навіны

Наталля Радзіна на Форуме свабоднай Расеі: Мы з расейцамі не браты

Наталля Радзіна на Форуме свабоднай Расеі ў Вільні.
Наталля Радзіна на Форуме свабоднай Расеі ў Вільні. Фота: Nata Radina / Facebook
podpis źródła zdjęcia

Падчас Форуму свабоднай Расеі, які адбыўся 5 кастрычніка ў Вільні, рэдактарка сайту «Хартыя'97» выступіла з прамовай «Мы з расейцамі зусім не браты».


Выступ Наталлі Радзінай адбыўся ў рамках панэлі «Бясконцая імперыя: дэкаланізацыя ў двукоссі ці без». У ім яна расказала пра еўрапейскія карані беларускага народу і расейскую акупацыю нашай краіны. 

Наталля Радзіна падкрэсліла, што ў выпадку з Беларуссю трэба казаць не пра дэкаланізацыю, а дэакупацыю і абвінаваціла расейскую гістарыяграфію ў тым, што яна маніць, нібыта беларусы толькі і марылі пра тое, каб уз’яднацца з Расеяй. Радзіна на прыкладах паказала, што цягам сваёй гісторыі нашая краіна мела куды больш працяглы перыяд існавання па-за межамі расейскага ўплыву, у той час як суседзі з усходу ўвесь час намагаліся скарыць нашыя землі і падпарадкаваць іх сабе. 


Урэшце, адзначыла рэдактарка «Хартыі'97», больш за 200 гадоў таму Расейскай імперыі ўдалося далучыць нашыя землі. Пазней справу імперыі ў знішчэнні беларускай мовы і культуры працягнуў СССР, а па яго распадзе – рэжым Аляксандра Лукашэнкі.

Пры гэтым Наталля Радзіна выказала сваю пазіцыю наконт магчымай дэакупацыі Беларусі. На ейную думку, беларускія чыноўнікі не хочуць увайсці ў склад Расеі, таму пры спрыяльных умовах «вельмі хутка ўстануць пад бела-чырвона-белыя сцягі». Праблемай можа зрабіцца хіба супраціўленне з боку сілавых структураў, адданых Лукашэнку. 


У гэтым выпадку, лічыць Наталля Радзіна, новы кааліцыйны ўрад Беларусі для забеспячэння правапарадку і стабільнасці можа запрасіць у краіну міжнародныя міратворчыя сілы пад эгідай NATO і ААН (на ўзор міжнародных сілаў пад кіраўніцтвам NATO ў Косава).


Далей жа, лічыць Радзіна, Беларусі трэба тэрмінова выйсці з Саюзнай дзяржавы, АДКБ, ЕАЭС ды СНД і заявіць пра імкненне ўступіць Еўразвяз і NATO, бо будучыня нашай краіны, на думку рэдактаркі «Хартыі'97», ляжыць у складзе гэтых арганізацыяў. 


У каментарах пад поўным тэкстам сваёй прамовы, апублікаваным на ейнай старонцы ў Facebook, Наталля Радзіна адзначыла, што ўдзельнікі панэлі адрэагавалі на ейны выступ «з некаторым здзіўленнем і нават шокам». 


Нагадаем, Форум свабоднай Расеі – гэта незалежная пляцоўка расейскай апазіцыі, у рамках якой абмяркоўваюцца актуальныя праблемы расейскай і міжнароднай палітыкі. Традыцыйна ён праходзіць у Вільні. Сёлета адбыўся ўжо 13-ы такі форум. 


Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10