Следчы камітэт Беларусі заявіў, што атрымаў звесткі пра нібыта пакаранне смерцю польскімі вайскоўцамі 241 асобы ў чэрвені 2021 года.
У сваім паведамленні пра нібыта масавыя забойствы СК спасылаецца на паказанні польскага вайскоўца Эміля Чэчкі, які ўцёк у Беларусь.
«Паводле яго, з 8 да 19 чэрвеня 2021 года ён асабіста прымаў удзел і быў відавочцам масавага сістэматычнага ажыццяўлення пакаранняў смерцю без суда ў дачыненні 241 чалавека. Сярод забітых – жанчыны і дзеці», – адзначыў намеснік начальніка ўпраўлення галоўнага следчага ўпраўлення Следчага камітэту Аляксандр Рудзько.
Паводле яго, з удзелам Чэчкі складзеныя фотаробаты вайскоўцаў, пра якіх ён казаў. Расстрэлы нібыта ажыццяўляліся з выкарыстаннем службовага аўтамата «Beryl», а кіраваў усім Томэк, які «быў працаўніком контрвыведкі Рэспублікі Польшча».
16 снежня 2021 года, падчас гарачай хвалі штучнага міграцыйнага крызісу на мяжы Польшчы і Беларусі, у прапагандысцкай прэсе з’яўляецца паведамленне пра ўцёкі ў Беларусь вайскоўца 16-й Паморскай механізаванай дывізіі Збройных сілаў Польшчы Эміля Чэчкі – нібыта праз ягоную нязгоду з палітыкай Польшчы ў дачыненні мігрантаў. У сябе на радзіме гэты малады чалавек абвінавачваецца ў дэзерцірстве, псіхалагічным і фізічным гвалце над уласнай маці, у кіраванні аўтам без кіроўчых правоў. Таксама ён лячыўся ад алкагольнай залежнасці.
У Беларусі Чэчка агучваў патрэбныя лукашэнкаўскай прапагандзе «факты» пра забойства мігрантаў на польскай мяжы. Больш за тое, ён спакойна прызнаваўся на відэакамеру, што сам штодня разам з сябрам расстрэльваў прыблізна 20 мігрантаў. Агулам жа Чэчка заявіў пра імаверную колькасць забітых мігрантаў – ад 200 да 700 асобаў, але ўсе гэтыя факты засталіся бяздоказнымі. Больш за тое, пасля такіх «прызнанняў» улады Беларусі не ўзялі яго пад варту, а наадварот, працягнулі рабіць з яго зорку дзяржаўных тэлеканалаў.
Праўда, ужо ў сакавіку 2023 года Чэчку знайшлі засіленым у «месцы пражывання ў Менску». А ў ягоны гонар у Горадні была названая вуліца, на якой месціцца Генеральны кансулат Польшчы.
Якуб Хруст belsat.eu