навіны

Рэжым арыштоўвае чужых дзяцей і сваякоў, а за сваіх гатовы «перагрызаць горла»

Здымак мае ілюстрацыйны характар
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Новы час
podpis źródła zdjęcia

Беларускія ўлады ўзялі ў актыўны абарот савецкую практыку ціску на палітвязняў і дэмлідараў у выгнанні праз сваякоў. Так, родных тых, хто ім няўгодны, рэжым саджае на гады ў турму і катуе, але за сваіх дзяцей гатовы «перагрызаць горла».

Калі справа тычыцца сыноў і дачок саміх прадстаўнікоў беларускіх уладаў, то тут, як той казаў, dura lex – закон суворы.

Аб тым, што дзеці быццам бы не вінаватыя ў грахах сваіх бацькоў, у Аляксандра Лукашэнкі і ягоных паплечнікаў ёсць вельмі выразнае разуменне. Пра гэта сведчыць рэакцыя палітыка на ўвядзенне Міжнародным алімпійскім камітэтам санкцыяў супраць самога Аляксандра Лукашэнкі і ягонага атачэння, у тым ліку і сына Віктара.

«І ладна я, перажыву. Але вы навошта дзяцей чапаеце?» – абураўся ён. Лукашэнка нават запатрабаваў ад Расеі, каб яна ўмяшалася ў гэтую сітуацыю.

«Трэба нам звярнуцца ў суд. Няхай Бах (прэзідэнт Міжнароднага алімпійскага камітэту Томас Бах. – Заўвага «Белсат») і банда раскажуць, у чым мая віна», – казаў Лукашэнка 8 снежня 2020 года. Праўда, нюанс быў у тым, што сын Аляксандра Лукашэнкі, як вядома, займаў на той час пасаду віцэ-прэзідэнта Беларускага НАК (а сам Аляксандр Лукашэнка быў прэзідэнтам гэтай арганізацыі).

Пра тое, што нельга «чапаць дзяцей», катэгарычна выказваліся і іншыя беларускія чыноўнікі.

Так, у разгар пратэстаў 2020 года міністр замежных справаў Уладзімір Макей заяўляў, што гатовы горла перагрызці за слёзы свайго 11-гадовага сына, якому нібыта паступалі пагрозы ад пратэстоўцаў. 

,,

«Я яшчэ магу зразумець, калі гучаць пагрозы ў адрас дзяржаўнага служачага, які займае пэўную пасаду. Але подленькі, ананімны ціск на сям'ю, у тым ліку на малалетніх дзяцей, ніяк не ўкладваецца ў маёй галаве з паняццем «дэмакратыя». За гэтыя слёзы майго адзінаццацігадовага сына я гатовы перагрызці горла. Дэмакратыяй тут не пахне. Тут смярдзіць пагромамі і расправамі», – адзначыў тады Макей.


Былы міністр замежных справаў Уладзімір Макей з жонкай і сынам, 2017 год. Фота: МИД Беларуси / Facebook
Былы міністр замежных справаў Уладзімір Макей з жонкай і сынам, 2017 год. Фота: МИД Беларуси / Facebook

На шчасце, мы не змаглі пабачыць, як былы міністр грызе горла, помсцячы за свайго сына. Дый не ўбачым ужо.

Але добрай ілюстрацыяй таго, што здараецца з тымі, хто «ўзняў руку» супраць дзяцей беларускіх чыноўнікаў, стаў выпадак з нібыта падпалам дома дэпутата Алега Гайдукевіча. Па гэтай справе перад судом паўсталі адразу 18 чалавек (з іх трое – завочна). Рэальнае ж пакаранне атрымалі 15 асобаў. І выракі былі зусім не для пужання, а вельмі нават «горлаперагрызальныя» – да 25 гадоў пазбаўлення волі. Так, Вадзім Пракоп’еў атрымаў максімальны тэрмін (праўда, завочна), а Сяргей Лісоўскі быў асуджаны на цалкам рэальныя 20 гадоў калоніі, сям’і Вайцяховічаў прызначылі ад 11 да 21 года, немалыя тэрміні атрымалі і іншыя фігуранты.

