Лета сканчваецца, і гэта значыць, што бацькі школьнікаў – на піку падрыхтоўкі да новага навучальнага году. Чыноўнікі агучылі мінімальны і максімальны кошт «неабходнай экіпіроўкі» да новага навучальнага году. Мы ж зазірнулі ў гаманцы беларускіх бацькоў, прааналізавалі кошты ў крамах і высветлілі, колькі падрыхтоўка школьнікаў да навучальнага году каштуе ў рэальнасці, і ці па сілах пацягнуць такія зборы бацькам з сярэднім заробкам.
Калі закупляцца разумна – зэканоміць можна да 30%
Дасведчаныя бацькі ведаюць: падыходаў да збору дзіцяці да навучальнага году можа быць некалькі. Да прыкладу, каб не вылецець у фінансавую трубу можна закупляцца паступова – на працягу лета і першага месяцу восені. Хтосьці імкнецца закупляцца якаснымі рэчамі ў Еўропе (гэта калі ў кагосьці засталася магчымасць выехаць за мяжу) – там адзенне для школьнікаў часцяком бывае якаснейшым і таннейшым, а мадэлі адзення больш сучаснымі. Але ўсё ж большая частка бацькоў беларускіх школьнікаў адкладаюць падрыхтоўку да навучальнага году на апошнія тыдні жніўня. І на гэта ёсць прычыны.
Па-першае, бліжэй да канца лета ўжо больш-менш становіцца зразумела, на колькі за час канікул вырасла дзіця і які памер адзення і абутку яму трэба купляць. Па-другое, адразу выкласці немалую суму з бацькоўскага гаманца – не ўсім па кішэні. Каб назапасіць на зборы ў школу, многім даводзіцца эканоміць ўсё лета. Некаторыя, вядома, не ад лепшага жыцця, вымушаныя браць на зборы ў школы крэдыты. Нарэшце, менавіта ў жніўні, часцей за ўсё на школьную форму вытворцы і прадаўцы даюць максімальныя зніжкі. Як мы высветлілі, у тым жа ЦУМе па серадах зніжкі на школьныя тавары складаюць 30 %. А калі закупляцца прыйшла шматдзетная сям'я, то пры ўваходзе ва ўнівермаг, да прыкладу, у ГУМе, можна аформіць карту, якая дае дадатковую 10 % зніжку на ўвесь асартымент школьных тавараў. І гэта быў першы лайфхак.

Як яшчэ можна зэканоміць? Лавіце парады. Па-першае, калі гаворка ідзе аб набыцці адзення беларускай вытворчасці, то лепш за ўсё адпраўляцца або ў вялікія ўнівермагі, або ў фірмовыя крамы вытворцаў таго ж адзення. Там кошты дакладна будуць ніжэйшымі. Гаворка тут вядзецца нават не пра зніжкі, а пра цэнаўтварэнне. Справа ў тым, што фірмовыя крамы «Беллегпрама» вызваленыя ад рэгулявання гандлёвай надбаўкі. У сярэднім жа, паводле МАРГ, памер гандлёвай надбаўкі з улікам акцый і зніжак у гандлёвых кропках Беларусі цяпер складае 23 %.
Дарэчы, мы правялі невялікі эксперымент. Паспрабавалі параўнаць кошты на школьны абутак на маркетплейсах і ў ГУМе. Выявілі, што адна і тая ж пара абутку вытворчасці «Нёман» на маркетплейсе каштуе 108 руб., а ў ГУМе – 45 руб. Выгода – больш чым у два разы. Чаго не скажаш, дарэчы, пра канцылярскія прыналежнасці. Там кошты практычна такія ж, як ва ўнівермагах. І калі замовіць ўсю канцылярку онлайн ў тым жа Ozon – зэканоміць можна сілы і час. Мабыць, гэта вынік пілотнага праекту МАРГ Беларусі з найбуйнейшымі маркетплейсамі – Wildberries і Ozon. Цяпер тавары беларускіх вытворцаў, размешчаныя на платформах, пазначаныя надпісамі «Зроблена ў Беларусі» або «Сделано в Беларуси».

