Вакансіяў у Беларусі ўсё больш, а заробкі ўсё растуць. «Белсат» глядзіць, якія заробкі прапануюць беларусам і чым можа скончыцца гэтая гонка.
У дзяржаўным банку вакансіяў на момант публікацыі налічвалася 170 180 вакансіяў, з іх звыш 74 тысяч былі дададзеныя за апошні месяц. Рэзюмэ там на парадак менш: 13 092 агулам, 748 за апошні месяц.
Рост колькасці вакансіяў амаль няспынны. Ад ліпеня – на 6 тысяч больш вакансіяў. Пры тым Нацыянальны статыстычны камітэт рапартуе аб росце занятасці і змяншэнні беспрацоўя.
Колькі плацяць – афіцыйна і рэальна
Паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту, сярэдні налічаны заробак у Беларусі ў верасні склаў 2313,9 рубля (да вынятку падаткаў і збораў, на якія пойдзе яшчэ мініумум 14 %).
Але гэта не столькі, колькі атрымлівае сярэднестатыстычны беларус, а толькі сума ўсіх заробкаў, падзеленая на колькасць працаўнікоў. Тое, што атрымлівае сярэдні беларус у спісе ўсіх заробкаў ад найменшага да найбольшага, завецца медыянным заробкам. Яго «Белстат» падлічвае двойчы на год, апошні раз лічыў у траўні, выйшла 1688,3 рубля (зноў жа, да вынятку падаткаў).
І гэта таксама не тыя грошы, якія рэальна прапануюць у вакансіях.
1000 рублёў – такі медыянны заробак у банку вакансіяў. Столькі будзе, калі паглядзець усе 125,5 тысяч актуальных абвестак на пастаянную працу з пазначаным заробкам, адсартаваць іх паводле заробку і знайсці сярэдзіну спісу. Гэта 860 рублёў «на рукі» – 259,6 долара паводле курсу Нацбанку.
За такія грошы можна папрацаваць, напрыклад, рэдактарам у Купалаўскім тэатры, дырэктарам менскай кампаніі «Хэрытэйж» (трэба ведаць англійскую мову і азіяцкую кухню), праграмістам (на «1С») у лідскім Доме гандлю, машыністам экструдара ў магілёўскім «СБІ Каўчук», кіроўцам у баранавіцкім «Аграспецсэрвісе», зубашліфавальшчыкам на «БелАЗ», электраслесарам-рамонтнікам у крычаўскай філіі кандытарскай кампаніі «Домачай», эканамістам у аграгарадку Бародзічы пад Зэльвай, ветэрынарным фельчарам у саўгасе «Смаргонскі», што ў аграгарадку Белкаўшчына…
Вакансіяў з афіцыйна названым медыянным заробкам ці больш – толькі 15,6 %, а з афіцыйным сярэднім ці больш – толькі 3 %.
Вакансіяў, дзе на рукі дадуць не менш за «сакральныя» пяцьсот долараў на рукі (1888,24 рубля паводле курсу Нацбанку), у банку вакансіяў роўна 10 %. Дзеля «па пяцьсот» трэба працаваць, напрыклад, начальнікам на Беларускай чыгунцы або начальнікам участку на Слонімскім водаканале, інжынерам Заводу дакладай электрамеханікі пад Менскам або бетоншчыкам на Магілёўскім домабудаўнічым камбінаце, лекарам у Воранаве або галоўным зоатэхнікам у аграгарадку Субочы, што пад Ваўкавыскам. Нічога фантастычнага – толькі такіх прапановаў няшмат.
Дзе найбольшыя заробкі
«Белтэлекам» шукае намесніка генеральнага дырэктара па эканоміцы і камерцыйных пытаннях на стаўку 10–10,8 тысяч рублёў. Гэта самы высокі заробак, які цяпер прапануюць у банку вакансіяў. Трэба мець досвед працы ад 10 гадоў і добра валодаць англійскай мовай.
Футбольны клуб «Арсенал» прапануе спартоўцу-інструктару 8139,53 рублёў і гнуткі графік. Толькі гэта не той славуты лонданскі, а дзяржынскі «Арсенал», які летась вярнуўся ў беларускую Вышэйшую лігу і ў бягучым сезоне займае 10-е месца з 16 пасля 26 матчаў (някепска для клубу, заснаванага толькі 6 гадоў таму). З кандыдата – досвед працы ў замежных клубах.
Сельскагаспадарчае прадпрыемства «Азяранскі» (гэта ў аграгарадку Вялікія Азяркі пад Мастамі) шукае слесара па рамонце аўтамабіляў на 7500–8500 рублёў. Асаблівых патрабаванняў няма – хіба прафесійна-тэхнічная адукацыя.
Менскі транзітны банк шукае дырэктара па малым і сярэднім бізнесе на заробак 7000–8650 рублёў. Патрабуюць стаж працы ў фінансава-банкаўскіх установах ад 5 гадоў.
