навіны

Урады краінаў ужо ахвяравалі € 1,4 млн у Міжнародны гуманітарны фонд дапамогі беларускім палітвязням

Ціханоўская
Прэзентацыя Міжнароднага гуманітарнага фонду дапамогі беларускім палітвязням у Вільні. Фота: @tsikhanouskaya / Telegram
podpis źródła zdjęcia

У Вільні адбылася прэзентацыя да афіцыйнага старту Міжнароднага гуманітарнага фонду дапамогі беларускім палітвязням. Яго пачатак быў закладзены ў красавіку 2024 года, калі Нарвегія першай з краінаў зрабіла ўнёсак – € 850 тыс. Станам на верасень, дзве краіны пацвердзілі ўнёскі на агульную суму € 1,4 млн.

Паралельна вядуцца перамовы з шэрагам іншых дзяржаваў. Чакаецца, што колькасць урадаў, якія возьмуць удзел у фондзе, павялічыцца, як толькі будзе падпісаны кантракт з першым донарам і пачнецца фактычная выплата падтрымання палітвязням, гаворыцца ў прэс-рэлізе Нарвежскага Хельсінкскага камітэту і службы «Хуткай гуманітарнай дапамогі», які атрымаў «Белсат».

«Людзям, якія трапілі пад каток рэпрэсіяў, патрэбная дапамога. Тут і цяпер, а не ў будучыні. Патрэбная яна і тым, хто выйшаў з засценкаў нядаўна, і сем’ям тых, хто застаецца ў няволі. І я спадзяюся, што ў першую чаргу дапамога будзе аказвацца тым, хто ўнутры краіны, – сказала падчас прэзентацыі ў Вільні лідарка дэмсілаў Беларусі Святлана Ціханоўская. – Гуманітарны фонд будзе такім «кошыкам», куды ўсе, каму неабыякавая Беларусь, змогуць ахвяраваць. Гэта можа быць і ўрад, і міжнародная арганізацыя, і мецэнат. Гэты фонд ствараецца ні ў якім разе не замест цяперашніх праграмаў дапамогі, а ў дадатак да іх».

Яна адзначыла, што кіраванне арганізацыяй будзе калектыўным. Праваабаронцы і гуманітарныя ініцыятывы будуць разам прымаць рашэнні аб накіроўванні сродкаў. Наглядаць за працай будзе Назіральная рада: эксперты, прадстаўнікі медыясупольнасці і замежныя дыпламаты.

«Аб’яднаны пераходны кабінет ці Офіс умешвацца ў працу фонду не могуць і не будуць, – паведаміла Святлана Ціханоўская. – Дапамога рэпрэсаваным не замяняе працы па вызваленні палітвязняў. Гэта напрамкі, якія мы вядзём адначасова. Мы будзем змагацца за вызваленне кожнага і кожнай. Вызваленне палітвязняў і спыненне рэпрэсіяў – наша задача і прыярытэт».


Арсен Рудэнка belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10