навіны

Выбары як частка гібрыднай вайны

У Малдове прайшлі прэзідэнцкія выбары, разам з імі – рэферэндум у пытанні еўрапейскай інтэграцыі краіны. Малдова выбрала быць у Еўразвязе. Але розніца паміж тымі, хто прагаласаваў за еўраінтэграцыю, і тымі, хто супраць, – усяго адзін адсотак. Гэта сведчыць не толькі пра падзел у грамадстве, але і пра тое, што Расея не збіраецца адпускаць у Еўропу Малдову, як Украіну ці Грузію. Чаго чакаць ад другога туру выбараў у Малдове і як кампанія ператвараецца ў элемент гібрыднай вайны Расеі? 


Дзейную прэзідэнтку Малдовы Маю Санду чакае другі тур выбараў, за яе прагаласавалі 42,45 % выбарнікаў, за ейнага асноўнага канкурэнта, кандыдата ад партыі сацыялістаў Александра Стаяногла – амаль 26 %. А Малдову, з вялікаю імавернасцю, чакае грузінскі сцэнар у пытанні еўраінтэграцыі. За еўраінтэграцыю на рэферэндуме прагаласавалі 50,46 %, супраць – 49,54 %, то бок розніца паміж «за» і «супраць» – усяго адзін адсотак выбарнікаў.

,,

«Расейская Федэрацыя гэтага хоча. Яна хоча павярнуць Малдову на траекторыю Грузіі. Калі фармальна краіна рухаецца да Еўрапейскага Звязу і мае за аснову змену заканадаўства. А дэ-факта яна нічога не робіць і хоча наблізіцца культурна, сацыякультурна, псіхалагічна да таго, што было раней, то бок да Расеі», – мяркуе румынскі палітолаг Марын Герман, выкладчык Універсітэту Штэфана Вялікага.




Амаль 50 % выбарнікаў, якія прагаласавалі супраць еўраінтэграцыі, былі не супраць ЕЗ, а супраць украінскага сцэнара. Чаго дамаглася Расея праз інфармацыйную вайну – гэта, відавочна, звязаць збліжэнне з Захадам з вайною.

,,

«Той факт, што людзі бачылі каля межаў развязаную шырокамаштабную ваенную агрэсію Расейскай Федэрацыі супраць Украіны, з аднаго боку, мабілізаваў электарат, але, з другога, людзі пыталіся: а ці варта нам паўтараць украінскі сцэнар (Еўрамайдан, змены ў Канстытуцыю)? Плюс мы ведаем, што Украіна ўнесла ў 2019 годзе змены ў Канстытуцыю адносна ўступлення ў NATO. Гэта ж наступны крок. І ці не азначаюць такія змены, што ў нашую краіну прыйдзе вайна?» – кажа Марын Герман.



Электаральная большасць у Малдове – асобы, старэйшыя за 50 гадоў; за еўраінтэграцыю выступаюць моладзь і дыяспара. Акурат галасы дыяспары ўратавалі сітуацыю. Галоўная праблема – з Гагаузскай аўтаноміяй, там 95 % на рэферэндуме прагаласавалі супраць еўраінтэграцыі. Але неспадзяванка здарылася ў Прыднястроўі. Як высветлілася, Прыднястроўе мае нават больш праеўрапейскія настроі, чымся поўнач краіны, дзе расейскамоўнае насельніцтва таксама складае бальшыню.


,,

«Быў расклад, што Гагаузія, поўнач, не будзе галасаваць за еўрапейскую інтэграцыю. Там з імі добра размаўлялі шораўцы [прыхільнікі Ілана Шора. – Заўв. belsat.eu] і не толькі шораўцы, і партыя сацыялістаў. Там не было зразумела, як будзе галасаваць Прыднястроўе. [...] І вось сюрпрыз: грамадзяне Рэспублікі Малдова, нават калі там прапаганда, дэзінфармацыя, нават калі на іх ціск, – яны выйшлі на выбары і недзе 16 тысячаў чалавек самі арганізаваліся і прыйшлі на выбары, і больш за 30 % з іх прагаласавалі за еўраінтэграцыю», – каментуе Анжэла Грэмадэ, прэзідэнтка Асацыяцыі экспертаў у справе бяспекі і глабальных пытанняў.


