Гурт «Пятля Прыхільнасці» выпусціў свой сёмы альбом – гэтым разам ён цалкам складаецца з песень па-беларуску.
Альбом, у які ўваходзяць восем трэкаў, атрымаў назву «Суперпазіцыя».
,,«Альбом аб пачуццях назіральніка за катом Шрэдынгера. У ролі ката – наша з вамі агульная будучыня. Аб роспачы, праз прызму якой усё ўжо выглядае мёртвым, і надзеі, якая дазваляе бачыць яго жывым. Пра невыноснасць перажывання суперпазіцыі аб'екта наш новы поп-альбом», – напісаў гурт на сваёй старонцы ў Facebook.
Усяго цягам аднаго дня праца «Пятлі Прыхільнасці» сабрала нямала разнапланавых рэцэнзіяў і водгукаў, большасцю станоўчых.
Музычны крытык Аляксандр Чарнуха адзначыў у сваім тэлеграм-канале «Беларуская музыка», што новы рэліз гурта «даволі моцна адрозніваецца ад папярэдніх працаў калектыву».
,,«Тут шмат чаго адбываецца ўпершыню. Беларускамоўная лірыка, акустычныя гітары, электроніка, візуал – нібыта гурт хоча перафармуляваць сябе і выскачыць з уласнага фармату», – напісаў Аляксандр Чарнуха.
Але найбольшыя жарсці разгарнуліся ў каментарах у акаўнце гурта «ВКонтакте», дзе прыхільнікі «Пятлі» з Расеі часам дазвалялі сабе рэзкія выпады ў бок беларускай мовы і заклікалі ўдзельнікаў не «мяняць усё так катэгарычна», бо на беларускай мове яны «не разумеюць амаль нічога».
Паслухаць альбом можна на буйных музычных пляцоўках: Spotify, YouTube Music.
Раман Шавель belsat.eu