Меркаваннi

Чацвёрка спарынг-партнёраў або шасцёрка ноўнэймаў? Хто трапіць у выбарчыя бюлетэні ў 2025 годзе

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Misha Friedman / Getty Images
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Misha Friedman / Getty Images
podpis źródła zdjęcia

«Выбары», а дакладней самапераназанчэнне Лукашэнкі ў канцы студзеня 2025 года, пройдзе без нечаканасцяў. Такую, цалкам чаканую выснову, можна зрабіць са спісу кандыдатаў, што падалі заявы на рэгістрацыю ініцыятыўных груп у ЦВК.

Дакументы прынялі ў дзевяці кандыдатаў. У чатырох ужо зацвердзілі, і ёсць абсалютная ўпэўненасць у рэгістрацыі яшчэ двух. Па трох астатніх пакуль незразумела, але на агульны пейзаж яны, гэтыя трое, не паўплываюць ніяк.

Разважаючы пра тое, як мае выглядаць «правільны» бюлетэнь, я спрабаваў паставіць сябе на месца ўмоўнай Пяткевіч, і вось што ў мяне атрымалася: у спісе кандыдатаў абавязкова маюць быць прадстаўнікі ўсіх «дазволеных» партый. Такая ў іх цяпер роля – хочаш не хочаш, а трэба адпрацоўваць высокі давер. У нас партый няшмат, усяго чатыры.

Да названай «фантастычнай чацвёркі» маглі/павінны быць дададзеныя прадстаўнікі такіх жа «дазволеных» арганізацый нібыта грамадзянскага сектара. Іх таксама, не тое каб заваліся. Саюз жанчын, ветэраны, БРСМ, прафсаюзы і практычна ўсё.

А, уласна, усё. Ніякай неабходнасці ў прысутнасці якіх-небудзь яшчэ кандыдатаў у бюлетэні няма. Навошта? У чым сэнс, калі і тых хто вышэй, ужо больш чым дастаткова?

Калі падысці да спісу грамадзян, якія ўжо падалі заявы ў ЦВК, то карцінка атрымліваецца наступная. «Цудоўная чацвёрка» на месцы: «Белая Русь», што імкнецца імітаваць у Беларусі партыю «Адзіная Расея» натуральна бачыць сваім кандыдатам выключна самога Лукашэнку.

ЛДПР, без далікатнасцяў, вылучае нашчадкавага спарынг-партнёра, Алега Гайдукевіча.

Камуністы, правільную назву іх «дазволенай» версіі ўспомніць рэдкі беларус, а ўжо хто такі таварыш Сяргей Сыранкоў – пытанне бессэнсоўнае, і, тым не менш, ён таксама вылучаны і дакладна будзе зарэгістраваны.

Ну і Хіжняк. Так-так-так. Гэты ноўнэйм таксама ідзе ад вельмі дзіўнай, мігатлівай, але дапушчанай партыі працы і справядлівасці.

Вось такі ў нас асноўны блок кандыдатаў – партыйны покер. Далей, мы бачым грамадзян, што маюць разбавіць іх згуртаваныя шэрагі. «Грамадскія дзеячы»: прадстаўніца дазволенага саюза жанчын Вольга Чамаданава, і «афіцэр» (Беларускі саюз афіцэраў) Сяргей Бобрыкаў. Гэтых таксама, без сумневу дапусцяць і нават дапамогуць ім падсабраць галасы ў неабходнай колькасці. Названых шасці чалавек у бюлетэнях цалкам дастаткова для правільнага і бяспечнага планавання сістэмы ў раніцу 27 студзеня з аб'явай пра «аглушальную» перамогу.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: Celestino Arce / NurPhoto via Getty Images
Ілюстрацыйны здымак. Фота: Celestino Arce / NurPhoto via Getty Images

Аднак, ёсць яшчэ трое тых, што падаліся, але пакуль не зарэгістраваныя. Адносна (былой?) прадпрымальніцы Дзіяны Кавалёвай і пенсіянера Віктара Кулешы ў мяне няма ніякіх сумневаў. Шырокай публіцы яны не вядомыя, а, значыць, альбо не будуць зарэгістраваныя, па фармальных прыкметах, на гэтым этапе, альбо іхні шлях і скончыцца на этапе збору подпісаў. Асабняком стаіць фігура Ганны Канапацкай. І тут з прагнозамі цяжка.

