Чаму блізкія людзі пакідаюць нас у цяжкія часіны – сваякі адгароджваюцца, а жонкі разводзяцца? І хто становіцца пераможцам у бязлітасным унутраным двубоі паміж летуценным рамантыкам і цынічным зэкам, калі мы выходзім на свабоду? Разважаем пра гэта з былым палітвязнем і аўтарам кнігі «Костерок из наших страниц» Аляксеем Гайшуном.
«Белсат»: – Аляксей, ты прысвяціў кнігу сваёй дачцэ. «Ты павінна быць мацнейшай, дачка», – напісаў. Калі б зараз да цябе падышла 10-гадовая дзяўчынка і спытала: «Дзядзя, а пра што твая кніга?» – што б адказаў
Аляксей Гайшун: – Нават не ведаю. Дзецям, напэўна, увогуле не варта ў гэта ўваходзіць. Але калі даходліва, то я напісаў кнігу пра тое, як працаваў над сабой, як развіваўся і спрабаваў стаць лепшым, асабліва на тле таго, у якім месцы я апынуўся. Неяк так.
– Ці стаў лепшым?
– Напэўна ж, ведаеце ўжо, што шлюб мой усё-такі (быў зарэгістраваны ў СІЗА Гомля) не склаўся. Цяпер мы ў падвешанай сітуацыі. Я спрабую наагул ні з кім не кантактаваць з Беларусі… Складана сказаць, ці стаў я лепшы. Натуральна, што для дзіцяці я – прапажа. З іншага боку, калі ўключыць фантазію, то так: я стаў лепшы. Я ўсё перагледзеў. І зараз мы будзем рабіць новыя адкрыцці і наганяць страчанае. Прыкладна так, у ідэале. Хоць, як разумееце, абставіны троху іншыя.
– Вялікую сэнсавую і кампазіцыйную ролю ў тваёй кнізе граюць лісты да жонкі. Чытаеш – і нібыта акно расчыняюць ў затхлай камеры. Але бліжэй да фіналу і твайго вызвалення лісты ад жонкі прыходзяць усё радзей і радзей. Чаму нашыя блізкія пакідаюць нас у цяжкія моманты?
– Мая сям'я – мама, жонка, дачка – заставалася са мной да канца. Усе астатнія – цалкам адгарадзіліся. Я, можна сказаць, згубіў усіх і сваякоў, і сяброў. З розных прычын баяліся. Кагосьці я больш-менш разумею, кагосьці – не. Да тых, каго не разумею, я перагледзеў сваё стаўленне: гэта так сабе сваякі – і хай тады лепей будуць нікім для мяне.
А калі казаць пра жонку… Ёй давялося сутыкнуцца з вялікімі праблемамі: яна пакінула родны горад, звольнілася з вельмі добрай працы, пераехала да маці, сутыкнулася з новымі праблемамі. Ёй давялося нанава расці над сабой. Па вызваленні я знайшоў некалькі не адасланых мне лістоў. І па іх было відаць, што ёй ужо з цяжкасцю гэта давалася, што яна стамілася мяне падтрымліваць.
Дарэчы, рабіла яна гэта, для майго нязначнага тэрміну (паўтара года – заўв. «Белсат»), вельмі старанна. Я ведаю людзей, якім прысудзілі два, чатыры гады – дык іх увогуле не чакаюць. У некаторых выпадках людзі загадзя самі дамаўляюцца: усё, ставім нашыя стасункі на паўзу ці ўвогуле расстаёмся. Я мяркую, мая жонка проста пачала выгараць.

«Я ведаю, як працуюць мянтоўскія схемы»
– Пішаш, што даслаў на волю 200 лістоў. Ты цытуеш у кнізе аўтэнтычныя тэксты ці лісты давялося пераствараць з памяці?
