3 лістапада ў Малдове пройдзе другі тур прэзідэнцкіх выбараў. У ім сустрэнуцца дзейная прэзідэнтка Мая Санду і ейны апанент – былы генпракурор краіны Аляксандр Стаяногла. Але шанцы на перамогу ёсць у абаіх кандыдатаў, і ў кожнага з іх яны немалыя. Паспрабавалі разабрацца, у чым інтрыга.
Шанцы на перамогу
Першы тур прэзідэнцкіх выбараў у Малдове, які прайшоў 20 кастрычніка, паказаў, што за Маю Санду прагаласавала 42,45 % выбарцаў. Ейны апанент ад партыі сацыялістаў Аляксандр Стаяногла сабраў 25,98 % галасоў.
Здавалася б, на баку Санду знаходзіцца відавочная перавага галасоў, і ёй няма пра што хвалявацца. Аднак не ўсе раздзяляюць такі аптымізм, асабліва калі звярнуць увагу на вынікі рэферэндуму па еўраінтэграцыі, які праходзіў адначасова з першым турам выбараў.
Так, згодна з дадзенымі Цэнтрвыбаркаму Малдовы, у рэферэндуме па пытанні еўраінтэграцыі Малдовы 50,46 % выбарцаў падтрымалі ўнясенне еўрапейскага вектару ў Канстытуцыю, у той час як 49,54 % прагаласавалі супраць, што складае розніцу менш за адзін працэнт.
Так, фармальна малдаване прагаласавалі за еўраінтэграцыю, але з мінімальнай перавагай, і гэта стала сапраўднай нечаканасцю для многіх прыхільнікаў Маі Санду, якая з’яўляецца ўвасабленнем праеўрапейскага курсу краіны. Дый стала ў пэўнай ступені шокам для шматлікіх экспертаў як унутры краіны, так і за яе межамі, бо шматлікія апытанні і ацэнкі не дапускалі нічога падобнага.
Адметна, што асноўная падтрымка прыйшла ад малдаван, якія жывуць у заходніх краінах. У той жа час у 24 раёнах краіны большасць выступіла супраць еўраінтэграцыі.
Перамога Стаяногла – гэта змена курсу?
У выпадку, калі пераможа Мая Санду, далейшы шлях развіцця краіны збольшага зразумелы: яна працягне рухацца ў бок інтэграцыі з Еўрапейскім звязам. Але што будзе, калі большасць падтрымае Аляксандра Стаяногла?
Насамрэч былы генпракурор, паводле ягоных словаў, не з’яўляецца праціўнікам Еўразвязу. Наадварот, падчас дэбатаў з дзейнай прэзідэнткай ён назваў сябе перакананым прыхільнікам інтэграцыі Малдовы з ЕЗ і нават прапанаваў падпісаць акт аб незваротнасці еўрапейскага шляху краіны.
Аднак разам з тым ён заявіў, што не браў удзелу ў рэферэндуме па еўраінтэграцыі, бо, паводле яго, еўрапейскую павестку Мая Санду прыдумала наўмысна для сваёй перадвыбарчай кампаніі. А ўжо пасля абвяшчэння вынікаў рэферэндуму Стаяногла абвінаваціў Санду ў тым, што менавіта яна вінаватая ў правале рэферэндуму, бо «не пасаромелася пакарыстацца марай сотняў тысяч малдаванаў толькі для працягнення свайго мандата і фактычна паставіла мэту еўрапейскай інтэграцыі на мяжу дыскрэдытацыі».
Важна адзначыць, што Аляксандр Стаяногла, заяўляючы аб падтрымцы Украіны ў вайне супраць Расеі, у той жа час не супраць пачатку перамоваў з Пуціным, на якіх лічыць магчымым пастаноўку пытанняў міру для Украіны ці зніжэння коштаў на газ для Малдовы. Пры гэтым на выбары Стаяногла пайшоў ад Партыі сацыялістаў Малдовы Ігара Дадона (былы прэзідэнт Малдовы), якая ў свой час была асноўным прадстаўніком прарасейскіх поглядаў у краіне.
