Маніторынгавы праект «Беларускі Гаюн» звярнуў увагу на новыя вакансіі ў падраздзяленнях радыёэлектроннай выведкі і сувязі Узброеных сілаў Беларусі. Шукаюць працаўнікоў з ведамі польскай, літоўскай, латышскай і англійскай моваў.
Паводле назіранняў праекту «Беларускі Гаюн», яшчэ ў кастрычніку 2023 года ў адным з падраздзяленняў радыёэлектроннай выведкі ў Пастаўскім раёне шукалі спецыялістаў з ведамі літоўскай мовы. Сёлета колькасць падобных вакансіяў павялічылася.
Знайшлі такія вакансіі.
2-гі рэгіянальны вузел РЭВ (в/ч 41756 у Горадні) шукае спецыялістаў на пасаду «аператар» з ведамі літоўскай, англійскай ці польскай моваў. Колькасць вакансіяў невядомая, але прымаюць і мужчынаў, і жанчын. Брыгада падпарадкоўваецца Галоўнаму выведнаму ўпраўленню, а вузел месціцца блізу межаў з Польшчай і Літвой.
255-ы асобны радыётэхнічны полк асаблівага прызначэння (в/ч 75158 у Наваградку) шукае спецыялістаў на пасады «камандзір аддзялення», «аператар» і «старэйшы аператар» з валоданнем адной з замежных моваў (літоўская, латышская, польская, англійская). Колькасць вакансіяў невядомая, бяруць толькі мужчынаў. Падраздзяленне таксама падпарадкоўваецца Галоўнаму ўпраўленню выведкі, камандзір падраздзялення ў 2021 годзе заяўляў, што «і ў мірны час вайскоўцы выконваюць баявую задачу» і што полк мае радыёвыведнікаў у сваім складзе. Паводле «Гаюна», полк выконвае больш шырокі спектр задачаў за вузел РЭВ.
74-ы асобны полк сувязі (в/ч 41780 у Горадні) шукае спецыялістаў на пасаду «аператар» з валоданнем адной з замежных моваў (літоўская, латышская, польская, англійская). Колькасць вакансіяў невядомая, прымаюць толькі жанчын.
Паводле сайту Міністэрства абароны, РЭВ – гэта спосаб збору выведнай інфармацыі ў радыёсігналах, праз які сістэма РЭВ «надзейна забяспечвае дзяржаўнае і вайскова-палітычнае кіраўніцтва краіны неабходнай і дакладнай інфармацыяй».
«Гаюн» не ведае прычынаў павелічэння колькасці вакансіяў, але выказвае дзве тэорыі: або вайскоўцы нарошчваюць вядзенне радыёэлектроннай выведкі ў раёнах блізу межаў з дзяржавамі NATO, або задавальняюць «кадравы голад» пасля звальнення вайскоўцаў.
Таксама праект адзначае, што Узброеныя сілы Беларусі пакуль не шукаюць спецыялістаў з ведамі ўкраінскай мовы – можа, лічаць, што беларускія вайскоўцы і так зразумеюць украінскую мову, а можа, не збіраюцца нападаць на Украіну.
Алесь Наваборскі belsat.eu