навіны

Кіраўнік МУС Беларусі спрабуе дамагчыся супрацы з Турцыяй у барацьбе са злачыннасцю

Ілюстрацыйны здымак
Ілюстрацыйны здымак. Фота: Валерый Шарыфулін/ТАСС
podpis źródła zdjęcia

Міністр унутраных справаў Беларусі Іван Кубракоў запрасіў свайго турэцкага калегу Алі Ерлікая наведаць Беларусь «для азнаямлення з дзейнасцю беларускага міліцэйскага ведамства». Да гэтага на сустрэчы з амбасадарам Турцыі Кубракоў «пацвердзіў гатовасць да супольнай дзейнасці» з Турцыяй.

Гаворка нібыта ідзе пра «актывізацыю працы дзеля падпісання пагаднення паміж урадамі Беларусі і Турцыі наконт узаемнага прызнання і абмену нацыянальных кіравецкіх пасведчанняў, а таксама наконт супрацы ў галіне барацьбы са злачыннасцю».

Такі від супрацы амбасадару Турцыі Гючлю Джэму Ышыку на сустрэчы 17 кастрычніка прапанаваў міністр унутраных справаў Беларусі Іван Кубракоў. Прэс-служба МУС паведамляе, што Кубракоў «пацвердзіў гатовасць да супольнай дзейнасці» – абмену досведам у сферы процідзеяння кіберзлачыннасці, гандлю людзьмі, незаконнаму абароту наркотыкаў і арганізаванай злачыннасці, а таксама пільнавання грамадскай бяспекі падчас масавых спартовых падзеяў.

Бакі ўжо нават абмеркавалі арганізацыю супольных трэнаванняў спецыяльных падраздзяленняў барацьбы з тэрарызмам, рыхтаванне спецыялістаў на базе Акадэміі МУС Беларусі і Акадэміі Нацыянальнай паліцыі Турцыі.

Што гэта значыць для звычайных грамадзянаў і ці ёсць у такой беларуска-турэцкай супрацы рызыкі, напрыклад, для «палітычных» беларусаў? Сцвярджаць штосьці пакуль цяжка, аднак апошнія падзеі кажуць, што выдача злачынцаў паміж краінамі ўжо наладжаная. Засталося толькі зразумець, ці будзе Турцыя прызнаваць «злачынцамі» беларусаў, якіх рэжым Лукашэнкі, напрыклад, пераследуе з палітычных матываў.

Пакуль прэцэдэнтаў не было. Вядома толькі, што гэтым летам Мінск на просьбу Міністэрства юстыцыі Турцыі ў межах міждзяржаўнай дамовы наконт прававой дапамогі ў цывільных, гаспадарчых і крымінальных справах выдаў Анкары абвінавачанага ў забойстве турэцкага грамадзяніна. Таксама некалькі месяцаў таму намеснік начальніка Нацыянальнага цэнтральнага бюро Інтэрполу ў Беларусі Леанід Рахленка паведамляў, што пастановаю Генпракуратуры ў Турцыю былі экстрадаваныя два грамадзяніны гэтай дзяржавы – мужчыны 40 і 43 гадоў.

Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10