навіны

У Беларусі за «здраду дзяржаве» асудзілі 88 чалавек

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Новы час
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Новы час
podpis źródła zdjęcia

На 6 лістапада 2024 года за «здраду дзяржаве» ў Беларусі асудзілі мінімум 88 чалавек, з іх 13 жанчын. Дзевяць месяцаў таму было амаль удвая менш.

Праваабаронцы «Вясны» апавялі, каго ў Беларусі асудзілі паводле артыкулу, згодна з якім пасля 2023 года можна артрымаць смяротнае пакаранне.


Што ў Беларусі пагражае за «здраду дзяржаве»?

Паводле ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэксу могуць прызначыць пакаранне ад 7 да 15 гадоў калоніі. Другую частку артыкулу мянілі ў 2023-м, з гэтага моманту «здрада дзяржаве, здзейсненая службовай асобай, якая займае адказнае становішча, службовай асобай, якая займае дзяржаўную пасаду, або асобай, на якую распаўсюджваецца статус вайскоўца», караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад 10 да 20 гадоў са штрафам або без штрафу, або пажыццёвым пазбаўленнем волі, або смяротным пакараннем.

Каго судзілі за «здраду дзяржаве»?


Да вялікіх тэрмінаў паводле арт. 356 Крымінальнага кодэксу судзілі незалежных журналістаў, вайскоўцаў, фігурантаў «справы Рабочага руху» святара, музыку, студэнта, медыяменеджара, палітыкаў, бізнесоўца, праграміста, культурніцкага менеджара, аналітыка, былых сілавікоў. Гэта няпоўны пералік, бо пад пераслед трапляюць звычайныя людзі і сем'і.

У Беларусі 10 чалавек былі асуджаныя завочна за «здраду дзяржаве». Гэта дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская і ейны дарадца Франак Вячорка, рэйкавыя партызаны, былыя сілавікі Станіслаў Лупаносаў, Юрый Махнач, фігуранты «справы дыверсіі ў Мачулішчах» і «BYPOL» ды іншыя.

Справы аб «здрадзе дзяржаве» разглядаюцца ў закрытых рэжымах, таму абставіны пераследу часам можна дазнацца толькі з дзяржаўных і прапагандысцкіх медыі і прэс-службаў ведамстваў.

Каго асудзілі ў Беларусі да максімальных турэмных тэрмінаў?


Да рэкордных 25 гадоў зняволенні за «здраду дзяржаве» ў Беларусі асуджаныя 4 чалавекі. Гэта кіраўнік «BYPOL» Аляксандр Азараў, фігурант «справы дыверсіі ў Мачулішчах» Віталь Якуцік, прадпрымальнік і актывіст Мікалай Аўтуховіч ды рэйкавы партызан Дзяніс Дзікун.

Мікалай Аўтуховіч 
адзін з першых асуджаных за «здраду дзяржаве»

Ветэрана афганскай вайны, беларускага прадпрымальніка і грамадскага актывіста Мікалая Аўтуховіча затрымалі ў снежні 2020 года. Улады адразу абвясцілі Аўтуховіча арганізатарам і кіраўніком «тэрарыстычнай групоўкі», што дзеяла на тэрыторыі Гарадзенскай вобласці і нібыта падпальвала аўтамабілі і дамы супрацоўнікаў міліцыі. Усяго ў «справе Аўтуховіча» праходзілі 12 чалавек. 

Гарадзенскі абласны суд 17 кастрычніка 2022 года агучыў прысуд Мікалаю паводле шэрагу артыкулаў: 25 гадоў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму. Тэрмін палітычны вязень пакуль адбывае ў турме № 1.

Дзяніс Дзікун 
рэйкавы партызан 

Жыхара Светлагорску Дзяніса Дзікуна затрымалі 4 сакавіка 2022 года за падпал 28 лютага на станцыі Жэрдзь-Астанкавічы рэлейнай шафы сігналізацыі, цэнтралізацыі і блакавання (СЦБ), у выніку чаго святлафоры і стрэлачныя пераводы на гэтым участку былі прыведзеныя ў непрацоўны стан. Дзянісу таксама выставілі абвінавачанні паводле шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу, а потым, яшчэ да суда, залучылі ў «спіс тэрарыстаў».

27 снежня 2022-га Дзяніса Дзікуна асудзілі да 23 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. У Горацкай калоніі № 9 яго адразу змясцілі ў штрафны ізалятар. Пасля заканчэння тэрміну перавялі ў атрад, але потым зноў адпраўлялі ў ШІЗА некалькі разоў. У чэрвені 2023-га палітычнага вязня змясцілі ў памяшканне камернага тыпу. З ім не было сувязі некалькі месяцаў.

А ў сакавіку 2024-га Дзянісу Дзікуну дадалі яшчэ два гады зняволення за нібыта зацятае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі. Цяпер палітвязень у калоніі строгага рэжыму ў Навасадах.

Тэса Анэйда belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10