Калумніст «Bloomberg» Макс Гастынгс сцвярджае, што «Украіна хутка будзе прададзеная», і толькі павелічэнне ёй дапамогі можа перадухіліць гэта. Пераказваем асноўнае з артыкула.
Захад, падзелены эканамічнымі і энергетычнымі праблемамі, шукае шляхі спынення падтрымкі Украіны ў яе барацьбе супраць расейскай агрэсіі, піша калумніст «Bloomberg».
Расея акупавала пятую частку тэрыторыі Украіны, а спробы вызваліць гэтыя землі пакуль не прывялі да поспеху. Уладзімір Пуцін узмацняе сваю армію сучаснай зброяй, у той час як Украіна з цяжкасцю падтрымлівае свае сілы. Ёсць асцярогі, што пры перамозе Дональда Трампа на выбарах у ЗША Украіна апынецца ў цяжкім становішчы з-за яго прыхільнасці да Пуціна.
,,«Нават, калі Камала Гэрыс стане прэзідэнткай, хутчэй за ўсё, яна таксама будзе шукаць шлях да заканчэння вайны, бо Вашынгтон не бачыць сцэнарыя, пры якім Украіна пераможа, нягледзячы на пастаўкі ёй амерыканскай дапамогі ў памеры 175 мільярдаў долараў», – піша Макс Гастынгс.
Ваенныя канфлікты на Блізкім Усходзе таксама адцягнулі ўвагу Захаду, што яшчэ больш ускладняе сітуацыю для Украіны.
Аналізуючы дэталі, Макс Гастынгс адзначае, што Расея атрымлівае больш эфектыўную зброю. Так, Паўночная Карэя пастаўляе ёй боепрыпасы, якія каштуюць у дзесяць разоў менш, чым боепрыпасы, якія Украіна атрымлівае ад заходніх партнёраў. Ёсць паведамленні аб сотнях паўночнакарэйскіх ваенных тэхнікаў, якія былі адпраўлены ў Расею для дапамогі ў стварэнні ракет, што пастаўляюцца Пхеньянам. Расейцам удаецца нелегальна падключацца да спадарожнікаў Starlink для павышэння дакладнасці назірання і кіравання. Расея таксама выкарыстоўвае балістычныя ракеты, якія пастаўляюцца Іранам.
З іншага боку, Украіна зазнае бамбардаванні, якія разбураюць энергетычную інфраструктуру краіны, гэта можа прывесці да таго, што шмат людзей застануцца зімой без цяпла і святла. Разам з тым з боку ўкраінцаў расце крыўда ў бок ЗША, што яны не дазвалюць украінскім войскам выкарыстанне амерыканскай зброі для ўдараў у адказ на атакі расейцаў.
На міжнароднай арэне план перамогі, прадстаўлены Уладзімірам Зяленскім, атрымаў «толькі словы падтрымкі». «Але прыватна еўрапейскія краіны адчайна хочуць вярнуць стары рэжым таннай энергіі, які залежаў ад расейскай нафты і газу», – піша журналіст.
І без таго не вельмі актыўныя пастаўкі еўрапейскай зброі ва Украіну зараз спыняюцца з-за павольных тэмпаў вытворчасці, а эканамічныя санкцыі супраць Расеі застаюцца вельмі дзіравымі, бо «на Захадзе не хапае рашучасці для іх выканання».
У самой жа Украіне ўсё больш гавораць пра перамовы з Расеяй, разумеючы, што на сёння малаверагодна выгнаць расейскія войскі з ужо захопленых тэрыторыяў. Аперацыя ў Курску, якая на пэўны час ускалыхнула сітуацыю і лічылася ўдарам па іміджу Пуціна, не мела далейшага развіцця.
,,«Амерыканскі стратэг прадказаў у першую зіму вайны, што хоць расейцам можа не ўдасца заваяваць Украіну, яны могуць трымаць яе ў такім стане, у якім ніхто не пажадае жыць ці інвеставаць у яе. Гэта рэальная перспектыва», – піша Макс Гастынгс.
Найлепшай гарантыяй бяспекі для Украіны магло б стаць ейнае сяброўства ў NATO. Аднак гэта малаверагодна, бо Пуцін адмовіцца ад любой дамовы, якая ўключае ў сябе такую ўмову. ЗША таксама не рызыкуюць браць на сябе такое абавязальніцтва, а ўлады Нямеччыны і, магчыма, іншых еўрапейскіх краінаў накладуць на такое рашэнне вета.
У той жа час і самі ўкраінцы адхіляць любую ўгоду, якая не дасць ім заходніх ваенных гарантый у выпадку аднаўлення расейскай агрэсіі.
Гэтая вайна пачалася з-за таго, лічыць журналіст, што Масква не можа трываць побач з сабой паспяховага дэмакратычнага і незалежнага суседа. А галоўнай перашкодай да заканчэння вайны Гастынг назвае жаданне Пуціна бачыць марыянеткавы ўрад у Кіеве, у той час як украінцы ахвяравалі дзясяткі тысяч жыццяў, каб перадухіліць такі вынік.
На думку Гастынгса, захад прадэманстраваў сур’ёзны недахоп лідарства і не быў гатовы да працяглага канфлікту.
«Мне здаецца, што перакананне Пуціна аб тым, што Захад слабавольны і падзелены, добра абгрунтаванае – а значыць, Захад уразлівы. Мы павінны саромецца гэтага, і ў нас яшчэ ёсць час даказаць яго памылковасць, значна павялічыўшы пастаўкі зброі і фінансавую дапамогу Кіеву», – завяршае свой артыкул калумніст Bloomberg.
Раман Шавель belsat.eu