які мы хацелі б бачыць у Беларусі. Да апошняга моманту было не зразумела, хто стане прэзідэнтам. Гэта добры прыклад для беларусаў таго, чаго мы хочам дасягнуць.
Мы цягам гэтых гадоў, пасля 2020 года, што працавалі з Амерыкай, знайшлі падтрыманне з боку абедзвюх партыяў у Кангрэсе і Сенаце. Вядома, мы разумелі, што ўлада можа змяніцца, бо гэта дэмакратыя. Можа, гэтыя кантакты з рэспубліканцамі не былі настолькі глыбокімі, але цяпер яны вельмі важныя, бо прыходзіць новая адміністрацыя. І мы гэтыя кантакты будзем узмацняць. У ЗША не ўсё залежыць ад аднаго чалавека, ад прэзідэнта. Ёсць парламент, які можа вырашаць шмат якія пытанні, і мы маем двухбаковае падтрыманне ў Кангрэсе і ў Сенаце. І таму мы можам паўплываць на некаторыя пастановы.
І створаны стратэгічны дыялог, вядома, цяпер не кане ў Лету, ён будзе працягваць сваю працу, і мы можам спрабаваць нават узмацніць яго. Вядома, мы ўсе чулі наратывы, якія выказваў Доналд Трамп, што ён скончыць вайну ва Украіне за два дні. Агулам у ягонай арбіце Беларусі, як такой краіны, ніколі не гучала.
І нашая праца – каб новая адміністрацыя даведалася пра Беларусь. І, што вельмі важна, каб ЗША захоўвалі сваю прынцыповасць адносна дэмакратыі, правоў чалавека. Нашая задача – растлумачыць, што адбываецца, і каб заставалася прынцыповае стаўленне да Беларусі, што мы мусім зруйнаваць дыктатуру, пабудаваць дэмакратычную краіну. Магчыма, гэта будзе вельмі цяжка зрабіць. Тут патрэбная дапамога і беларускай дыяспары ў ЗША, і нашых журналістаў, актывістаў, і ўсёй супольнасці, каб голас Беларусі гучаў.
– Вы згадалі заяву Доналда Трампа, што ён скончыць вайну ва Украіне за 24 гадзіны. І шмат хто казаў з палітолагаў, што гэта папулізм. А вы як мяркуеце?
– Падчас перадвыбарчай гонкі можа быць шмат розных дэкларацыяў і заяваў з боку палітыкаў. Зразумела, што яны хочуць захапіць сэрцы і розумы людзей. Вядома, людзі ў ЗША стаміліся, яны хацелі таксама пачуць, што вайну можна хутка спыніць. І яны гэта чулі ад кандыдата. Але не заўжды заявы перадвыбарчай гонкі і дзеянні пасля яе аднолькавыя.
Усе сабе дадумалі, як будзе выглядаць гэтае спыненне вайны, што Украіну перастануць падтрымліваць. Але цяпер мы не ведаем, ці такая канцэпцыя была ў Доналда Трампа. Мы мусім разумець, што Украіну ў гэтай вайне падтрымліваюць амерыканцы, падтрымліваюць Сенат, Кангрэс. Не можа адзін чалавек прыйсці і сказаць, што мы агулам мяняем палітыку, бо ён мусіць адчуваць падтрыманне ад людзей. Мы не ведаем, як можна спыніць вайну. Я адчуваю і ў Еўропе хваляванне ад таго, якой будзе палітыка Доналда Трампа.

Але зноў я хачу звярнуцца да дэмакратычных прынцыпаў, на якіх базуюцца ЗША. Яны не могуць проста сказаць: аддавайце тэрыторыі Расеі, каб скончыць вайну. І Уладзімір Зяленскі сказаў, што падтрымлівае ідэю міру праз сілу, укладаючы сваё разуменне. Але, можа, пасля сустрэчы Трампа і Зяленскага яны дасягнулі нейкага кансэнсусу, проста быў не час раскрываць усе дэталі.
Вядома, нашая задача – каб беларускі аспект быў у любых перамовах паміж Расеяй і Украінай. Каб Беларусь не аддалі [Уладзіміру] Пуціну. Таму вельмі важна дэмакратычным сілам працаваць, каб пра нас не забыліся і не пакінулі на «некалі потым».
– Дэмакратычныя сілы кажуць, каб падчас будучых магчымых перамоваў паміж Расеяй і Украінай гучаў і голас Беларусі. Пра гэта кажа і Лукашэнка, ён хоча там прысутнічаць. Вядомы ўкраінскі журналіст Віталь Портнікаў сказаў, што Лукашэнка не кантралюе сітуацыі ў Беларусі, але дэмакратычныя сілы – тым больш. І таму ён кажа, што гэта агулам дзіўна абмяркоўваць. Што б вы адказалі на гэта?