«Бел Хуавэй Тэхноладжыс» шукае трох інжынераў у галіне забеспячэння тэхналагічных працэсаў на заробкі 6500–8500 рублёў. Патрабуюць веды кітайскай і ангельскай моваў, досвед працы ў міжнародных тэлекам-кампаніях ад 3 гадоў.
БелАЭС шукае намесніка галоўнага інжынера на заробак 6264–9771,84 рублёў. Патрабуюць аж 10 гадоў досведу працы (у самой БелАЭС досвед працы – 4 гады).
Дзе найменшыя заробкі
Мінімальны заробак у Беларусі цяпер – 626 рублёў (да вынятку падаткаў). На такі заробак за пастаянную працу ў апошні месяц далі аж 2499 вакансіяў. Санітар, грузчык, кухар, прыбіральшчык, прадавец, афіцыянт, памочнік выхавацеля, аператар штучнага асемянення жывёлаў і птушак…
Самая сціплая прапанова ў банку вакансіяў – 62,6 рубля на 0,1 стаўкі. За такія грошы – кілаграм кавы на месяц – можна, напрыклад, чысціць сцёкавыя воды ў менскім «Медтэхнацэнтры», быць «выхавацелем інтэрнату» у Бераставіцкім дзяржаўным каледжы, рамантаваць электраабсталяванне ў пружанскім СДЮШАР № 2… Або шмат чаго рабіць у «Магілёўэнерга»: прадпрыемства прапануе самы малы магчымы заробак электразваршчыку, электраманцёру, акмулятаршчыку, слесару і іншым.
Ёсць некалькі дзіўных абвестак з мінімальным заробкам, 626 рублёў за поўную стаўку. За такія грошы можна папрацаваць нават дырэктарам на поўную стаўку! Напрыклад, у магілёўскім «ЛорсельСпецГандліг» (трэба ведаць узбекскую мову); у кампаніі «6Д», што ў вёсцы Сухарукія пад Менскам (трэба вольна размаўляць па-літоўску); у менскай фірме «Верфаб» (трэба свабодна валодаць англійскай, нямецкай і шведскай мовамі) і ў нечым неназваным у вёсцы Цеалін, што пад Ваўкавыскам – пазначаны адрас супадае з аздараўленчым лагерам «Рось» (што б гэта ні было, там трэба вышэйшая педагагічная адукацыя і не менш за 5 гадоў досведу ў сферы адукацыі).
Гэта яшчэ някепска
Эканоміка Беларусі трымаецца: не падае, нягледзячы на санкцыі, страту рынкаў праз саўдзел у вайне і масавую эміграцыю. Эканамісты тлумачаць гэта аднаўленнем попыту на расейскім рынку, хуткім ростам заробкаў пры рэгуляванні цэнаў, мяккай манетарнай палітыкай і адносным аптымізмам насельніцтва адносна ўласнага фінансавага становішча. Ды такі павольны рост, як цяпер, называюць стагнацыяй: суседзі, якія не ваююць, заўважна абганяюць Беларусь. Напрыклад, летась Літва абышла Беларусь у валавым унутраным прадукце, нягледзячы на значна меншае насельніцтва краіны.
Заробкі ў Беларусі не абвальваюцца ў тым ліку дзякуючы эміграцыі. Як тлумачыў эканаміст Леў Львоўскі ў нядаўнім інтэрв’ю праекту «Жыццё-маліна», якраз рэзкая страта працоўнай сілы і кваліфікаваных спецыялістаў прыводзіць да неймавернага росту рэальных заробкаў.
,,«Калі нейкага тавару мала, цана на гэты тавар расце, – тлумачыў Львоўскі. – Чалавечая праца – гэта такі ж тавар. І, уласна, яго ў Беларусі не хапае».
Пакуль «жыццё працягваецца», дадаў Львоўскі, але бізнес ужо пачынае адчуваць рост выдаткаў. Далей – некалькі сцэнароў. Эканоміка можа адаптавацца і пачаць працаваць больш эфектыўна: замяніць людзей машынамі ці пазбавіцца неэфектыўных працаўнікоў. Але ў Беларусі гэта не самы імаверны сцэнар: звальненні з заводаў – палітызаванае пытанне, а эфектыўныя машыны цяжка здабыць праз санкцыі. Эканоміка можа зваліцца ў інфляцыйную спіраль, але ў Беларусі цэны кантралююць улады – ды «перамагчы падручнік эканомікі» ў іх не атрымаецца, кантроль цэнаў прывядзе да разарэння, банкруцтва і патрэбы ў крэдытах на выплату заробкаў.
Львоўскі прагназуе, што гэта «скончыцца Паўночнай Карэяй». Працяглая стагнацыя прывядзе да таго, што беларусы праз гадоў 20 будуць «глядзець на палякаў, як цяпер глядзяць на швейцарцаў» – і ўцякаць у лепшыя ўмовы.
Алесь Наваборскі belsat.eu