Генеральны дырэктар НПЦ НАН Беларусі ў галіне бульбаводства і плодаагародніцтва Вадзім Маханько расказаў, куды сёлета знікла беларуская бульба і чаму цэны на гародніну настолькі куслівыя.
Паводле яго, бульба не ўрадзіла праз дрэннае надвор'е, а тая, якой больш, стала даражэйшая праз дэфіцыт і цэны на яе захаванне.
«За сухімі лічбамі статыстыкі хаваюцца пэўныя нюансы. Чаму мы гаворым, што не хапае бульбы? Прычына ёсць: абʼектыўныя паказнікі. Адразу заліло, потым была засуха. А да чаго гэта прывяло? Першы нюанс. Яна не расла. Клубняў завязалася шмат, і яна не расла. [Ёсць] дэфіцыт буйной фракцыі – тая, што ідзе ў супермаркет, на продаж і гэтак далей », – распавядае ў эфіры каналу «СТВ» Маханько.
Павысіла кошт бульбы і тое, што на яе захаванасць цёплай зімой патрэбная была электраэнергія.
«Сярэдні сабекошт летась паводле нашых ацэнак набліжаўся да 50 капеек. Гэта ў шараговых гаспадарках, што вырабляюць таварную бульбу. У тых, хто вырабляе насенне найвышэйшай прадукцыі, такія, як мы, як наш Навукова-практычны цэнтр, як шэраг прадпрыемстваў Нацыянальнай акадэміі навук, шэраг прыватных прадпрыемстваў, сабекошт набліжаецца да рубля – гэта вытворчы сабекошт. Мы вырасцілі, выкапалі, паклалі ў сховішча. Гэта, будзем казаць, рубель.
Далей. Узгадайце, якая была восень, якая была зіма, – яна была цёплая. Каб бульба захоўвалася, яе трэба астудзіць. На гэта ідзе электраэнергія. Кожны месяц плюс 10 капеек. Кастрычнік – плюс 10 капеек, лістапад... Шэсць месяцаў, лічыце. 1,6 рубля – вось такая справядлівая цана на бульбу ў асобных вытворцаў. Гэта трэба ўлічваць. Гэта заўсёды трэба ўлічваць», – падсумавалі ў НАН Беларусі.
Нагадаем, раней беларусы варажылі, куды знікла бульба, бо аніякіх адказаў улады не давалі, а дзяржаўная прапаганда толькі абуралася: «Задзяўблі са сваёй бульбаю – абы жэрці». Потым прыйшлі праблемы з цэнамі на іншую гародніну:
«Цэны на менскім рынку – са слабымі нервамі лепш не глядзець, – расказвае карыстальніца TikTok. – Бульба 8,50. Таматы – розныя цэны, да 20 рублёў. Дарэчы, за 20 рублёў былі вельмі смачныя. Чырвоная цыбуля – 17 рублёў. Кабачкі за 7,50, а ўлетку яны і задарма нікому не патрэбныя. Дурніцы – з Перу, усяго толькі 95 рублёў за кілаграм. Трускаўкі з Грэцыі за 18, а за беларускія хочуць ужо 25 рублёў», — скардзіліся беларусы ў TikTok.
Міністэрства гандлю Беларусі вінаваціла тых пастаўнікоў, якія не давозілі бульбу са сховішчаў у патрэбных аб’ёмах. Эканамісты бачылі глыбіннаю прычынаю рэгуляванне цэнаў, што адбівала жаданне вырошчваць нерэнтабельныя культуры і прыводзіла, як ні дзіўна, да росту цэнаў. Адной з прычынаў могуць быць і санкцыі, праз якія Беларусь не можа закупляць еўрапейскай насеннай бульбы.
Тэса Анэйда belsat.eu