– У гэтай сітуацыі вядзецца не пра кантроль. Тут пытанне, хто можа рэпрэзентаваць беларусаў. Ці гэта нелегітымны Лукашэнка, які захапіў уладу і ўтрымлівае яе толькі праз гвалт і дапамогу Пуціна, ці гэта беларускія дэмакратычныя сілы, якія робяць усё магчымае, каб дапамагчы краіне вырвацца з абдымкаў Расеі, каб ісці абраным еўрапейскім шляхам…
,,Тут пытанне ў тым, хто будзе медыятарам у гэтым працэсе. Вядома, мы бачым медыятарамі дэмакратычныя краіны – ЗША, еўрапейскія краіны. Яны падтрымліваюць нас, дэмакратычны рух, і яны будуць настойваць на тым, што Беларусь рэпрэзентуюць дэмакратычныя сілы. Хто будзе лабіяваць Лукашэнку? Можа, гэта будзе рабіць Пуцін. Але гэта будзе непрымальна для Украіны і для дэмакратычнага свету.
– «Выбары» ў Беларусі. Як і раней, гучаць галасы прыхільнікаў байкоту, якія кажуць, што ўдзел у гэтай кампаніі толькі надае легітымнасці Аляксандру Лукашэнку. І пастулат такі: ты можаш галасаваць супраць усіх, але калі ты прыйшоў і прагаласаваў, ты гэтую працэдуру прызнаеш законнай. Што б вы адказалі на гэта?
– Перадусім я сказала б, што гэта не вельмі важная падзея. Бо гэта падзея, якая нічога не мяняе для беларусаў. Гэта імітацыя працэсу, нейкі рытуал, калі Лукашэнка перапрызначыць сябе. Наш асноўны пасыл – што гэта не выбары. Што мы не мусім успрымаць гэты цырк як палітычнае дзеянне. І таму для нас яно нічога не памяняе. Яно не пераканае беларусаў, што нешта змянілася. «Бязвыбары» не легітымізуюць Лукашэнку ў вачах беларусаў, міжнароднай супольнасці.
Але, вядома, цяпер ідуць дыскусіі, што рабіць 26 студзеня. І для мяне самае важнае – гэта захаваць людзей. Каб людзі ў гэты момант зрабілі той учынак, які ім не нашкодзіць. Калі ты будзеш прасоўваць байкот у Беларусі, можна трапіць за краты. І ўсё роўна людзей пагоняць на гэтыя «выбары». А людзям трэба неяк выказаць свой пратэст. А што рабіць, калі цябе прымушаюць галасаваць?
– Гэты вельмі важны момант, як вы сказалі на прэс-канферэнцыі, што вы не заклікаеце людзей ісці.
– Не заклікаем. Прапануем ім альтэрнатыву, але каб гэта было нейкае адзінае дзеянне. У 2020 годзе абмяркоўвалася, ці рваць бюлетэнь, ці неяк складаць яго. Мы разумеем, што цяпер да гэтага будзе вельмі вялікая ўвага. Гэта ўжо нагадвае вайсковую аперацыю, а не выбары.
Таму – захоўвайце сябе, рабіце тое, што не дасць вам трапіць у турму. Гэта асноўны пасыл. Але мусіць быць і адна лінія, што можна рабіць. Асноўная задача – каб беларусы ў гэтым момант адчувалі сябе ў бяспецы. Каб не рабілі нейкіх рашучых крокаў, што могуць скончыцца турмой.

– Якія яшчэ стратэгіі вы абмяркоўвалі? Напрыклад, пратэставае галасаванне за Ганну Канапацкую, Алега Гайдукевіча?
– Перш за ўсё я хачу сказаць, што гэта абмяркоўвала платформа, на якой рэпрэзентаваныя і Каардынацыйная рада, і Кабінет, і Офіс, і грамадзянская супольнасць. Гэта не пастанова аднаго чалавека ці дваіх. Гэта супольная пастанова беларускіх дэмакратычных сілаў.
Прапановаў ставіць галачку за спарынг-парнёра нават не было, бо ўсе разумеюць, што гэта ўсё спойлеры Лукашэнкі. Навошта нам уключацца ў гэтыя працэсы і легітымізаваць «выбары»?
– І апошняе пытанне: чаму дагэтуль у Кабінеце няма прадстаўніка ў аднаўленні правапарадку?
– Перш за ўсё я чакаю прапановаў ад Каардынацыйнай рады, бо я паставіла такую задачу, каб яны падабралі такога чалавека. Бо апошні прадстаўнік адышоў пасля слуханняў у Каардынацыйнай радзе. І я думаю, што яго няма, бо няма моцнага чалавека, які мог бы заняць гэтую пасаду. І агулам, можа, і патрэбы такой вялікай няма, бо вялікую частку той працы, якую выконваў Аляксандр Азараў, цяпер узялі на сябе іншыя прадстаўніцтвы. Гэта і Павел Латушка, і Вадзім Кабанчук, а таксама нашыя партнёры, напрыклад, «BELPOL».
Цяпер Кабінет у працоўным стане, я сказала б, у моцным стане. У нас вельмі добрая атмасфера. Але агулам чакаю прапановаў ад Каардынацыйнай рады. І гэта датычыць не толькі гэтага прадстаўніцтва: у нас ёсць яшчэ вакантныя пазіцыі.
Алесь Сіліч, Макар Мыш belsat.eu