І ўсё гэта за кінутыя бутэлькі з запальнай сумессю, якія не прычынілі амаль што ніякай шкоды і напужалі хіба ката палітыка. У той жа час прапаганда спрэс падкрэслівала, што бутэлькі трапілі ў пакой, у якім жыве дачка Гайдукевіча (у той вечар нікога не было дома).

На самым жа працэсе Алег Гайдукевіч падкрэсліваў, што яго асабліва абурыла апублічаная ў разгар пратэстаў інфармацыя пра ягоных сваякоў, у тым ліку ягонай непоўнагадовай дачкі. Чыноўнік стаяў гарой за дзяцей і «выгрыз» усім фігурантам справы жорсткія прысуды.

Аднак маральны падыход беларускіх чыноўнікаў і суддзяў мяняецца, калі справа датычыцца дзяцей і сваякоў іхных апанентаў...

Працэс над удзельнікамі справы аб падпале дому Гайдукевіча. Фота: БелТА
Працэс над удзельнікамі справы аб падпале дому Гайдукевіча. Фота: БелТА

А чым пахне тут?

Такое пытанне сапраўды хацелася б задаць нябожчыку Уладзіміру Макею з нагоды затрымання сына прэтэндэнта на кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі Эдуарда. Як бы ахарактарызаваў былы міністр замежных справаў тое, што маладога чалавека больш за тры гады пратрымалі ў СІЗА без суду (паводле заканадаўства, максімум – гэта 18 месяцаў)?

Нагадаем, што Эдуард Бабарыка з’яўляўся кіраўніком ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі і быў затрыманы 18 чэрвеня 2020 года, калі разам з бацькам ішоў у Цэнтральную выбарчую камісію здаваць сабраныя подпісы. Толькі праз год пасля затрымання, у чэрвені 2021-га, Эдуарду было выстаўленае абвінавачванне ва ўхіленні ад выплаты падаткаў (ч. 2 арт. 243 КК РБ). У снежні 2021-га стала вядома, што хлопца таксама падазравалі ў распальванні варожасці (арт. 130 ч. 3) і арганізацыі масавых беспарадкаў (арт. 293 ч. 1).

Нягледзячы на працяглы тэрмін утрымання пад вартай і шматлікія падаўжэнні тэрміну, суд над Эдуардам адбыўся толькі ў траўні 2023 года. Па выніках суда Эдуард быў асуджаны на восем гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Суддзя прызначыў яму тэрмін на два гады меншы, чым прасіў пракурор. Пазней, у ліпені 2024 года, Эдуарду Бабарыку дадалі яшчэ два гады зняволення за злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі (ч. 2 арт. 411 КК РБ). Праваабаронцы аднагалосна кажуць пра тое, што абвінавачанні супраць Эдуарда Бабарыкі – гэта спроба ціснуць на бацьку Бабарыку-старэйшага.

Не маючы магчымасці дацягнуцца да актыўных беларусаў у замежжы, рэжым спрабуе ціснуць на іх праз сваякоў, якія застаюцца ў Беларусі. Найбольш паказальным выпадкам стала затрыманне і асуджэнне стрыечнага брата намесніка кіраўніцы АПКБ Паўла Латушкі – Анатоля Латушкі. Яго затрымалі 31 студзеня 2022 года за маляванне герба «Пагоня» па трафарэце на паштовых скрынях у пад'ездах. Падчас затрымання Анатоля моцна збівалі, на судзе, які праходзіў у адкрытым рэжыме, былі раскрытыя дэталі прымянення да яго фізічнай сілы ў Цэнтральным РУУС Менска. Вырак суду – 6 гадоў калоніі строгага рэжыму (яго судзілі па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэксу). А праз тры тыдні на 2,5 года «хатняй хіміі» асудзілі і жонку Анатоля Латушкі – Алену.

Праз некалькіх дзён пасля затрымання брата Паўла Латушкі стала вядома, што крымінальную справу завялі і на дачку палітыка – Яну Латушку. У межах гэтай справы наклалі арышт на яе кватэру ў Менску. Сам палітык назваў тады гэта ўсё «прыкметамі рэпрэсіяў праз прыналежнасць да сям’і».

