Серыя нападаў на заўзятараў тэль-авіўскага футбольнага клубу «Макабі» адбылася ў Амстэрдаме пасля матчу з нідэрландскім «Аяксам». Ёсць параненыя.
Увечары 7 лістапада ў Амстэрдаме адбыўся футбольны матч паміж ізраільскім клубам «Макабі» (Тэль-Авіў) і нідэрландскім «Аяксам», які завяршыўся перамогай апошняга з лікам 5:0.
Неўзабаве пасля матчу ў горадзе пачаліся закалоты. Паведамляецца, што адбылася серыя нападаў на ізраільскіх заўзятараў, у выніку якіх пацярпелі, паводле папярэдніх звестак, 12 чалавек. Сярод іх ёсць ахвяры з нажавымі ранамі.
Напады праходзілі ў розных частках гораду і, верагодна, мелі спланаваны характар. На відэазапісах у сацыяльных сетках відаць, як некалькі дзясяткаў чалавек, некаторыя з якіх у масках і з палесцінскімі сцягамі, нападаюць на ізраільцянаў, наносячы ўдары нагамі і рукамі. Таксама паведамляецца пра тое, што пры гэтым нападнікі выкрыквалі лозунгі «Свабоду Палестыне».
Пацярпелыя паведамляюць, што нападнікі спрабавалі ўварвацца ў іхныя гатэлі і пагражалі нажамі. У выніку затрымалі 57 чалавек.
Ізраільскія ўлады накіравалі ў Нідэрланды самалёты для таго, каб правесці эвакуацыю сваіх грамадзянаў.
Раман Шавель belsat.eu