Нацыянальна-вызвольны рух «Вольная Беларусь» на чале з Зянонам Пазняком выступіў з заявай з нагоды правядзення прэзідэнцкіх выбараў, прызначаных на 26 студзеня 2025 года.
У заяве гаворыцца аб тым, што галоўная мэта выбарчай кампаніі для ўладаў, падкантрольных Аляксандру Лукашэнку, – «аднавіць уласную легітымнасьць і прымусіць людзей прыняць новую палітычную рэчаіснасьць у Беларусі».
Сама ж кампанія будзе праходзіць «ва ўмовах палітычнага тэрору, рэпрэсій, агульнага вынішчэньня грамадзянскай супольнасьці і разбурэньня інстытуту выбараў як такога».
Беларускія ўлады, адзначаюць аўтары заявы, будуць праводзіць галасаванне з выкарыстаннем шырокага кантролю і ціску, прыцягненнем атрадаў міліцыі і АМАПУ і іншых парамілітарных адзінак. У той жа час выбарчыя камісіі будуць цалкам ананімныя і сфармаваныя з адданых існуючаму ладу людзей.
Усё гэта, на думку прадстаўнікоў руху «Вольная Беларусь», гарантавана забяспечыць патрэбны для Аляксандра Лукашэнкі вынік.
,,«Галоўнае, што рэжыму неабходна дасягнуць пад час квазівыбараў, – гэта абсалютная паслухмянасьць грамадзтва і ягоны ўдзел у галасаваньні», – гаворыцца ў заяве.
У сувязі з гэтым, лічаць у «Вольнай Беларусі», сам прыход грамадзянаў на ўчастак будзе азначаць прызнанне «выбараў» і «прызнанне факту выбару, бо нават калі грамадзянін галасуе супраць усіх, – ён рэалізуе свой выбар».
У сувязі з гэтым, гаворыцца ў заяве, лепей скарыстацца іншым метадам дэманстрацыі палітычнай нязгоды з сістэмай і фальшывымі выбарамі – «гэта сьвядомае іх ігнараваньне, якое прадэманструе грамадзкі супраціў і тое, што беларусы не падтрымліваюць ні Лукашэнку, ні працэс усеагульнага падману».
А ўжо наступнай формай супраціву прадстаўнікі руху называюць «выяўленьне інфармацыі пра арганізатараў «выбарчага падману», сябраў камісіі як саўдзельнікаў у палітычным злачынстве і публікацыю зьвестак пра іх ў адкрытым доступе».
У канцы заявы гучыць заклік да ўсёй беларускай дэмакратычнай грамадскасці не падтрымліваць прапанову, агучаную Офісам Святланы Ціханоўскай, АПК і Каардынацыйнай радай, паводле якой людзей заклікаюць прыйсці на выбары і выказаць свой пратэст шляхам галасавання супраць усіх. Такую прапанову «Вольная Беларусь» называе «формай запрашэньня да ўдзелу ў фальшывым галасаваньні», а значыць, яна будзе выкарыстаная ўладамі ў сваіх палітычных інтарэсах.
Нагадаем, што 23 кастрычніка Каардынацыйная рада большасцю галасоў прыняла агульную стратэгію дзеянняў дэмакратычных сілаў Беларусі на прэзідэнцкіх выбарах, прызначаных Аляксандрам Лукашэнкам на 26 студзеня 2025 года. Стратэгія была распрацаваная разам з Оіфсам Святланы Ціханоўскай, Аб'яднаным пераходным кабінетам і Каардынацыйнай радай.
Згодна з ёй дэмакратычныя сілы высунулі некалькі патрабаванняў да афіцыйных уладаў (сярод іх, напрыклад, спыненне рэпрэсій, вызваленне ўсіх палітвязняў, правядзенне выбараў у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі і інш.). Калі гэтыя ўмовы не будуць выкананыя, то выбары можна будзе назваць імітацыяй, а таму выказаць свой пратэст супраць іх можна будзе шляхам галасавання супраць усіх.
Раман Шавель belsat.eu