навіны

Дэмакратычныя сілы Беларусі прынялі агульную стратэгію да выбараў 2025 года

скрыня для галасавання
Фота мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: soyuz.by
podpis źródła zdjęcia

Каардынацыйная рада большасцю галасоў прыняла агульную стратэгію дзеянняў дэмакратычных сілаў Беларусі на прэзідэнцкіх выбарах, прызначаных Аляксандрам Лукашэнкам на 26 студзеня 2025 года.

Стратэгія была распрацаваная разам з Оіфсам Святланы Ціханоўскай, Аб'яднаным пераходным кабінетам і Каардынацыйнай радай.


«Была сфармаваная працоўная група, якая некалькі месяцаў працавала над гэтым дакументам. У ім выкладзеныя асноўныя дзеянні і пазіцыі дэмакратычных сілаў, а таксама план дзеянняў, прапанаваны беларусам. Гэтая стратэгія – наш адказ недэмакратычным «бязвыбарам» Лукашэнкі», – пракаментавала спікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава.


У агульнай заяве дэмакратычных сілаў зазначаецца, што гэтая электаральная кампанія праводзіцца ў сітуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Рэспубліцы Беларусь, а Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадства, абапіраючыся на падтрыманне Крамля.

,,

«У 2025 годзе адбудуцца так званыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі, а на самой справе – бязвыбары, таму што права выбару ў людзей скрадзенае», – гаворыцца ў заяве.


Дэмсілы патрабуюць:


•   спынення ўсіх відаў рэпрэсіяў;
•   вызвалення ўсіх палітзняволеных;
•   рэалізацыі права ўсіх грамадзянаў Беларусі на паўнавартасны ўдзел у выбарах незалежна ад месца жыхарства;
•   забеспячэння свабоды сходаў і роўнага доступу да сродкаў масавай інфармацыі;
•   правядзення выбараў у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі АБСЕ і пад кантролем назіральнікаў.


«Калі гэтыя патрабаванні не будуць выкананыя рэжымам, мы лічым тое, што адбудзецца ў 2025 годзе, імітацыяй выбарчага працэсу і прапануем выказаць свой пратэст шляхам галасавання супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу», – заклікаюць дэмсілы.


Аўтары заявы абяцаюць прапрацаваць і прапанаваць іншыя варыянты, як выказаць пратэст, у залежнасці ад развіцця сітуацыі.

,,

«Такім чынам мы пакажам, што беларускае грамадства дагэтуль выступае супраць Лукашэнкі і патрабуе свабодных і справядлівых выбараў», – рэзюмуюць Офіс Ціханоўскай, АПК і Каардынацыйная рада.


Выбары прэзідэнта Беларусі прызначаныя на 26 студзеня 2025 года. Гэта будуць сёмыя ў гісторыі незалежнай Беларусі прэзідэнцкія выбары. Пасля папярэдніх, што адбыліся 9 жніўня 2020 года, у краіне пачаліся жорсткія масавыя рэпрэсіі, якія працягваюцца дагэтуль.


Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10