Зыходзячы з усяго вышэй сказанага, некаторыя аналітыкі выказваюць меркаванне, што калі Стаяногла пераможа, то гэта можа прывесці да супярэчнасцяў з малдаўскім парламентам і прэм’ерам краіны Дорынам Рэчанам, які належыць да партыі Санду. У выніку еўрапейскія памкненні могуць апынуцца пад пагрозай, а ў краіне можа здарыцца палітычны крызіс.

Даўнія супернікі
Што да супрацьстаяння паміж Санду і Стаяногла, то яны маюць сваю складаную гісторыю. Санду неаднаразова абрыналася з крытыкай на неэфектыўную працу генеральнага пракурора.
У верасні 2021 года Аляксандра Стаяногла арыштавалі паводле абвінавачання ў карупцыі. Сам экс-генпракурор звязвае сваё звальненне і арышт з прасоўваннем у расследаванні «крадзяжу стагоддзя» – вываду мільярда долараў з малдаўскіх банкаў у 2014 годзе. Пасля яго адстаўкі поспехаў у гэтай справе дасягнута не было. У 2023 годзе Еўрапейскі суд па правах чалавека прызнаў, што Стояногла пазбавілі права на справядлівы суд.
Выглядае, што паміж асноўнымі прэнтэндэнтамі на прэзідэнцкую пасаду ёсць шмат асабістых крыўдаў.
Падчас дэбатаў, якія адбыліся 27 кастрычніка, Мая Санду назвала Аляксандра Стаяногла «траянскім канём» за якім стаіць Масква, і адзначыла, што ейны апанент, хутчэй за ўсё, нават сам не ўяўляе, «што за ягонай спінай рыхтуюць Малдове». Паводле Санду, у выпадку калі Стаяногла прыйдзе да ўлады, Малдова можа страціць бязвізавы рэжым з ЕЗ, а стаўленне еўрапейцаў да малдаванаў зменіцца.
Стаяногла, у сваю чаргу, падчас дэбатаў казаў, што дзейная прэзідэнтка Малдовы і ўрад за час першага тэрміну прэзідэнцтва «нічога не зрабілі», і заклікаў Санду прызнаць свае памылкі і сумленна завершыць перадвыбарчую гонку. Пры гэтым сам Стаяногла адзначаў, што выступае за эканамічнае развіццё, мадэрнізацыю краіны, вяртанне працоўных мігрантаў і ўсталяванне добрых адносінаў з Украінай, Расеяй і Кітаем. У цэлым жа Стаяногла прадстаўляў з сябе палітыка, які стаіць на цэнтрысцкіх пазіцыях, што ў цэлым можа прыцягнуць на ягоны бок дадатковыя галасы.
Што будзе далей
У другім туры асноўнай задачай як для Маі Санду, так і Аляксандра Стаяногла стане прыцягненне на свой бок часткі выбарцаў, якія аддалі галасы за іншых кандыдатаў. І тут барацьба можа разгарнуцца не на жарты.
Як вядома з вынікаў першага туру галасавання, трэцяе месца заняў былы мэр горада Бельцы Рэната Вусаты з вынікам 13,79 %, у кандыдатак Ірыны Влах і Вікторыі Фуртунэ па 5,38 % і 4,45 % галасоў адпаведна, частка галасоў, хоць і невялікая, ёсць і ў іншых кандыдатаў. Менавіта за іх і разгорнецца асноўная барацьба.
Сур’ёзную падтрымку таму ці іншаму кандыдату мог бы аказаць Рэната Вусаты, які на папярэдніх выбарах заклікаў сваіх прыхільнікаў галасаваць за Маю Санду, чым, відавочна, спрычыніцца да яе перамогі. Аднак гэтым разам Вусаты зрабіў інакш: у сваім відэазвароце да прыхільнікаў ён крытычна выказаўся пра абодвух кандыдатаў другога тура і заклікаў галасаваць па ўласным меркаванні.
Пэўныя надзеі ёсць на галасы малдаванаў, якія жывуць за мяжой – у першую чаргу на іх спадзяецца Мая Санду, бо менавіта гэтая катэгорыя выбарцаў мае найбольш выразныя праеўрапейскія настроі. Але ці пойдзе галасаваць замежжа больш актыўна – гэта пытанне.