Для рэалізацыі расейскага праекту выкарысталі прарасейскага алігарха Ілана Шора, які цяпер адкрыта заяўляе, што ягоная мэта – адмяніць вынікі еўрарэферэндуму ў Малдове. Ілан Шор – такі сабе малдаўскі Медвядчук ці Іванішвілі, палітычны спадчыннік Ігара Дадона. І хоць партыю Шора забаранілі ў Малдове праз пагрозу нацыянальнай бяспецы, сваіх агентаў у малдаўскім парламенце ён мае. Падчас выбараў Шор раздаваў крэдытныя карткі расейскага банку «Мір», якімі можа скарыстацца толькі ў Прыднястроўі. Бо праз санкцыі расейскія банкі ў Малдове не абслугоўваюцца. Цяпер тыя, хто ўзяў грошы ад Расеі і Шора, мусяць іх вярнуць. Аднак Шор вабіў у Расею не толькі грашыма, але і фэйкамі.

,,

«Думалі, што грошы атрымаюць і ім нічога за гэта не будзе. Падарунак! [...] Шор сказаў, што ў Еўропе няма святла і ў Еўропе вельмі холадна, бо яны не маюць добрых стасункаў з Расеяй. У Малдове будзе бясплатны газ, калі Мая Санду сыдзе з улады. [...] Шор сказаў, што памяняюць пол хлопчыкаў і дзяўчатак, то бок прапаганда ЛГБТ і гэтак далей. Шор сказаў, што там закрыюць цэрквы», – кажа Анжэла Грэмадэ.


Перад выбарамі паліцыя казала пра зафіксаваныя факты набыцця 130 тысячаў галасоў, Мая Санду заяўляла, што вядома пра перакупленыя 300 тысячаў галасоў, а гэта 10–15 % выбарнікаў.


«Некаторыя людзі проста прадалі свае галасы. У любой дэмакратычнай краіне людзі прытрымліваюцца розных поглядаў, гэта нармальна. А ненармальна тое, калі злачынныя групоўкі падкупляюць выбарнікаў. Я абвінавачваю злачынныя групоўкі ў выкарыстанні брудных грошай для набыцця галасоў малдаўскіх выбарнікаў», – заявіла прэзідэнтка Малдовы.


Мая Санду пасля першага туру выбараў у даволі складанай сітуацыі. Бо ёй не ўдалося набраць у ім 50 % і няма пэўнасці, што ўдасца перамагчы ў другім туры.

,,

«Калі механічна можам падлічыць, якая электаральная база прарасейскіх кандыдатаў, то яна большая за 50 %. А гэта значыць, калі ўсе прарасейскія сілы, што атрымалі галасы ў першым туры, аб’яднаць матэматычна, то маем больш за 50 %, і гэта рызыкоўная сітуацыя. [...] І Мая Санду не ёсць аўтаматычна кандыдатам еўрапейскага гатунку, а гэта значыць, што электаральна другі тур будзе іншы, чымся першы», – прагназуе Марын Герман.



У другім туры зноў будуць перакупленыя галасы, зноў будуць шантаж ды інфармацыйныя атакі з боку Расеі. Відавочна, не будзе мабілізацыйнага рэсурсу за еўраінтэграцыю, бо гэтую карту выкарысталі ў першым туры. А наперадзе яшчэ парламенцкія выбары, дзе Расея рукамі Шора і не толькі будзе працягваць дэстабілізоўваць краіну.


Наста Ільіна для праграмы «ПраСвет»


больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10