Палітвязень Анатоль Латушка. Фота: Spring96.org
Палітвязень Анатоль Латушка. Фота: Spring96.org

Дацягнуцца да ўсіх

«Цікавяць» беларускія ўлады не толькі палітыкі. Так, праз дзяцей або, наадварот, бацькоў спрабуюць «дацягнуцца» да журналістаў, пісьменнікаў і ўсіх, хто праяўляе актыўнасць, няўгодную рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Так, дачку вядомага глыбоцкага журналіста Змітра Лупача Святлану арыштавалі проста падчас адпачынку разам з сябрамі 7 траўня 2023 года. Пазней усіх выпусцілі, акрамя Святланы. Яе засудзілі спачатку да 10 содняў арышту за паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»). Пазней на яе завялі справу паводле «народнага», 342-га артыкулу Крымінальнага кодэксу РБ («Арганізацыя або падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх») і асудзілі на 1,5 года калоніі агульнага рэжыму. Сам Зміцер Лупач з’ехаў з Беларусі яшчэ ў 2021 годзе.

Прыходзілі з ператрусамі да бацькоў пісьменніка Сашы Філіпенкі. 9 лістапада 2023 года пісьменнік напісаў, што пасля ператрусу бацьку забралі ў пастарунак. А ягонай маці, не хаваючы матываў свайго прыходу, сілавікі дадалі: «Скажыце дзякуй сыну». «Відавочна, што ціснуць на мяне і хочуць, каб я перастаў выказвацца ў еўрапейскай прэсе», – пракаментаваў гэта тады Філіпенка.

Асаблівым аб’ектам увагі становяцца сваякі байцоў палка Каліноўскага. Тут рэжым без найменшых ваганняў гатовы затрымліваць, саджаць і ціснуць на сваякоў хлопцаў, якія ваююць за Украіну. Так, у верасні 2022 года быў затрыманы бацька «каліноўца» Яна Мельнікава, а ўлетку таго ж года за краты пасадзілі сястру Яна – Вікторыю Навіцкую, абвінаваціўшы паводле «народнага» 342-га артыкула.

У жніўні 2022 года быў затрыманы Сяргей Франчук, стрыечны брат Вадзіма Кабанчука, які на той час з’яўляўся намеснікам камандзіра палка Каліноўскага. Пазней Сяргею прысудзілі 3 гады калоніі агульнага рэжыму.

Пераслед зазналі чатыры сваякі беларускага добраахвотніка Васіля Парфянкова, які загінуў у 2022 годзе пад Лісічанскам. Сярод іх – стрыечны брат, сястра і маці. Ім далі содні па надуманых абвінавачваннях. Стрыечнага брата Васіля, Сяргея Бандарэнку, затрымлівалі двойчы пасля гібелі брата. У лістападзе, пасля допыту ён апынуўся ў менскім шпіталі, адкуль здолеў збегчы ў Польшчу.

Сваякі становяцца добрым «інструментам», каб ускладніць і без таго цяжкі маральны стан палітвязняў, якія адбываюць вялікія тэрміны ў турмах. Так, увосень 2022-га была затрыманая жонка Ігара Лосіка Дар’я – нагодай стала інтэрв’ю Дар’і «Белсату». Яе асудзілі на 2 гады калоніі агульнага рэжыму. А ў 2024-м Дар’ю выпусцілі паводле памілавання, але і гэтым сваім «памілаваннем» рэжым пастараўся зрабіць максімальна балюча Ігару Лосіку, бо ў прапагандысцкім фільме Дар’я сказала, што падае з ім на развод. Вядома, для чалавека, які знаходзіцца ў і без таго прыгнечаным стане, гэтая інфармацыя – чарговае катаванне.

Апагеем жа палявання на сваякоў можна назваць рэйд КДБ, арганізаваны 23–24 студзеня 2024 года, калі было затрымана як мінімум 200 родных палітвязняў і былых палітвязняў. Некаторых з іх пасля арыштавалі, у некаторых правялі вобшукі і пазней адпусцілі. Самі ж затрыманні былі звязаныя пераважна з праектам «IneedHelpBY», які дапамагае прадуктамі тым, хто пацярпеў ад палітычных рэпрэсій і знаходзіцца ў складанай фінансавай сітуацыі. Сярод тых, хто патрапіў у той «хапун», была жонка зняволенага палітыка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч, якую пазней асудзілі на 15 содняў па артыкуле аб дробным хуліганстве. Тады ж затрымалі маці былой палітзняволенай Вольгі Такарчук – Ірыну Такарчук. Пазней яе асудзілі на 3 гады калоніі за спрыянне «экстрэмісцкай дзейнасці». 