Дадатковы лайфхак, але не для ўсіх: шматдзетныя семʼі ў Беларусі маюць магчымасць атрымаць дзяржпадтрымку на падрыхтоўку да школы. Прыём дакументаў на атрыманне аднаразовай матэрыяльнай дапамогі да 2024/2025 навучальнага году ад семʼяў, якія выхоўваюць трох і больш непаўналетніх дзяцей, якія маюць статус шматдзетнай сямʼі па стане на 1 верасня 2024 года, ажыццяўляецца з 1 ліпеня. Дакументы прымаюцца ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Шматдзетныя і малазабяспечаныя семʼі таксама могуць прэтэндаваць на атрыманне адраснай сацыяльнай дапамогі, па якую таксама неабходна звяртацца ў Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Што да памеру дапамогі, то ён складае 30 % ад бюджэту пражытачнага мінімуму ў Беларусі на адно дзіця са шматдзетнай сям'і. На дадзены момант бюджэт пражытковага мінімуму ў краіне складае 433 руб., а гэта значыць, што памер дапамогі ад дзяржавы складае 129,9 руб.
Чыноўнікі ўціснуліся ў агучаныя лічбы, але выйшлі за рэаліі беларускіх гаманцоў
А зараз пра самае галоўнае: колькі ж у рэальнасці сёлета каштуе сабраць дзіця ў школу.
У МАРГ палічылі, што набыццё толькі мінімальнага камплекту школьных прыладаў, канцылярскіх тавараў, адзення і абутку абыйдзецца беларускім бацькам у суму ад 1 тыс. да 1,2 тыс. руб. (дарэчы, у параўнанні з мінулым годам сума меркаванага максімуму вырасла на 80 рублёў – была 1 122 руб.).
А зараз давайце лічыць. Паводле звестак Белстату, сярэдні налічаны заробак у краіне складае 2 182,5 руб. (прыкладна 600 еўра). Але трэба разумець, што з заробкамі шараговых беларусаў гэтая лічба мае мала агульнага. У рэальным жыцці, асабліва ў невялікіх гарадах, людзі нярэдка зарабляюць меней 1000 руб., і лічаць, што гэта яшчэ нядрэнна. Да прыкладу, калі прааналізаваць вакансіі, то высветліцца, што зарплата, за якую сёння прапануюць працаваць той жа медсястры (а там высокія патрабаванні да адукацыі, кваліфікацыі і навыкаў) на поўную стаўку ў лепшым выпадку складае прыкладна 700 руб. Што ўжо казаць пра працоўныя месцы з меншай адказнасцю і кваліфікацыяй. Атрымліваецца, усёй зарплаты беларускай медсястры не хапае нават на мінімальны «набор экіпіроўкі» дзіцяці ў школу.
Другое пытанне: ці сапраўды той сумы, якую агучыў МАРГ, хапае на мінімальны набор школьных рэчаў і прыладаў? Мы ўлічылі тую акалічнасць, што падыход да фармулёўкі «школьная экіпіроўка», можа быць розным, таму для чысціні эксперыменту даведаліся, што чыноўнікі маюць на ўвазе пад гэтым паняццем. На сайце «Акадэміі адукацыі» мы знайшлі той самы спіс – «прыкладны пералік асноўных тавараў (мінімальны набор), рэкамендуемых для атрымання бацькамі (законнымі прадстаўнікамі) з мэтай наведвання навучэнцамі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі».

Для арыенціру мы абралі для сябе спіс неабходных прадметаў для вучняў 5-9 класаў. Як паведаміла на нядаўняй прэс-канферэнцыі начальнік упраўлення арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання МАРГ Наталля Мельнікава, для вучня пачатковых класаў камплект школьнага адзення ў гэтым годзе будзе каштаваць ад 120 да 600 руб., для вучня сярэдніх класаў – ад 180 да 580 руб., для вучня старэйшых класаў – ад 170 да 620 руб. Прычым месцамі (у залежнасці ад горада і гандлёвай кропкі) у гэтую суму ўваходзіць і абутак. Кошт аптымальнага набору школьна-пісьмовых і канцылярскіх прыладаў для малодшых класаў, на думку чыноўнікаў, у гэтым годзе не павінен перавысіць 270 руб.

Для прыкладу, спрабуем сабраць у школу дзяўчыну 7 класа. Па коштах абіраем аптымальны варыянт, але імкнемся максімальна эканоміць. У выніку набываем дзве кашулі (100 руб.), дзве камізэлькі (86 руб.), 1 бомбер (110 руб. – гэта танней пінжака), адну спадніцу (60 руб.), 1 штаны (75 руб.), адзін сарафан (53 руб.), спартыўны касцюм (120 руб.), футболку для спорту (40 руб.), красоўкі (70 руб.), больш-менш якасныя скураныя туфлі (130 руб.). За вопратку і абутак атрымалася 844 рублі. Мінімальны набор недарагіх канцтавараў для школы можна набыць за 70 руб., больш-менш камфортны ранец з добрымі шлейкамі і ўзмоцненай спінай – за 140 руб. Агулам атрымалася, што сабраць дзяўчыну ў школу (у пералік тавараў не ўваходзіць бялізна, калготы, верхняе адзенне, зменны абутак, сумкі для зменнага абутку, гумкі, заколкі і іншыя патрэбныя тавары, якія не ўваходзяць у спіс «мінімум»), па самых сціплых падліках каштуе 1054 рублі.
Калі ж аддаваць перавагу рэальна якасным таварам, больш модным камплектам адзення і збіраць дзіця ў школу не ў фармаце «мінімум», выдаткаваць прыйдзецца ў 1,5-2 разы болей. Але мінімальны камплект «школьнай экіпіроўкі» сапраўды знаходзіцца ў межах, агучаных чыноўнікамі. Пытанне толькі, дзе беларусам узяць гэтыя грошы. Асабліва калі ў сямʼі дзяцей не адзін, а некалькі.
Надзея Вольная, «Белсат»