Пры гэтым лічба можа быць значна большай – звесткі ў праваабаронцаў няпоўныя, паведамляе «Вясна». Часцей за ўсё людзям прызначаюць вялікія штрафы ці адпраўляюць на «суткі», а некаторых – нават у калонію. Тыповы пратакол складаюць за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Прычынай для пераследу могуць стаць фота з пратэстаў у 2020 годзе, данаты, каментары ў сацыяльных сетках, «экстрэмісцкія» рэпосты, фота з бел-чырвона-белай сімволікай, якія знаходзяць у тэлефонах і сацыяльных сетках, фота з акцый салідарнасці за мяжой. Гэта сілавікі знаходзяць у сацыяльных сетках пры праверках тэлефонаў на мяжы. Праз допыты праходзяць тыя, хто ўключаны ў базу сілавікоў «Беспорядки» – у ёй можна знайсці пашпартныя дадзеныя на кожнага затрыманага ў Беларусі з 2020 году.
Праверкі і затрыманні ладзяць на ўсіх працуючых прапускных пунктах – і з Еўразвязам, і з Расеяй. Сілавікі высаджваюць беларусаў з рэйсавых аўтобусаў, сустракаюць іх на аўтобусных ці чыгуначных вакзалах, або прыходзяць па іх ужо дадому пасля вяртання.
Напрыклад, у чэрвені так затрымалі хлопца, які пераехаў у Польшчу, вучыўся там ва ўніверсітэце і працаваў ахоўнкам. У ліпеня асудзілі за данаты па вяртанні з Польшчы Наталлю Левую, нягледзячы на тое, што ў яе была папера ад КДБ аб тым, што яна ўжо сплаціла ў шматкратным памеры «кампенсацыю» за данаты. Суддзя Мікалай Сянько прызначыў дзяўчыне 6 гадоў калоніі агульнага рэжыму. 25-гадовая айцішніца Лізавета Макрыдзіна таксама вярнулася дадому з Польшчы, яе затрымалі і абвінавацілі па 342-м артыкуле Крымінальнага кодэксу за ўдзел у паслявыбарчых пратэстах. У траўня стала вядома, што сілавікі затрымалі яшчэ адну айцішніцу, якая вярнулася з Польшчы. Яна трапіла на фота падчас пратэстаў 2020 года. Таксама ў траўні на мяжы затрымалі айцішніка Яўгена Ціханава, які ехаў у Беларусь на дзень народзінаў маці.
Такіх прозвішчаў — шмат. Паводле праваабаронцаў, у мінулым годзе пасля праверак на мяжы Беарусі затрымалі не менш за 207 чалавек. Сярод іх, акрамя беларусаў, былі грамадзяне Украіны, Літвы і Расіі. Амаль усіх затрыманых асудзілі да «сутак», мінімум 18 з іх асудзілі паводле крымінальных артыкулаў, 12 з якіх – да калоніі. Самы жорсткі прысуд пасля вяртання ў Беларусь атрымаў прадпрымальнік Артур Роліч. Суд пыгаварыў яго да 9 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыма за данаты.
Праваабаронцы нагадваюць, што рэпрэсіі ў Беларусі адбываюцца штодзённа цягам ужо трох з паловай гадоў. Калі вы праяўлялі грамадска-палітычную актыўнасць з 2020 года і па сёння: прымалі ўдзел у акцыях пратэсту ў Беларусі і за мяжой, пакідалі каментары ў сацсетках, данацілі на падтрымку пацярпелых у Беларусі ці ва Украіне, актыўнічалі ў дваравым чаце, з якога даўно выйшлі, калісьці запосцілі ў фэйсбуку новы кліп любімага беларускага гурта, чые песні былі прызнаныя экстрэмісцкімі, то рызыкі пераследу па вяртанні ў Беларусь вельмі высокія. Калі ласка, клапаціцеся пра сваю бяспеку, а таксама не забывайце пра тых родных і знаёмых, чые паведамленні ці фота з пратэстаў, могуць знайсці ў вашым тэлефоне.
Тэса Анэйда belsat.eu