Уявіце, што вы арандавалі пакой, а гаспадары дому сочаць праз камеры за кожным вашым крокам. Не апусцілі вечка ўнітаза – пішуць прэтэнзію ў «Вайбэр»; няроўна паставілі крэсла на кухні – ізноў паведамленне. За «больш сур’ёзныя правіны» – грашовыя штрафы, а ў ваш пакой могуць зайсці без вашага дазволу. Менавіта такія ўмовы для жыхароў стварыў беларус – гаспадар дому ў горадзе Зомбкі пад Варшавай. Мы знайшлі пяцярых пацярпелых ад дзеянняў суайчынніка – былыя арандатары распавялі нам, як шукалі пакой, а апынуліся ледзь не ў турме. Двое з іх – сыны беларускага прапаведніка Сергія Мельянца.
Паўсюль камеры, уваход – праз адбітак пальца
Сергій Мельянец уцёк у Польшчу ад пераследу за сваю пазіцыю на радзіме. Мы рабілі з ім вялікае інтэрв’ю яшчэ ў красавіку. Разам з Сергіем з’ехалі жонка і сямёра дзяцей. Такой вялікай сям’і было няпроста знайсці жытло ў Польшчы. Як толькі гаспадары чулі пра колькасць дзяцей, адразу спынялі размовы, распавядае Сергій. Тады сям’я пастанавіла раздзяліцца, старэйшыя сыны (ім 18 і 21 год) пачалі шукаць асобнае жытло.
Знаёмыя параілі рыэлтарку, якая ў сацсетках называе сябе Наталляй. Яна адразу ж прапанавала Зомбкі: «добры дом, гаспадар, 300 злотых – і я вас звяжу».
Дзіўныя «званочкі» распачаліся ўжо на этапе засялення. Гаспадар – беларус Раман К. – не дазволіў Сергію прысутнічаць падчас падпісання дамовы, маўляў, дзеці поўнагадовыя.
«Але я асабліва не перажываў тады, думаў, ну што там можна падпісаць – стандартную дамову арэнды. Дзеці таксама не ўбачылі падвоху, бо раней увесь час жылі з намі і не сутыкаліся з такім», – кажа Сяргей.
Дом адразу ўразіў Сергія сваімі сістэмамі бяспекі – «паўсюль камеры, а каб зайсці ў пакой ці на кухню, трэба адсканаваць адбітак пальца».

Хлопцы засяліліся на пачатку верасня, і ў іх вельмі хутка пачаліся праблемы.
«За 5 дзён пражывання ў сыноў было каля дзясятка заўвагаў ад гаспадыні, якая ўвесь час маніторыць камеры, размешчаныя ў калідорах, на кухні, на ўсім перыметры дому. Раман у тэлефоннай размове з дзецьмі паставіў перад фактам, што ім заблакуюць кухню, калі яны не заплацяць штраф за парушэнне. Таксама пагражалі паліцыяй, запужвалі ўсімі магчымымі спосабамі. Тлумачылі тым, што ў доме мусіць быць парадак, а пакуль вас не аштрафуеш, вы нічога не зразумееце», – распавядае Сергій.
«Амаль кожны пункт у анкеце сканчаўся штрафам»
Мужчына папрасіў сыноў паказаць дамовы, падпісаныя пры засяленні, і быў шакаваны.
,,«Гэта была не дамова, а анкета госця, у якой не было звестак пра гаспадара памяшкання, але быў спіс правілаў пражывання і розных патрабаванняў. Восем старонак дробным почыркам. Амаль кожны пункт сканчаўся штрафам», – кажа Сергій.
Прыводзім некаторыя пункты анкеты:
· няшчыльна зачыніў брамку і не спрацаваў электронны замок – імгненнае высяленне і штраф;
· выходзіць у хатнім абутку на ганак – забаронена;
· абменьвацца кантактамі з іншымі гасцямі дому – забаронена;
· тэрміновы прыезд гаспадара дамоў – штраф 350 злотых;
· невыкананне правілаў сартавання смецця – штраф 100 злотых;
· шум пасля 22:00 – штраф 250 злотых.