– Лісты абсалютна рэальныя. Гэта тое, што я пісаў адтуль. Унікальныя тэксты, логіка і храналогія захаваная. Па вызваленні я іх адфатаграфаваў, а арыгіналы знішчыў. З гэтых фотаздымкаў потым набраў тэксты, прыбраў лішнюю бытавуху. З 200 лістоў захавалася 167. Некалькі старонак з малюнкамі і пару старонак тэксту былі знішчаныя цэнзарамі. Усё астатняе з 99–адсоткавай дакладнасцю я перанёс у кнігу.
– Ты вызваліўся, сустрэўся з сям'ёю, перафатаграфаваў лісты і адразу выехаў, так?
– Так, я паспеў пару месяцаў праіснаваць там трошачкі, нагледзецца на тое, ува што ператварылася краіна – на гэтую паўночнакарэйскую пампезнасць і пустыя вуліцы. Жыцця мне там не было, калі ўлічваць пастаянны ціск з боку мянтоў, але штосьці я паспеў зрабіць. Перазняў лісты. Іншых матэрыялаў, якія б маглі скампраметаваць маю сям'ю, ужо няма.
«Цэннасць лістоў, каштоўнасць памяці»
– Тваю кнігу трэба чытаць хаця б для таго, каб зразумець, наколькі лісты туды і лісты адтуль дапамагаюць на зоне заставацца чалавекам.
– Так, гэта было вельмі важна, каб захаваць настрой і не сапсаваць псіхіку. І яшчэ для таго, каб захаваць памяць – чыстай і не запэцканай. Зразумела, што лісты ад сваякоў і ўсе пісьмовыя матэрыялы мянтамі знішчаюцца, але ўласныя лісты на волю застаюцца. І менавіта ў іх важна было даваць наводкі. Маўляў, ты, даражэнькая, мне пісала пра тое і тое, і я вось табе на гэта адказваю так і так. З напісаных такім чынам лістоў лёгка ўсё ўзнаўляецца. І, напэўна, самае галоўнае, гэта дапамагае зразумець адзін аднаго – і сябе, і чалавека, які пісаў табе. Так што цэннасць лістоў, безумоўна, важная. Цэннасць лістоў, каштоўнасць памяці.
– Лісты ў тэксце як купіны, якія дазваляюць табе ісці наперад у сваім расповедзе, адраджаць падзеі.
– Безумоўна. І я спрабаваў яшчэ падкрэсліць кантраст. Я перачытваў лісты, узнаўляў падзеі пэўнага перыяду ў памяці, пісаў раздзел пра тое, што са мной тады здаралася. А здаралася са мной, натуральна, адна чарнуха, але лісты пра тое ж самае – на кантрасце – выглядаюць па-іншаму. Не хацелася мне ў сваёй творчасці і ў сваіх лістах падаваць усё рэалістычна і хныкаць аб тым, што мне там кепска. Буду вельмі ўсцешаны, калі чытачы заўважаць гэты кантраст.

«Спрабую напісаць дачцэ казку, а атрымліваецца жудасны трэш»
– Як першыя чытачы ўспрынялі тваю кніжку. Якія водгукі атрымаў?
– Калі, яшчэ да публікацыі, прачытваў людзям кавалкамі, казалі, што гэта змрочна і гэта гатычна ў некаторых месцам. Адзначалі шырокі лексікон, якім я карыстаўся. Ацэньвалі ў цэлым станоўча, але потым я прыйшоў да высновы, што гэтак ацэньвалі свае людзі. Калі кніжку ўжо дапісаў і пачаў даваць яе людзям, якія мяне амаль не ведалі, то ўсе як адзін прызнаваліся, што чытаць было цяжка. Але збольшага я гэтага і дамагаўся. Хацеў як мага цяжэй усё гэта падаць.
У мяне амаль падрыхтаваны зборнік вершаў, у які ўвайшлі і вершы, якіх няма ў «Костерке». І цяпер я з дапамогай нейрасеткі ствараю ілюстрацыі да зборніка. Паглядзім, ці будуць людзі чытаць ужо з карцінкамі.
