навіны

Беларусы – натуральныя паліглоты, або Крыж беларускага білінгвізму

Беларусь
Беларусь. Графіка: «Белсат»
podpis źródła zdjęcia

Ведаць некалькі моваў, як мінімум дзве, для беларуса натуральна. Як тут не заблытацца ў родных мовах?

Дзеці натуральна вучаць розныя мовы сваіх бацькоў


У Беларусі, асабліва на мяжы з нашымі суседзямі, натуральнаю з’яваю былі змешаныя сем’і. Вось як апісвае сваю дзяцінства на Пастаўшчыне паэтка Ванда Марцінш душ Рэйш. Найбольш было беларускай мовы, якую называлі «простай». Таксама была польская і літоўская мовы. Расейскую мовы прывезлі «спецыялісты», што прыехалі разам з усталяваннем савецкай улады.


Натуральна, маленькія дзеці маглі змешваць мовы:

,,

«Літовец размаўляў, напрыклад, па-беларуску і казаў: пыталіся ў яго, што мама робіць – «аўдзіняіць». «Аўдзіняіць» – гэта «тчэ», бо «audimas» – «ткацтва». Што там бацька робіць? – Бульбу «ацякуець». Гэта «разорвае бульбу». Што матка робіць? – Печ «курыняець». А «kurianti» – «цепліць печ». У нас так размаўлялі».


Але гэта толькі нейкі этап – потым дзеткі вучацца размяжоўваць мовы і хутка пераключаюцца паміж імі. Прыклад можна назіраць у сям'і Кулеяў. Ігар – беларус, а ягоная жонка Алёна – украінка.

,,

«Калі дома Алёна адна з дзецьмі, то яна па-ўкраінску, канечне, з імі размаўляе. Таму дзеці, вось можна заўважыць, пераключаюцца сходу. Калі старэйшая дачка да мяне звяртаецца, яна [звяртаецца] па-беларуску, калі да Алёны – яна тут жа па-ўкраінску кажа», – дзеліцца Ігар.


Ігар і Алёна Кулей з дачкой. Фота: кадр з праграмы «Мова нанова»
Ігар і Алёна Кулей з дачкой. Фота: кадр з праграмы «Мова нанова»

Спадарыня Ванда ведае 7 моваў – беларускую, літоўскую, польскую, расейскую, англійскую, партугальскую і іспанскую. Мы запыталі яе, як яна «пераключаецца» паміж імі:


– І хапае месца ў галаве, каб усе гэтыя мовы трымаць?


– А мовы, яны разумныя, – пасміхаецца спадарыня Ванда. – Яны, як бы… Адна, якой ты карыстаешся, выходзіць на першы план, астатнія як бы трошачкі месца для яе робяць.


– Саступаюць?


– Саступаюць, так. Трошачкі неяк туды ў падсвядомасць хаваюцца. Але калі ўзнікае такая неабходнасць, яны адтуль вельмі хуценька могуць выскачыць. І сам нават некалі не чакаеш. Ужо трошачкі спужаешся – ай-я-яй, па-партугальску не размаўляла некалькі гадоў, а потым сустрэнешся з бразільцамі, партугальцамі – і адкуль толькі ўсё бярэцца!

Ванда Марцінш душ Рэйш. Фота: кадр з праграмы «Мова нанова»
Ванда Марцінш душ Рэйш. Фота: кадр з праграмы «Мова нанова»

Нельга проста так узяць і вывучыць родную мову, калі яна беларуская


Калі беларусы хочуць навучыць сваіх дзяцей беларускай мове, то сутыкаюцца з разнастайнымі праблемамі. Але яны гатовыя іх пераадольваць, каб дзеці ведалі родную мову.


З лютаю злосцю на беларускую мову сутыкнуўся Павел Латушка, калі быў вучнем старшых класаў і ладзіў Дзень роднай мовы ў школе:

,,

«Я памятаю нават мой адзін аднакласнік сказаў: «Если вы будете говорить на своём беларусском языке, я возьму автомат Калашникова и всех вас расстреляю». Я быў у шоку! Вось такое можна было пачуць. Ну, яны прыехалі з іншай краіны, дарэчы, з Расеі, і вось ён так ставіўся, сын вайскоўца».


Гэтак варожа да беларускай мовы ставіліся не толькі дзеці расейскіх вайскоўцаў, якія служылі ў Менску. Доктар адной з менскіх паліклінік пужаў шкодаю білінгвізму маладую маці, журналістку Вольгу Быкоўскую. Вольга прыйшла па медычную даведку, бо хацела аддаць дачку ў дзіцячы садок у беларускамоўную групу:

,,

«Прыходзім у паліклініку браць даведку, каб туды пайсці. А «врач» кажа мне: ой, білінгвізм – гэта вельмі кепска, дзіцё трэба выхоўваць на адной нейкай мове, бо яны пазней пачынаюць размаўляць так і надалей. І мы выйшлі з кабінету, я кажу мужу: «Паша, давай пяройдзем на беларускую мову».


А вы таксама падумалі, што гэты «врач» чакаў, што бацькі будуць гадаваць сваю дачку на расейскай мове? Дарэчы, расейская мова, вядома, нікуды не дзелася: Вольга кажа, што ейная дачка вывучыла яе «на вуліцы».


Сваёй гісторыяй з намі падзяліўся Валер Кавалеўскі. Янка, ягоны сын, нарадзіўся ў Менску, але потым з бацькамі пераехаў у ЗША і цяпер жыве ў Афрыцы. Ён размаўляе па-англійску і па-французску, аточаны асяроддзем, што размаўляе на суахілі.