Ірына і Вольга Такарчук. Крыніца: Маланка Медиа
Ірына і Вольга Такарчук. Крыніца: Маланка Медиа

Настойлівыя прапановы вярнуцца

Днямі ж гісторыя ціску праз сваякоў атрымала працяг. Беларускім уладам падалося, што цяпер бацькі дзяцей, якія жывуць за мяжой, могуць стаць цудоўным інструментам дзеля таго, каб угаворваць «беглых» вярнуцца.

Так, выданню «Наша Ніва» сталі вядомыя факты, што памежнікі падчас кантролю на прапускных пунктах сталі выклікаць на размову бацькоў, чые дзеці жывуць за мяжой. Цягам такіх размоваў з імі праводзяць гутарку, высвятляючы, чаму дзеці жывуць за мяжой, чаму не хочуць жыць і працаваць у Беларусі. І нарэшце пасля бацькам паступалі настойлівыя прапановы, каб яны тэлефанавалі сваім дзецям і прасілі вярнуцца жыць у Беларусь.

Паводле інфармацыі журналістаў, усіх людзей, з кім такія размовы праводзіліся, адпусцілі. Але ж ва ўмовах абмежаванага доступу да інфармацыі ў Беларусі мы не можам сцвярджаць, што так адбылося ва ўсіх выпадках.

Няма ніякай маралі

Спіс з затрыманнямі і прысудамі сынам, дочкам, жонкам, сёстрам, братам, мамам… можна доўжыць яшчэ вельмі доўга.

Паводле праваабаронцы Вячаслава Касінерава з Dissidentby, усяго ім вядома 513 чалавек, якія зазналі пераслед і якія прыходзяцца сваякамі тым, супраць каго ўзбуджаныя крымінальныя справы за палітыку. 

Што ж да маральнага боку падобнага пераследу, то праваабаронца кажа, што ў рэжыма няма ўжо ніякай маралі. А такі прэсінг, на яго думку, гэта мэтанакіраваная атака на дэмакратычныя сілы, на тых людзей, што ўжо прайшлі праз канвеер катаванняў.

,,

«Мараль тут выкарыстоўваецца выключна як сродак маніпуляцыі, як сродак дасягнення ўлады і задушэння няўгодных. То бок калі выгадна на дадзены момант казаць, што мы стаім на варце сямейных каштоўнасцяў, то ўлада так і будзе казаць, а калі выгадна ад чагосьці адхрышчвацца, то яна будзе ад гэтага адхрышчвацца», – кажа праваабаронца. 


Вячаслаў адзначае, што тут назіраецца перайманне спадчыны з практык Савецкага саюза, калі ад дзеянняў НКУС, а пасля і КДБ уся сям’я зазнавала рэпрэсіі. І да прызнання людзей сваякамі «ворагаў народу», на думку суразмоўцы, мы фактычна ўжо прыйшлі.

Больш за тое, практыка пераследу сваякоў, адзначае Вячаслаў, далёка не новая для беларускіх сілавікоў, і пачалася яна не ў 2020 годзе. Так, яшчэ падчас гучнай справы менскіх антыфашыстаў, якая разглядалася ў 2017-м, абвінавачаныя заяўлялі, што для атрымання паказанняў яны зазнавалі катаванні, а на іхных сваякоў заводзілі крымінальныя справы – усё з той жа мэтай ціску.

«Проста гэта не было вядома грамадству так шырока. А зараз гэта набыло маштаб і сістэмнасць. Мы бачым зараз у тымі ліку па справаздачах Беларускага хельсінскага камітэту, што адна з галоўных задач рэжыму сістэматызаваць гэтыя рэпрэсіўныя практыкі і ўзаконіць іх», – кажа праваабаронца.

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10