– 500 старонак, тры часткі – СІЗА, этап, калонія. У працэсе пісання табе давялося перажыць усё зноў. Які кавалак даўся цяжэй за ўсё?
– Думаю, трэцяя частка. Дзіўна, але яна была напісаная хутчэй за астатнія. Пачаў працаваць над ёй зімой, а ўвесну дапісваў. Гэта амаль палова кнігі. Напісалася хутка, але, напэўна, у гэтыя моманты было найцяжэй, бо – столькі ўражанняў, столькі эмацыйных арэляў трэба было ўпіхнуць у 250 старонак. Хоць насамрэч мусіла быць 10 250, калі перабіраць усе ўспаміны. А памятаю я адтуль вельмі шмат! Складана было перадаць і асабістыя перажыванні, і перажыванні іншых людзей, гэтыя сустрэчы, гэтую радасць сустрэчаў, калі сустракаеш знаёмых людзей па СІЗА. Супольныя перажыванні, узаемадапамога – гэта вельмі-вельмі запала ў душу, і згадваць было, канешне, цяжка.
,,Ёсць момант у трэцяй частцы, калі я на Новы год спрабую напісаць дачцэ казку, а атрымліваецца насамрэч жудасны трэш. Адлюстраванне маіх асабістых страхаў. Вось, напэўна, гэтае месца, пра Новы год, самае цяжкае было… А першыя часткі пісаліся марудней. У апавядальнай манеры. Там ніводнага дыялогу.
«Два ідыёты папрасіліся на фронт – іх кінулі ў ШІЗА»
– Хацеў якраз пра гэта спытацца. СІЗА і этап – маналог і рэфлексіі, зона – спрэс дыялог. Невыпадкова так скампанавалася?
– Не, канешне. Таму што гэтыя таўсценныя сцены СІЗА, перагародкі – белага святла не бачыш! – асацыяваліся з нейкай інтраспекцыяй, з тым, што круціш у сваёй галаве. Дыялогі ў камеры, у прынцыпе, адбываліся, але прыгнятальнае пачуццё ізаляванасці і пакінутасці на сябе самога ніколі цябе не пакідала.
Іншая справа – зона. Там асабістыя думкі знікаюць практычна ў момант. Там няма ні хвіліны адасаблення. Усё жыццё ў калоніі будуецца выключна на камунікацыі і ўзаемадзеяннях. На дыялогах. Так што гэта не толькі ў кнізе – так было ў жыцці.
– У трэцяй частцы часта ўсплывае тэма памілавання. Пра гэта – дыялогі. Пра гэта – у лістах да жонкі. Надзея трывае да апошняга…
– Так і было. Гэта былі вельмі канвульсіўныя думкі і канвульсіўныя дыялогі. Варта было камусьці вымавіць у натоўпе слова «амністыя» – і пачыналася. На 90 % усё трымалася на домыслах, на так званых «мармылях», калі закінутая кімсьці інфармацыя пачынае круціцца і варыцца сярод зэкаў. У выніку з іншага канца жылой часткі зоны да цябе прылятае навіна, да з'яўлення якой прычыніліся твае ж выказванні тыднёвай даўніны, пабудаваныя выключна на здагадках.
,,Какафонія была жудасная! І незразумела было, ува што можна верыць і на што спадзявацца. У кнізе я распісаў гэта троху хаатычна. Пра ўсе гэтыя надзеі, чаканні і веру ўва штосьці. Ці, наадварот, пра недавер. Напэўна, так было не толькі на зоне, а і ва ўсёй краіне.
– А самі асуджаныя пісалі прашэнні аб памілаванні?
– На памілаванне не пісалі. Прынамсі тыя, з кім я камунікаваў. Быў адзін хітры «таварыш», які спрабаваў першым мяне ўпіхнуць: ідзі, маўляў, напішы. Хацеў на мне эксперымент паставіць. Я кажу не, давай пачакаем, а потым, можа, разам напішам. Не верыў я ў прашэнні.
