З 15 кастрычніка ўвайшла ў моц пастанова аб контрсанкцыях, што забараняе ўвозіць у краіну шэраг тавараў з «несяброўскіх краінаў». На думку экспертаў, улады проста карыстаюцца момантам, каб падтрымаць айчынных вытворцаў.
Рытуальныя танцы
На думку блогера і вядоўцы праграмы «Атмасфера» на «Белсаце» Аляксандра Кныровіча, усе гэтыя забароны можна назваць рытуальнымі танцамі.
Калі паглядзець на спіс контрсанкцыйных тавараў, то ў ім, кажа адмысловец, згадваюцца лядоўні, але беларускі вытворца лядоўняў «Атлант» прайграе галоўны для сябе рынак – расейскі. Дый на беларускім рынку ён саступае ў першую чаргу расейскім, кітайскім і турэцкім, а не заходнееўрапейскім брэндам – плынь апошніх была даволі невялікая.
Такая сітуацыя і з шыннаю прадукцыяй, што таксама згадваецца ў спісе контрсанкцыяў. Беларуская «Белшына» працуе ў мінус, кажа Кныровіч, але яе галоўныя канкурэнты – не заходнія, а расейскія і кітайскія кампаніі.
,,«Ніякага істотнага ўплыву на беларускі рынак гэтая забарона не зробіць. Таму, я падкрэслю, гэта рытуал: вы нам забаранілі адно, мы вам забаронім нешта іншае. І нічога болей», – кажа Аляксандр Кныровіч.
Суразмоўца ўдакладняе, што ўплыў можа праявіцца хіба ў нейкіх «высокіх сегментах» рынку. Але гэта зусім невялікія аб’ёмы, і беларусы знойдуць магчымасць купляць гэтую прадукцыю, праўда, яна будзе ісці ўжо не праз Польшчу і Літву, як раней, а праз Турэччыну, Казахстан ці Кыргызстан.
Робяцца такія пастановы, бо яны вельмі добра выглядаюць на паперах беларускіх чыноўнікаў і самога Аляксандра Лукашэнкі.
«Мы не можам прадаваць на нашым рынку лядоўні «Атлант», займаючы меней за 50 % беларускага рынку, не можам прадаваць шыннай прадукцыі, бо «Белшына» мае менш за палову рынку, мы не можам прадаваць нечага яшчэ, то давайце гэта забаронім. Гэта як бы адказ на санкцыі Еўразвязу. А пра тое, што сапраўдны рынак фармуецца праз Расею і Кітай, можна трохі памаўчаць, бо гэта не так прыгожа выглядае на паперы», – кажа Аляксандр Кныровіч.

Дэманізацыя еўрапейскіх санкцыяў
На думку намесніка прадстаўніка ў справе транзіту ўлады Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі Арцёма Брухана, контрсанкцыі, уведзеныя рэжымам, ёсць не столькі адказам на санкцыі Захаду, колькі спробаю дэманізаваць еўрапейскія санкцыі.
Паводле суразмоўцы, выходзіць, што на прадукты, якія ўвозіліся ў краіну звычайнымі беларусамі, санкцыі накладаюцца менавіта рэжымам Лукашэнкі, а не еўрапейскімі краінамі. Але на ўнутраную аўдыторыю прапагандысты «з усіх прасаў» кажуць, што «санкцыі перашкаджаюць простаму народу». Нават гаворыцца, што беларусаў хочуць давесці да голаду. Але, падкрэслівае Арцём Брухан, харчовых санкцыяў Еўрапейскі Звяз якраз не ўводзіў у адрозненне ад рэжыму Лукашэнкі, контрсанкцыі якога прадугледжваюць забарону ўвозу харчоў.
,,«Яны [улады. – заўв. рэд. «Белсату»] спрабуюць забіць двух зайцоў разам: дэманізаваць санкцыі і абараніць свой унутраны рынак, каб людзі куплялі не замежнае, а тое, што прадукуецца ў Беларусі, але не прадаецца, бо не запатрабаванае праз ніжэйшую якасць. У гэтым і сэнс», – кажа Арцём Брухан.
Па звычайных людзях б’е сам рэжым
На думку намесніка прадстаўніка ў справе транзіту ўлады АПКБ, звычайныя людзі заўсёды будуць шукаць тое, што для іх лепш: якасныя і танныя прадукты. Толькі тады, калі такой магчымасці не будзе, яны будуць купляць тое, што вырабляецца ў Беларусі.
Але, адзначае Арцём Брухан, ёсць рызыка, што беларусы могуць паехаць купляць прадукцыю, якая адсутнічае на беларускім рынку, у тую ж Расею.
«Выходзіць, рэжым сваймі контрсанкцыямі робіць больш [шкоды] для беларускага грамадства, для звычайных людзей, чымся іншыя санкцыі. То бок падыход Еўрапейскага Звязу да санкцыяў больш чалавечны, ён, хутчэй, спрабуе біць па рэжыме Лукашэнкі. А вось рэжым, прыкрываючыся тым, што Еўропа б’е па звычайных людзях, сапраўды б’е па звычайных людзях, ніколі не клапоцячыся пра іх», – адзначыў суразмоўца «Белсату».
Падрабязней глядзіце ў сюжэце:
Раман Шавель belsat.eu