19 верасня ў Вільні адбылася прэзентацыя новага Міжнароднага гуманітарнага фонду дапамогі палітвязням, які з’явіўся ў 2024 годзе і ужо мае пацверджаных унёскаў на 1,4 мільёны еўраў. Што гэта за фонд і чым ён будзе адрознівацца ад ужо існых ініцыятываў.
Паразмаўлялі пра гэта з адным з кіраўніком By_Help і прадстаўніком Службы хуткай гуманітарнай дапамогі Аляксеем Лявончыкам.

Даўняя ідэя, якая стала рэальнасцю
Як заяўляюць арганізатары, ідэя паўстання такога фонду з’явілася яшчэ ў 2022 годзе, але свае абрысы ён набыў у траўні 2024 года. Гэта адбылося пасля візіту абранай прэзідэнткі Святланы Ціханоўскай у Нарвегію, дзе было абвешачана аб тым, што гэтая краіна зробіць унёсак на падтрымку палітвязняў амаль у 850 тысячаў еўраў.
Як адзначае кіраўнік BY_Help Аляксей Лявончык, ажыццяўленне ініцыятывы па стварэнні фонду ўзяў на сябе Офіс Святланы Ціханоўскай, які доўгі час працаваў з замежнымі партнёрамі, каб гэты фонд стаў рэальнасцю. Станам на сёння завершаныя амаль што ўсе адміністратыўныя працэдуры, і бліжэйшым часам чакаецца падпісанне кантракту з першым донарам, пасля чаго фонд пачне поўнавартасную працу.
Святлана Ціханоўская ў каментары «Белсату» падкрэсліла важнасць стварэння такога фонду, адзначыўшы, што сёння ў Беларусі вельмі шмат людзей, якія знаходзяцца ў турмах і ўжо выходзяць на волю, і ўсе яны патрабуюць дапамогі.
«Такіх людзей становіцца так шмат, з-за таго што рэпрэсіўная машына працягвае сваю дзейнасць, што данатаў беларусаў і еўрапейскіх арганізацыяў не хапае менавіта кожнаму чалавеку. Таму яшчэ ў 2023 годзе мы пачалі задумвацца над тым, як яшчэ можна дапамагчы нашым героям, і прыйшла такая ідэя. Больш за год прайшло да моманту яе рэалізацыі. Я ўдзячная Нарвегіі, якая распачала гэты міжнародны гуманітарны фонд, і заклікаю ўсе ўрады, арганізацыі, мецэнатаў, каб укладваліся ў гэты фонд, бо салідарнасць і падтрымка ніколі не бываюць лішнімі», – адзначыла Святлана Ціханоўская.
Працэс павінны пайсці хутчэй
Агулам на сённяшні дзень, адзначаюць арганізатары, у фондзе ёсць пацверджаныя ўнёскі на 1,4 мільёна еўраў. Пасля падпісання кантракту з Нарвегіяй на суму ў 10 мільёнаў нарвежскіх крон (прыкладна 850 тысяч еўраў) пачнецца і фактычная выплата падтрымкі палітвязням. Адбыцца гэта павінна недзе да канца верасня, сцвярджаюць арганізатары.
Пасля ж падпісання кантракту з Нарвегіяй чакаецца, што наступныя донары падключацца куды хутчэй.
,,«Заўсёды так здараецца, што ўсе донары, калі іх шмат, глядзяць адзін на аднаго і чакаюць, каб нехта быў першым. Дык вось Нарвегія стала першай, хто заданаціў грошы, і пасля далучыліся іншыя краіны: далучылася Швецыя, вядуцца перамовы з іншымі. З некаторымі з іх перамовы блізкія да завяршэння, з некаторымі – не, але яны вядуцца», – патлумачыў Аляксей Лявончык.
У чым розніца
Ключавое адрозненне паміж Міжнародным гуманітарным фондам і іншымі ініцыятывамі, якія займаюцца дапамогай палітвязням, заключаецца ў тым, што фонд – гэта не арганізацыя, гэта проста інструмент, падкрэслівае Аляксей Лявончык.
«Па сутнасці гэта проста рахунак, на які будуць паступаць грошы ад донараў. Мы не ствараем асобнай арганізацыі, каб імплементаваць нашую дзейнасць. З гэтага рахунку грошы могуць запытваць арганізацыі, якія займаюцца гуманітарным трэкам: дапамога палітвязням, рэабілітацыя палітвязняў, дапамога сем’ям, аплата штрафаў, вываз за мяжу», – кажа Аляксей Лявончык.
Фонд не ствараўся пад канкрэтную арганізацыю, а быў задуманы як сродак папаўнення магчымасцяў тых арганізацыяў, якія ўжо займаюцца гуманітарнымі праектамі.
Як адзначыла беларуская дэмакратычная лідарка, «фонд ствараецца ні ў якім разе не замест цяперашніх праграмаў дапамогі, а ў дадатак да іх».
У фонда няма юрыдычнай асобы, падкрэсліў Лявончык, і фонд не мае ніводнага адміністратыўнага выдатку, што абазначае па сутнасці, што ўсе сто адсоткаў грошай, якія прыйдуць ад донараў, пойдуць на патрэбы беларускіх палітычных вязняў.
Хто кіруе фондам
Сам па сабе фонд будзе кіравацца арганізацыямі гуманітарнага трэку, якія працуюць з дапамогай палітвязням і іхным сем’ям. Усе яны, паводле сцверджанняў Аляксея Лявончыка, на 95 % ахопліваюць сферы падтрымкі пацярпелых ад рэпрэсіяў. На сённяшні дзень у працы фонду бярэ ўдзел восем такіх арганізацыяў, сярод іх такія як грамадская кампанія BY_Help, фонды BYSOL і «Краіна для жыцця», ініцыятыва Dissidentby, а таксама «Вольныя», IneedHelpBY і інш. Яшчэ дзве неназваныя арганізацыі не будуць прымаць актыўнага ўдзелу ў штодзённай працы, але змогуць запытваць у яго дапамогу.
Пры гэтым суразмоўца падкрэсліў, што Офіс Святланы Ціханоўскай браць удзел у кіраванні фондам не будзе. Роля Офісу і Аб’яднанага пераходнага кабінету будзе ў адвакацыі фонду, пошуку новых партнёраў і донараў сярод урадаў і, магчыма, сярод бізнесу.
«То бок менавіта так праходзіць гэты раздзел: пошук сродкаў і ангажацыя новых донараў – на баку Офіса, а імплементацыя дапамогі – на баку арганізацыяў, якія гэтай дапамогай займаюцца», – падкрэсліў Аляксей Лявончык.

