Вайна

Расея разбамбіла жылы шматпавярховік у Харкаве. Загінулі не менш за 5 чалавек

img
Дом пасля бамбавання. Харкаў, Украіна. 30 жніўня 2024 года. Фота: Олег Синєгубов / Telegram
podpis źródła zdjęcia

Расейскія войскі 30 жніўня нанеслі ўдар кіраванымі авіябомбамі па цэнтры Харкава. Адзін з удараў прыйшоўся па шматпавярховым жылым доме. У выніку атакі загінулі не менш як пяць чалавек.

Гарадскі галава Харкава Ігар Церахаў паведаміў днём 30 жніўня, што адзін з удараў кіраванымі авіябомбамі прыйшоўся па цэнтральнай частцы гораду і па цывільнай інфраструктуры – у тым ліку па 12-павярховым жылым будынку.


У будынку загінулі, як вядома на момант публікацыі з паведамлення абласнога кіраўніка Алега Сінягубава, пяць чалавек, у тым ліку 14-гадовая дзяўчынка, а параненыя 47.


Ды інфармацыя пра пацярпелых пастаянна абнаўляецца: 20 пацярпелых у цяжкім ці крытычным стане, ёсць пацярпелыя з ампутацыямі. На верхніх паверхах дому могуць заставацца людзі, а будынак можа абваліцца цалкам.


Як піша Сінягубаў, адзін удар прыйшоўся ў 12-павярховы будынак у Індустрыяльным раёне, там загінулі тры чалавекі. Яшчэ адзін удар трапіў міма будынкаў у тым раёне, але забіў дзяўчынку. Яшчэ два ўдары прыйшліся па Слабодскім раёне: адной бомбай пашкодзіла складскі будынак, другой – тры будынкі. Яшчэ адзін удар трапіў у Цэнтральны раён.



Паводле папярэдніх звестак, удар таксама прыйшоўся па горадзе Чугуеве Харкаўкскай вобласці. У частцы Харкаву, як піша «Суспільне», знікла святло.


Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі звярнуў увагу на тое, што такога ўдару не было б, калі б Сілы абароны Украіны мелі здольнасць нішчыць расейскую вайсковую авіяцыю.


Раней паведамлялася, што Украіна цісне на адміністрацыю прэзідэнта Злучаных Штатаў, каб дамагчыся дазволу біць амерыканскай зброяй па вайсковых цэлях у Расеі – украінскія афіцыйныя асобы, як сцвярджалася, нават перадавалі ЗША спіс патэнцыйных цэляў.



Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10