навіны

Дэпутатка апавяла, як у беларусаў будуць «нівеляваць утрымальніцкія настроі»

Ірына Касцевіч. Фота: dzr.by
Ірына Касцевіч. Фота: dzr.by
podpis źródła zdjęcia

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, былая міністарка працы і сацыяльнай абароны насельніцтва Ірына Касцевіч апавяла, як і чаму ў 2025 годзе маюць змяніцца падыходы ўладаў да беспрацоўных.

У прыватнасці, дэпутатка адзначыла, што зменяцца падыходы для атрымання статусу беспрацоўнага і прызначэнні дапамогі пры беспрацоўі. Робіцца гэта «дзеля матывацыі да аператыўнага пошуку працы і нівелявання ўтрымальніцкіх настрояў з боку грамадзяніна», перадае DZR.by.

У выніку, паведаміла Ірына Касцевіч, перыяд перабывання на ўліку ў службе занятасці скароціцца з 18 да 12 месяцаў, а перыяд выплаты дапамогі пры беспрацоўі з 6 да 3 месяцаў. Старая норма выплаты дапамогі на працягу паўгода захоўваецца толькі для тых беспрацоўных, каму засталося менш як пяць гадоў да дасягнення пенсійнага веку, а таксама тых, хто жыве на тэрыторыях з напружанаю сітуацыяй на рынку працы.

Больш за тое, уводзяцца тры ўмовы выплаты дапамогі: зарэгістравацца ў службе занятасці цягам месяца з даты звальнення; быць звольненым толькі паводле «паважных» прычынаў і не менш як пяць гадоў да гэтага працаваць і плаціць унёскі ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.

Як адзначыла дэпутатка, умова пра неабходнасць рэгістрацыі на працягу месяца для прызначэння дапамогі таксама закране выпускнікоў установаў адукацыі і звольненых з вайсковай службы.

Нагадаем, што імклівы рост колькасці вакансіяў на сайце дзяржаўнай службы занятасці апошнім часам прыпыніўся ў раёне 164 тысячаў актуальных абвестак. Працадаўцы шукаюць 3 % ад працоўнай сілы краіны. Толькі яны ў сярэднім не гатовыя плаціць сярэдняга заробку.

Якуб Хруст belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10