навіны

Клікні, дзе баліць. Гарадзенцы запусцілі ў Telegram праграму для лекавай фізкультуры

Выбар практыкавання для замарожанага пляча ў «Фізіябоце»
Выбар практыкавання для замарожанага пляча ў «Фізіябоце». Скрыншот: Feeziobot / Telegram
podpis źródła zdjęcia

Стваральнікі платформы «Feezio» падумалі, што раз у Беларусі цяжка знайсці рэабілітолага ці інструктара ў рэабілітацыі, варта зрабіць пра гэта простую праграму з інструкцыямі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: grodno.1prof.by
Ці атрымаецца вярнуць лекараў у дзяржаўную медыцыну? навіны

У Telegram запусціўся «Фізіябот» ад стваральнікаў медычнай платформы «Feezio». Атрымаць спіс практыкаванняў пры болях у канкрэтных месцах можна бясплатна праз бота @feeziobot. Яго стварылі гарадзенцы Дзяніс і Дар’я Цішыны; яны расказалі пра праграму Dev.by.


Дар’я Цішына – неўролаг і рэабілітолаг, а ейны муж Дзяніс Цішын – прадпрымальнік і бізнес-аналітык. Яны былі лаўрэатамі конкурсаў «Social Weekend» 2017 і 2019 гадоў, стварылі платформу «Feezio» для спецыялістаў у рэабілітацыі. Праграма дазваляла лекару скласці праграму для пацыента, але пацыент сам не мог выбраць сабе комплексу практыкаванняў, а «запыт на рэабілітацыю значна вышэйшы за прапанову», кажа Дар’я.


⚠️ Звярніце ўвагу: ніякая праграма не заменіць прафесійнага лекара!


Беларусы вымушаныя самастойна шукаць практыкаванні ў інтэрнэце, бо знайсці рэабілітолага – «цэлы кўэст», тлумачыць лекарка. Ды ў інтэрнэце можна знайсці курсы ад аматараў, якія спецыялісты ганяць.


Калі ў Расеі пачалі блакаваць YouTube, Цішыны надумалі зрабіць праграму ў Telegram, бо расейскамоўнай аўдыторыі бот з практыкаваннямі лекавай фізкультуры (ЛФК) «патрэбны як ніколі», а відэа ў іх ужо былі гатовыя.


Бот працуе як міні-праграма ў Telegram, мае пакуль толькі расейскамоўны інтэрфейс. Пачаць проста: трэба пазначыць на мужчынскай ці жаночай фігурцы чалавека месцы, што баляць. Можна пазначаць не адну зону: можа, баліць толькі шыя, а можа, левае калена і правы локаць. Пасля выбару зонаў, у якіх адчуваюцца болі, праграма прапануе розныя курсы практыкаванняў з відэа і тэкставым апісаннем. Калі штосьці незразумела, можна звярнуцца ў чат, дзе можа адказаць Дар’я ці ейныя калегі.


Цяпер у боце больш за 80 курсаў практыкаванняў, распрацоўнікі абяцаюць неўзабаве дадаць яшчэ пару дзясяткаў. Таксама збіраюцца дадаць нумараваны каталог курсаў практыкаванняў, далей працаваць над інтэрфейсам.


Колькі грошай пайшло на гэтую праграму, Цішыны не лічылі: перасталі падлічваць, калі на «Feezio» сышло 70 тыс. долараў. Як адзначае Дзяніс, праца Дар’і са стварэннем сцэнароў, пастаноўкай відэа і апісаннямі была нават цяжэйшаю за працу праграміста.


«Фізіябот» не адзіны праект беларусаў у онлайн-медыцыне.


На платформе «еЗдароўе» (заблакаваны ў Беларусі сайт Okdoc.me) беларускія дактары па-ранейшаму даюць дыстанцыйныя кансультацыі на мноства тэмаў: ад галаўнога болю ці алергіі да псіхалагічнай дапамогі. Платы з пацыентаў не бяруць, але просяць ахвяраваць столькі, колькі карыстальнікі могуць.


Найбольш вядомая ў свеце беларуская праграма, звязаная са здароўем, – гэта жаночы каляндар-даведнік «Flo». Яго стваральнікі, кампанія «Flo Health», нядаўна сабраліся выходзіць на біржу і чакаюць ацэнкі не ніжэй за 5 млрд долараў.


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10