Адметна, што паводле інтэрнэт-апытання, праведзенага Votum.md 30 кастрычніка, Мая Санду набірае 52,36 % галасоў, у той час як Аляксандр Стаяногла – 47,64 %. Агулам у апытанні ўзялі ўдзел 10 916 чалавек. Трэба дадаць, што менавіта на гэтым рэсурсе вынікі апытання былі найбольш блізкімі да рэальных у першым туры.

Што нельга скідваць з рахункаў
У першую чаргу гаворка пра адзін з асноўных інструментаў уздзеяння Крамля на палітыку ў Малдове – подкуп галасоў праз алігарха-ўцекача Ілана Шора, які быў асуджаны малдаўскім судом на 15 гадоў турмы за банкаўскую аферу і зараз жыве ў Маскве.
Шору ўдалося стварыць у краіне абшырную сетку, якая займаецца купляй галасоў падчас выбараў. У першую чаргу аб’ектам іх інтарэсу становяцца найменш забяспечаныя грамадзяне Малдовы. За пэўную суму грошай яны гатовыя прагаласаваць за таго, каго ім укажуць «супрацоўнікі» сеткі Шора.
Паводле заявы кіраўніка малдаўскай паліцыі Віярэла Чарнэўцану, больш за 130 тысячаў чалавек былі задзейнічаныя ў незаконным фінансаванні партыяў і подкупе выбарцаў. Згодна з заявай Маі Санду, гэтая лічба ўдвая большая: прэзідэнтка краіны паведаміла, што мае доказы таго, што мэтай злачыннай групы была «купля 300 тысячаў галасоў».
,,«Маштабы махлярства беспрэцэдэнтныя. Іх мэтай было скампраметаваць дэмакратычныя выбары, іх мэтай было пасеяць страх і паніку ў грамадстве», – адзначыла Санду пасля правядзення першага туру выбараў і рэферэндуму.
Што ж тычыцца сум, пераведзеных на подкуп галасоў, то Віярэла Чарнэўцану заявіў, што ў краіну цягам двух месяцаў перад выбарамі было пераведзена каля 39 мільёнаў долараў.
Зараз улады спрабуюць прыняць меры, каб не даць магчымасці Шору «выбраць» будучага прэзідэнта Малдовы, таму ў краіне адбываюцца вобшукі ў падазраваных у справе скупкі галасоў. Як паведамляецца, арыштавана каля 28 чалавек, датычных сеткі Шора.
Усё гэта выразна паказвае, што Расея ўкладвае значныя рэсурсы на тое, каб не дапусціць перамогі Маі Санду на гэтых выбарах і пакінуць Малдову ў сферы свайго ўплыву.
У той жа час, як лічыць дырэктар Інстытуту эфектыўнай палітыкі Віталій Андрыеўскі, у Маі Санду ёсць адна асноўная перавага ва ўсёй гэтай сітуацыі, бо «ў яе ёсць праект» – гэта еўраінтэграцыя і ўступленне Малдовы ў Еўразвяз.
,,«Крэмль не змог прапанаваць праект, які быў бы заманлівы для выбарцаў. Бо які праект яны могуць прапанаваць: уступіць у саюз з Расеяй ці ў саюз дыктатараў? І другое – яны не змаглі знайсці альтэрнатыўнага, сур’ёзнага кандыдата, каб можна было сказаць: так, гэта альтэрнатыва Маі Санду – будзем за яго галасаваць», – адзначыў суразмоўца «Белсату».
Бо, паводле Андрыеўскага, з адзінаццаці кандыдатаў, якія вылучалі свае кандыдатуры на пасаду прэзідэнта ў першым туры, восем «прама ці ўскосна звязаныя з Расеяй» і карыстаюцца інфармацыйнай і фінансавай падтрымкай Крамля. Але пры гэтым ніводзін з іх не кажа наўпрост, што ён за Расею, бо разумее: гэта не адыграе вырашальнай ролі ў малдаўскім грамадстве.
Раман Шавель belsat.eu