,,Але былі і два ідыёты, з нейкага там атраду, дзе, напэўна, і палітычных не было, якія папрасіліся на фронт. Маўляў, вы нас выпусціце, а мы пойдзем ваяваць за Расею. Ну, гэта пад ПВК Вагнэра, навіны пра якую прасочваліся праз радыё і тэлебачанне. І цікава, іх адразу кінулі ў штрафны ізалятар. Напісалі – і іх тут жа ізалявалі. Мянтам штосьці ў тым не спадабалася. Як толькі ў нас даведаліся пра гэты выпадак, нават тыя, хто задумваўся, каб пісаць на памілаванне, адразу перадумалі.
«Я выйшаў на свабоду адным кавалкам»
– Апошні дыялог у кнізе адбываецца ў ШІЗА. Гэта бязлітасны двубой паміж рамантыкам-летуценнікам і цынічым рацыянальным зэкам – дыялог героя з самім сабой. Перамог рацыянальны зэк, бо на выхадзе з зоны ён выкідвае ў сметніцу свае рукапісы. Гэты зэк і зараз вядзе рэй у тваім жыцці?
– Перамог, натуральна, чалавек, які быў больш прыстасаваны. Я яшчэ ў першай частцы паказаў, як забівае мяккацелых рамантыкаў гэтая сістэма – яны вар'яцеюць.
Я выйшаў на свабоду, можна сказаць, адным кавалкам. Ува мне зараз і мой рамантызм, і мая жорсткасць. Гэта жыве ў сімбіёзе. Калі трэба, уключаюцца механізмы, якія дапамагаюць выжыць у канкрэтнай сітуацыі. Таму гэтая кніга – як пра вынішчэнне чагосьці прыгожага, так і пра выжыванне, аб вырастанні над сабой.
– У сваіх думках герой тваёй кнігі шмат думае пра тое, што будзе рабіць на свабодзе, як будзе карыстацца прасторай, дасягаць новых вяршынь і не марнаваць часу. Ці спраўджваецца запланаванае?
– Так. Гэта ідзе не тымі тэмпамі, якімі хацелася б, з прычыны майго цяперашняга сацыяльнага становішча, маёй адаптацыі да новага асяроддзя. Але ўсё ідзе сваёй чаргой. І ўсё ідзе да лепшага. У прынцыпе, так, як я сабе гэта ўяўляў, без уліку, канешне, некаторых нядобрых узрушэнняў. Гэтага расставання… Але ж мы жывыя людзі – ідзём далей і спрабуем сабраць па кавалачках сваё новае жыццё.
У мяне цяпер гара планаў. Я ўжо накідаў план-канспект сваёй новай сагі-фэнтэзі. Гэта будзе некалькі кнігаў у адным сусвеце. І я хачу іх прапрацаваць вельмі і вельмі ўедліва і канкрэтна. Не тое, каб «Зорныя войны», але нешта падобнае, з усімі дробнымі дэталямі, з храбусценнем пяску на зубах, з гукамі баталіяў будучага, з фантастычнымі жыхарамі і месцамі.
– Што скажаш магчымаму чытачу сваёй кнігі пра беларускую зону?
– Хачу сказаць, што не варта ставіцца да кнігі як да нейкага палітычнага памфлету. Гэта не палітычная літаратура і не сатыра. Гэта ўніверсальная кніга. Гэта гісторыя пра асобу, гісторыя пра пераадольванне і пра працу над самім сабой. Гэтая кніга можа добра зайсці аматарам псіхалагізму. І гэтая кніга для тых, хто сам трапляў у складаныя сітуацыі і, магчыма, быў імі надломлены.
Кнігу «Костерок из наших страниц» можна купіць у інтэрнэце, але аўтар не супраць, калі людзі будуць чытаць і пірацкія версіі.
Зміцер Міраш belsat.eu