Сынам Сергія выставілі наступныя абвінавачанні: хадзіў у калідоры з кепкай на галаве; неахайна выцерлі стол; адзін з хлопцаў быў з распушчанымі валасамі ў кухні; забылі прыбраць кубачак ад ёгурту; не прыбралі асабісты ручнік з ваннага пакою; паклалі ўсе прадукты на стол; адзін з хлопцаў усміхнуўся ў камеру і паказаў знак перамогі; не ўключылі выцяжку ў кухні – штраф 100 злотых; выкінулі некалькі чэкаў і абгортак ад цукерак у сметніцу на кухні – штраф 100 злотых.
Неўзабаве пра свой досвед пражывання ў доме ў Зомбках напісала ў «Фэйсбуку» яшчэ адна беларуска – Ганна (імя змененая на просьбу жанчыны). Адзін з сыноў Сергія паставіў лайк пад ейным допісам.
«Літаральна праз пару хвілінаў пасля лайку сыну тэлефануе гаспадар і мацюкаецца – чаго ты лайкаеш, падтрымліваеш? У грубай форме запатрабаваў, каб на наступны дзень а 12-й гадзіне мае сыны з’ехалі з ягонага дому. Дзеці пагадзіліся, ён вярнуў ім толькі палову каўцыі, – кажа наш суразмоўца. – Агулам, у гэтае пражыванне была ўкладзеная амаль тысяча долараў: 3600 злотых – аплата з каўцыяй і 300 – рыэлтару».
«Гатовыя нават з фінансавымі стратамі ўцячы з гэтага гета»

Сергій з жонкай хацелі пагутарыць з гаспадаром дому, аднак той на кантакт не пайшоў, дый яшчэ абразіў сям’ю беларусаў. Сергій перакананы, што Раман К. стварыў махлярскую схему і такім чынам зарабляе на арандатарах.
,,«Яны ствараюць невыносныя ўмовы пражывання з сачэннем і штрафамі. А паколькі ў анкеце прапісаны штраф памерам на палову каўцыі калі з’язджаеш раней, чым праз тры месяцы, то дастаткова пару тыдняў пасачыць за чалавекам і патузаць з рознымі нагодамі. Жыхар гатовы нават з фінансавымі стратамі ўцячы з гэтага гета, у выніку пакой вызваляецца для наступнага даверлівага беларуса», – кажа прапаведнік.
Вярнуў Раман хлопцам толькі 1080 злотых: палову каўцыі (900 злотых) і 180 злотых за непражытыя 7 дзён. Грошы аддаў толькі пасля таго, як сыны Сергія падпісалі паперу са словамі: «Выехаў датэрмінова. Прэтэнзіяў да гаспадара дому не маю».
Але на гэтым усё не скончылася. Пасля таго, як сыны Сергія выехалі з пакою, у «Фэйсбуку» з’явілася ананімная старонка, аўтар якой выклаў скрыншоты ліставання з хлопцамі і суправадзіў іх з’едлівымі каментарамі. Сергій упэўнены, што ніхто іншы, акрамя Рамана К. ці ягонай жонкі, не мог гэтага зрабіць.
«Увесь час адчувала, што хтосьці за мной сочыць»
Мы звязаліся з беларускай Ганнай, за лайк пад пастом якой сыноў Сергія выгналі з пакою. Жанчына таксама зняла пакой у доме беларуса праз рэылтарку Наталлю.
«Яна расхваліла мне пакой, гаспадара: ён такі прыстойны, ваш беларус, у яго жывуць украінцы і беларусы, не было ніякіх скаргаў ні ў каго... За сваю працу Наталля ўзяла 300 злотых», – распавядае жанчына.
Ганне таксама далі падпісаць анкету госця замест дамовы, сказалі, што яе падпісваюць усе і ні з кім праблемаў не было, усе спакойна жывуць, галоўнае – падтрымліваць парадак.
«Я папрасіла, каб Раман указаў, якую суму ад мяне ўзяў. Ён напісаў па-польску, што ўзяў грошы, але пазначыў, што здае частку пакою. Потым я зразумела, што гэта каб была падстава заходзіць, калі ён хоча і да каго хоча, хоць гэта тут забаронена заканадаўствам, – зазначае Ганна. – Мне ён не даў майго экзэмпляру анкеты – паабяцаў пазней. Ён пры гэтым быў з дачкой, з жонкай, і гэта выклікала давер. Я думала – сямейны чалавек, не будзе ж ён пры дзіцяці нейкае махлярства чыніць».