Ва ўмовах такога ўзроўню рэпрэсій, якога яшчэ не бачыла Беларусь, ліквідаванага сектара НДА, выціснутых за мяжу СМІ, ёсць вялікая спакуса ўбачыць у Канапацкай патэнцыйна «пратэстнага кандыдата», паверыць у магчымасць адносна бяспечнай хоць бы агітацыі «на зямлі» за дэмакратычныя вартасці.

Аднак, прагляд старонкі ў Фэйсбуку былой дэпутаткі Канапацкай развейвае ўсякія сумневы.

12.02.2022. «Першы значны вынік ... і апошні. Пракрамлёўска-уралхімаўскі табар у Вільні, які складаецца з АГП-ых прайдзісветаў і пад намінальным правадырствам Франака са Светай, нарэшце пачаў акупаць ўкладанні аднаго са сваіх гаспадароў…»

26.01.2022. У сілу прыроджаных якасцей – дапытлівага розуму і схільнасці да сістэмнага аналізу, я не раз задумвалася над пытаннем: «Чаму ж такая устойлівая сістэма ўлады Лукашэнкі?» І сама сабе на яго адказвала: «Ды таму, што ў асяроддзі ягоных праціўнікаў (альбо тых, што сябе такімі лічаць) колькасць малапісьменных, неадукаваных і проста дурных людзей зашкальвае».

Гэтыя слоўныя экзэрсісы, разам з успамінамі пра тое, як у 2020 годзе Ганна ўвайшла ў будынак ЦВК са 110 тысячамі подпісамі (з яе слоў), а ў выніку была пацверджана сапраўднасць 156 тысяч (магія?), не пакідаюць сумневаў адносна вектару намаганняў былога рэгіянальнага кіраўніка Аб'яднанай грамадзянскай партыі.

Сумневы ў мяне толькі ў тым, ці з'яўляецца сённяшняя актыўнасць Канапацкай узгодненай «з кім трэба», ці гэта вынік асабістай актыўнасці грамадзянкі, якая жадае зноў вярнуцца ў дзяржаўную палітычную абойму. Сумневы ёсць, а вось сэнсу замала, незалежна ад выніку разгляду ЦВК ейнай заявы аб рэгістрацыі. Яна не патрэбная ні Наталлі Пяткевіч, ні пратэснай частцы беларускага грамадства. Не цягне яна на «апазіцыю яе вялікасці», ды і такая гульня ў дэмакратыю была б надта складанай для рэжыму ў цяперашніх умовах.

Вынік? Усё ідзе па плане, як задумана, без нечаканасцяў. У 2020 годзе сіла беларускага пратэсту, аснова перамогі Святланы Ціханоўскай, была менавіта ў тым, што кандыдаты – банкір Віктар Бабарыка, былы кіраўнік ПВТ Валерый Цапкала, вядомы блогер Сяргей Ціханоўскі, зусім не былі ноўнэймамі. У кожнага з іх быў уласны, напрацаваны (часам дзесяцігоддзямі) імідж, бэкграўнд і велізарная колькасць людзей, гатовых іх падтрымаць. Гэта быў залог перамогі. Рэжым зрабіў высновы са сваёй паразы і зачысціў палітычнае поле да стану практычна цнатлівай чысціні. Аднак, напружанне, падзеленасць грамадства нікуды не дзелася.

belsat.eu /ЮК

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш

апошнія

Item 1 of 10