навіны

Найменей тры «Шагэды» заходзілі ўначы на тэрыторыю Беларусі

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: factor.am
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: factor.am
podpis źródła zdjęcia

Позна ўвечары 20 кастрычніка і раніцай 21 кастрычніка найменей тры БПЛА тыпу «Шагэд» заходзілі на тэрыторыю Беларусі. У неба ўздымалася авіяцыя.

Паводле звестак, апублікаваных маніторынгавай групай «Беларускі Гаюн», расейскія дроны-камікадзэ зайшлі ў Беларусь з тэрыторыі Украіны. Два з трох прыкмечаных БПЛА прайшлі праз калідор Камарын – Прыпяць а 23:07 і 07:30.

Яшчэ адзін беспілотнік быў прыкмечаны каля памежжа з Беларуссю ў ваколіцах Лоева а 1:45. Аднак невядома, што з ім адбылося далей.

Паводле аўтараў з маніторынгавай групы, цягам ночы і раніцай з аэрадрому ў Баранавічах на паўднёвы ўсход двойчы выляталі знішчальнікі ВПС РБ: першы раз каля 02:30 (вярнуўся а 4:00 раніцы) і другі – каля 9:20 (вярнуўся аб 11:00).

«Беларускі Гаюн» дапускае, што «Шагэдаў», якія зайшлі на тэрыторыю Беларусі гэтаю ноччу, магло быць больш.

Нагадаем, што апошнім часам колькасць БПЛА, якія залятаюць у Беларусь, значна павялічылася.

Так, у ноч на 18 кастрычніка маніторынгавыя каналы зафіксавалі на тэрыторыі Беларусі найменей дзевяць беспілотнікаў, два з якіх зніклі. Яшчэ некалькі «Шагэдаў» заляталі ў ноч на 20 кастрычніка. Адзін з іх збілі над Ельскім раёнам.

14 кастрычніка на сайце petitions.by з’явілася петыцыя «Аб абароне навучальных установаў Хойніцкага раёну ад БПЛА», у якой жыхары просяць выканкам абараніць іх ад дронаў.

Доўгі час афіцыйныя ўлады не давалі ніякай інфармацыі пра заходы дронаў у Беларусь. Мінабароны вымушанае было адрэагаваць на гэта толькі пасля таго, як пад Гомлем прыйшлося збіваць беспілотнікі, што было вельмі прыкметна і моцна напужала мясцовых жыхароў.

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10