Праз некалькі дзён пасля засялення да Ганны пачаліся прэтэнзіі: вы выйшлі з кухні і не паставілі на месца крэсла, не папярэдзілі, што ўключылі пралку, не апусцілі вечка ўнітаза, пакінулі лішнюю пару абутку ля ўваходу, не прапыласосілі ў пакоі...
,,«Я ўвесь час адчувала, што хтосьці за мной сочыць. Я спынялася ў гостэлах у вандроўках, і там ёсць відэакамеры, але не ў такім аб’ёме і не з такімі маніпуляцыямі. Я ўпершыню з такім сутыкнулася. <…> Было адчуванне, што яны шукаюць, да чаго прычапіцца, каб чалавеку стала некамфортна. Адзін раз Раман давёў мяне да слёз», – кажа жанчына.
«Такога госця ў нас яшчэ не было, вы – свіння»
Пасля таго, як Ганна запатрабавала свой экзэмпляр анкеты, Раман загадаў ёй высяляцца:
«Сказаў: мы не хочам, каб вы тут жылі, такога госця ў нас яшчэ не было, вы свіння»...
Ганна з’ехала, а пакой адразу з’явіўся ў абвестках рыэлтаркі Наталлі як вольны. Праз некаторы час нашая суразмоўца сустрэлася з Раманам – ён абяцаў вярнуць каўцыю і грошы за непражыты месяц. Але з умовай падпісання паперы, што Ганна сама з’ехала і не мае прэтэнзіяў. Жанчына адмовілася.
«Ну і ён кажа – я вам нічога не вярну, калі так, і што я нічога тут не дакажу, што я тут ніхто. Я хацела яго сфатаграфаваць, а ён схапіў мяне за руку і хацеў ударыць. Потым выскачыла ягоная жонка, пачала мяне абражаць. І ўсё гэта яны рабілі пры дзецях. 1287 злотых мне так і не вярнулі», – распавядае Ганна.
Праз некаторы час Раман даслаў беларусцы скан сваёй заявы на яе ў паліцыю – маўляў, яна распаўсюдзіла паклёп на яго і асабістыя звесткі ягоныя і сям’і. Таксама мужчына накіраваў заяву ва Управу ў справе замежнікаў, у якой папрасіў праверыць законнасць перабывання Ганны на тэрыторыі Польшчы і падставаў, паводле якіх ёй быў выдадзены дазвол на жыхарства.
Ганна знайшла яшчэ дваіх пацярпелых, якія не пабаяліся пайсці з ёй у паліцыю і напісаць заяву на Рамана К. Беларусы двойчы прыходзілі ў пастарунак, і абодва разы заяву ў іх не прынялі – сказалі, што гэта цывільная справа, ім трэба звяртацца ў суд, а ў паліцыю – у выпадку, калі б пабілі, напрыклад.
«Гаспадары падаліся дзіўнымі»
Адзін з пацярпелых, што пайшоў з Ганнай у паліцыю, Руслан, зняў пакой у доме Рамана на 6 месяцаў. Таксама распавядае пра адбіткі пальцаў, прэсінг, дробязныя дачэпліванні.
Праз 4 месяцы пражывання да Руслана прыйшоў гаспадар і прапанаваў падпісаць дамову яшчэ на 6 месяцаў, але з большай аплатай.
,,«А я за 9 квадратаў плаціў 1400 злотых – кажу, куды ўжо болей? Ну калі не, кажа, з’язджай да 30-га. Я пагадзіўся. Выселіць Раман мог і праз содні – я бачыў такія выпадкі там. Ён проста зарабляе на людзях», – распавядае Руслан.
Раман не вярнуў нашаму суразмоўцы каўцыю памерам 500 злотых. Але, кажа мужчына, за 4 месяцы яму «так расхісталі нервы сваімі паведамленнямі і ўсім астатнім», што ён быў рады і на такіх умовах з’ехаць.