Хто можа атрымліваць і аказваць дапамогу
У пачатку працы фонду, адзначаюць яго стваральнікі, сродкі будуць накіроўвацца выключна на палітвязняў і іхныя сем’і, якія засталіся ў Беларусі. У будучыні, з пашырэннем фонду, магчыма даданне іншых мэтавых груп пацярпелых.
У той жа час Аляксей Лявончык адзначыў, што дзеля таго, каб атрымаць дапамогу, трэба звяртацца не ў сам фонд, а ў тыя арганізацыі, які працуюць з палітвязнямі па тых ці іншых трэках: напрыклад, у BYSOL – які займаецца вывазам палітвязняў, разавымі выплатамі, пераадукацыяй палітвязняў, або ў BY_Help, які надае ўвагу рэабілітацыі палітычных зняволеных, у Dissidentby, які дапамагае сем’ям зняволеных, ці INeedHelpBY, які аплочвае прадуктовыя пасылкі, і г.д.
Што ж датычыць тых, хто хоча заданаціць, то найлепш звяртацца да адной з арганізацыяў – удзельніц фонда (напрыклад, заданаціць на індывідуальныя зборы ў BYSOL), або ў нарвежскі Хельсінкскі камітэт, які з’яўляецца адным з партнёраў фонда.
«Калі гэта прыватная асоба, якая хоча заданаціць, то, як варыянт, можна звяртацца да мяне, і мы можам прагаварыць працэс данату, або праз адмысловы QR-код – у тым выпадку, калі чалавек вельмі хоча заданаціць на фонд прыватным чынам», – адзначыў Аляксей Лявончык.

Празрыстасць ці бяспека
«У працы фонду вельмі важныя празрыстасць і ашчаднасць. Рэпутацыя арганізацыі мае вялікае значэнне. Ніхто не павінен ставіць пад сумнеў, што дапамога пайшла па прызначэнні і сапраўды тым, каму яна патрэбная», – адзначыла Святлана Ціханоўская ў тэлеграм-канале па выніках канферэнцыі.
У той жа час Аляксей Лявончык адзначыў, што зрабіць працу фонда «максімальна празрыстай» будзе праблематычна з прычын бяспекі.
,,«Мы не можам зрабіць працу фонда максімальна празрыстай, таму што паміж празрыстасцю і бяспекай мы заўсёды выбіраем бяспеку. Мы будзем публікаваць, колькі якая арганізацыя запытала грошай, мы можам апублікаваць пасля тратаў ананімізаваную статыстыку, каму і на якую катэгорыю была прысланая дапамога. Я не думаю, што мы можам выйсці за гэтыя ліміты, калі справа датычыць публічнай справаздачнасці адносна траты грошай», – падкрэсліў Аляксей Лявончык.
Пры гэтым суразмоўца дадаў, што донары фонда, то бок урады, і назіральная рада, у якую ўваходзяць 9 чалавек, у любы момант могуць запытаць справаздачнасць за любы перыяд у любой з арганізацый, якая рабіла запыты з фонду. Таму што справаздачнасць у першую чаргу робіцца для тых, хто гэтыя грошы даў.
«Але публікацыі імёнаў, натуральна, не будзе, таму што ў нашых варунках апублікаваць імёны тых, каму дапамаглі з выкарыстаннем грошай з гэтага фонда, гэта падстаўляць гэтых людзей пад небяспеку», – падкрэсліў Аляксей Лявончык.
Раман Шавель belsat.eu