Для спадара Валера было вельмі важна, каб Янка ўспрымаў беларускую мову як родную. Для гэтага спяваў сыну калыханкі па-беларуску, чытаў беларускія кнігі, а калі даводзілася кудысьці з'ехаць у справах – запісваў сваё чытанне і дасылаў аўдыязапісы:

,,

«Для мяне было задачаю дамагчыся таго, каб ён успрымаў беларускую мову як сваю родную. Каб для яго не было ніякіх бар’ераў, не было ніякіх комплексаў наконт таго, чыя гэта мова. Гэта ягоная мова. І так, ён ёй валодае не ў тым аб'ёме і не на тым узроўні, як мне хацелася б, магчыма, ці, там, казаць, што ён вольна валодае ёй. Але ён яе вельмі лёгка ўспрымае, яна для яго не выклікае ніякіх такіх эмоцыяў – здзіўлення ці шоку. Гэта ягоная мова. Гэта самае для мяне галоўнае».



Калі першая засвоеная мова і родная мова розныя


Грамадскі дзеяч Кірыл Атаманчык апавёў нам пра «крыж беларускага білінгвізму»:

,,

«На сённяшні момант, нават калі гэта нейкая публічная прастора, я выкарыстоўваю дзве мовы, расейскую і беларускую, у залежнасці ад таго, напрыклад, на каго скіраваны, якая публіка гэта прачытае, для каго гэта больш важна і гэтак далей. Па сутнасці можна сказаць, што гэты «крыж білінгвізму беларускага» я і па сённяшні момант нясу. Як, я думаю, і абсалютная большасць у прынцыпе беларусаў».


Кірыл Атаманчык. Фота: кадр з праграмы «Мова нанова»
Кірыл Атаманчык. Фота: кадр з праграмы «Мова нанова»

А памятаеце перапіс насельніцтва 2019 года? Тады беларусам прапанавалася запоўніць анкету, дзе ў тым ліку спыталі пра родную мову. Аўтары анкеты ўдакладнілі ў дужках, што родная мова – гэта «мова, засвоеная першай у ранім дзяцінстве». Цікава, што на думку аўтараў анкеты там мусіла б напісаць спадарыня Ванда? Ці карэнны паляшук?


Шмат якія госці нашай праграмы «Мова нанова» лічаць сваёй роднай мовай беларускую, хоць яны і «засвоілі першай у раннім дзяцінстве» расейскую.


А вось якую цікавую гісторыю нам апавяла ўкраінка Валерыя Сігова, жонка актора Ігара Сігова. Яна была расейскамоўная, бо ейны дзядуля пасля школы перайшоў на расейскую і не стаў вучыць сваіх дзяцей роднай украінскай мове. ён навучыў іх чужой, расейскай. Да ўкраінскай Валерыя вярнулася пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну:

,,

«Мне здаецца, я адпрацоўваю чыйсьці кармічны доўг. Бо, перайшоўшы тады на расейскую мову, мой дзед забраў у мяне шанец размаўляць па-ўкраінску ад нараджэння. А я не хачу ў кагосьці забіраць шанец размаўляць моваю сваіх бацькоў. Я б хацела, каб нашыя дзеці, як яны з’явяцца, валодалі мовамі сваіх бацькоў – і ўкраінскаю, і беларускаю. А іншыя мовы – гэта іхны ўласны выбар».


Дом пасля бамбавання. Харкаў, Украіна. 30 жніўня 2024 года. Фота: Олег Синєгубов / Telegram

Расея разбамбіла жылы шматпавярховік у Харкаве. Загінулі не менш за 5 чалавек

Вайна

Дзядуля Валерыі быў родам з Харкаўшчыны, якую сёння штодзённа абстрэльваюць расейскія войскі.

Родная мова абуджае пачуццё годнасці


Беларус Ігар і ўкраінка Алёна апавялі нам, як надумалі гадаваць дзяцей на беларускай і ўкраінскай мовах.

,,

«Я кажу, слухай, я хачу, каб дзеці раслі і не размаўлялі на чужой, фактычна… Ну, навошта? Яны і так вывучаць гэтую расейскую мову. Я хачу, каб яны думалі па-беларуску, каб для іх гэта была першая і самая галоўная ў іхным жыцці мова. Атрымалася, у іх дзве будуць галоўныя мовы – украінская і беларуская. Каб яны на ёй думалі, снілі на ёй. Бо мне гэта заняло вельмі шмат гадоў», – кажа Ігар.


Гэтак пара і зрабіла. Калі ж мы запыталі Алёну, што ёй дало валоданне беларускай мовай, яна падумала і адказала задуменна: «гонар». А Ігар падхапіў: «О! Вось думаем нават у адзін бок! Я хацеў сказаць, што нават калі Алёна скажа, што нічога не дало, я ганаруся, што жонка размаўляе па-беларуску. Мы калі ў Беларусь прыязджалі і сядалі, там, напрыклад, за стол недзе з сябрамі, у мяне большасць сяброў не размаўляе так па-беларуску, як сёння гаворыць Алёна. А некаторыя з іх трох словаў не могуць звязаць нармальна па-беларуску. Хаця ў школах вучыліся колькі гадоў!»


Гэтае пачуццё вядоўца Сяргей Падсасонны сфармуляваў наступным чынам:

,,

«Калі ўжываем беларускую мову, калі мы карыстаемся беларускай мовай, калі мы яе папулярызуем, то мы паказваем, што мы нічым не горшыя. Мы – частка сусветнай культуры. Мы – народ. Мы – беларусы, якія маем сваё. І мусім абсалютна гэтым ганарыцца».


Чытайце таксама: Як шляхцюкі прымудраліся быць адначасова русінамі, ліцвінамі і палякамі

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10