Яшчэ адзін беларус, Павел (імя змененае на просьбу суразмоўцы), знайшоў абвестку пра здачу пакою ў «Фэйсбуку», таксама праз Наталлю. Прывабіў нізкі кошт. Сёлета 10 сакавіка ён разам з сябрам засяліўся. Анкета, якую далі падпісаць, збянтэжыла хлопцаў, аднак Раман К. запэўніў, што гэта «стандартная дамова ў Польшчы, усё для вашай бяспекі».
Хлопцы заплацілі 1800 злотых за дваіх, 300 – рыэлтарцы Наталлі і 600 – каўцыю.
«Гаспадары падаліся нам дзіўнымі, але мы не звярнулі на гэта належнай увагі, пра што неўзабаве пашкадавалі», – зазначае Павел.
Абмяркоўваць гаспадароў дому – забаронена
Неўзабаве ў групе жыхароў дому ў «Вайбэры» і ў асабістыя паведамленні паляцелі прэтэнзіі ад жонкі Рамана, Кацярыны, і штрафы за «парушэнні».
,,«Гэта казарма, рэжымны аб’ект, уваход праз адбіткі пальцаў, відэа- і аўдыёзапіс усяго, што ты там робіш. А яшчэ і забаронена абмяркоўваць гаспадароў дому», – кажа Павел.
Праз пэўны час гаспадары дому загадалі Паўлу высяляцца. Спрачацца ён не стаў. Каўцыю мужчыну не вярнулі.
Наш журналіст патэлефанаваў Раману К. і запытаўся, ці можна зняць у яго пакой. Мужчына пераключыў званок на сваю жонку, якая распавяла, што вольныя два пакоі, прыязджайце, глядзіце, усе дэталі будзем абмяркоўваць на месцы.
«Нам трэба на вас паглядзець. І галоўнае – мы здаём толькі тым, хто працуе», – зазначыла жанчына.
Адначасова мы патэлефанавалі той самай рыэлтарцы Наталлі, праз якую ўсе пацярпелыя і знялі пакоі – яна сказала, што на гэтым канкрэтным адрасе ў Зомбках пакуль няма вольных пакояў.

Мы паспрабавалі звязацца з Раманам і з рэдакцыйнага нумару, каб атрымаць ад яго каментар адносна ўсіх гісторыяў, якія мы пачулі. Аднак больш ні Раман, ні ягоная жонка не адказвалі – увесь час скідвалі званкі.
Падманваў і ў Беларусі, трапіў у чорны спіс бізнесоўцаў
З дапамогай былых жыхароў Рамана К. мы даведаліся, што ён родам са Слоніму, жыў у Пінску, там меў свой бізнес – адпраўляў людзей на працу ў Польшчу. На некаторых сайтах і ў сацсетках шмат каментароў пра тое, што ягоная фірма падманвала.
Мы знайшлі звязаныя з імем Рамана К. клінінгавае агенцтва і турфірму, што месцяцца нібыта ў Польшчы, але іх старонкі ў «Фэйсбуку» даўно закінутыя.
На гэты момант у Рамана ў Польшчы ёсць агенцтва, што займаецца працаўладкаваннем, – фірма «KRK group». На сайце з чорным спісаў кіраўнікоў на гэтую кампанію шмат негатыўных водгукаў і гісторыяў пра падман.
Яшчэ адзін беларус распавёў у «Фэйсбуку», як некалькі гадоў таму выконваў для Рамана К. працы з усталяваннем мэблі і таксама быў падмануты – яму не заплацілі.

Надоечы невядомыя актывісты правялі ў Зомбках «акцыю супраць беларускага махляра». Каля дому Рамана К. і ў іншых частках гораду былі расклееныя больш за 50 плакатаў з інфармацыяй пра дзейнасць гаспадара дому на польскай і беларускай мовах.
Мы працягваем сачыць за развіццём гісторыі. Як толькі атрымаецца ўзяць у Рамана К. каментар – мы адразу яго апублікуем. Таксама мы падрыхтуем для вас парады юрыста, як не трапіць у такую сітуацыю і якія ў гаспадароў жытла ды арандатараў правы і абавязкі згодна з польскім заканадаўствам.
Ганна Ганчар belsat.eu