Правасуддзе ў Беларусі бессэнсоўнае і бязлітаснае, асабліва ў дачыненні тых, хто выступае супраць лукашэнкаўскага рэжыму. Гэта можна заўважыць у тым ліку і на прыкладах пакаранняў за данаты, што часта больш суровыя, чым за цяжкія злачынствы. «Белсат» сабраў самыя жорсткія з вядомых у Беларусі прысудаў за данаты і параўнаў іх з тымі, што атрымлівалі забойцы, гвалтаўнікі і рабаўнікі.
Каго пакараюць больш сурова: за п'янае смяротнае ДТЗ або за дапамогу Украіне?
Пасля ўсіх узмацненняў жорсткасці Крымінальнага кодэксу Беларусі, ў ім з'явілася шмат артыкулаў пра адказнасць за фінансаванне ўсяго, што не пажаданае ўладзе. Напрыклад, вось толькі пакаранні за данаты:
– арт. 290-1 – фінансаванні тэрарыстычнай дзейнасці (ад 8 да 15 гадоў),
– арт. 132 – фінансаванне ўдзелу наймітаў ва ўзброеных канфліктах або ваенных дзеяннях (ад 7 да 15 гадоў),
– арт. 361-2 – фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці, дзейнасці, накіраванай на рэабілітацыю нацызму (да 8 гадоў),
– арт. 361-3 – фінансаванне ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні аднаго з супрацьлеглых бакоў, узброеных канфліктаў, ваенных дзеянняў (ад 5 да 10 гадоў).
Важна: у адрозненне ад прававых дзяржаваў, у Беларусі караюць за фінансаванне арганізацый, якія на момант здзяйснення данату яшчэ не былі прызнаныя ні «экстрэмісцкімі», ні «тэрарыстычнымі».
Пры гэтым мінімальны тэрмін за забойства ў Беларусі – 6 гадоў калоніі, за «п'янае» смяротнае ДТЗ або выкраданне чалавека – 7 гадоў, згвалтаванне заведама малалетняга або згвалтаванне са смяротным зыходам – 8 гадоў.
Вось толькі нешматлікія з прыкладаў неймавернага беларускага правасуддзя. Так, у 2018 годзе 17-гадовы жыхар Маладзечна напаў у пад'ездзе на 9-гадовую дзяўчынку і атрымаў пасля 9 гадоў калоніі за сексуалізаваны гвалт супраць дзіцяці. Да такога ж тэрміну беларускі суд прысудзіў прадпрымальніка за данаты.
Педагогу-педафілу з Віцебску суд прызначыў 10 гадоў калоніі і 10 тысячаў рублёў штрафу за згвалтаванне, а таксама неаднаразовы сексуалізаваны гвалт супраць непаўналетніх дзяцей са школы. 9 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму атрымала жанчына, якая ў 2013 годзе задушыла сваю нованароджаную дачку і схавала яе цела ў ванным пакоі «праз страх страціць працу і жыллё». Пры гэтым трэнер нацыянальнай зборнай Беларусі па біятлоне атрымаў за данаты 9,5 гадоў калоніі і 24 тысячы рублёў штрафу.
Яшчэ прыклад: п'яны 34-гадовы берасцеец за адзін вечар напаў на вуліцы на дзвюх дзяўчат, каб абрабаваць іх. Адной з пацярпелых было 16 гадоў, яна атрымала ўдар нажом у шыю. У выніку за разбой мужчыну прысудзілі 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму і 2,9 тысячы рублёў штрафу. Столькі ж атрымаў і 53-гадовы педафіл, які згвалціў падлетка. Пры гэтым 63-гадовы менеджар за данат пакараны больш сурова: 8,5 гада калоніі і ажно 24 тысячы рублёў штрафу.
З апошніх прысудаў: 6 гадоў калоніі агульнага рэжыму суд даў п'янаму кіроўцу з Быхавічаў, які ўцёк з месца ДТЗ, пакінуў паміраць на дарозе пешахода, а потым падпаліў сваё аўто, каб схаваць злачынства. У той жа час 6 гадоў, але ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, атрымаў іпэшнік з Маладзечна за данат у 2021 годзе, калі ў Беларусі нават не было экстрэмісцкіх фармаванняў.
Суровая рэальнасць: ад 9,5 года за 54 данаты да трох гадоў – за адзін, які не прайшоў
«Белсат» сабраў самыя суровыя з вядомых у Беларусі прысудаў за данаты. На жаль, на практыцы ўсё можа быць яшчэ горш, таму што судовая сістэма штампуе прысуды без абвесткі, а да праваабаронцаў інфармацыя часта даходзіць са спазненнем.
9,5 года і 24 тысячы штрафу
Да прызнання экстрэмістам і тэрарыстам Мікалай Васілевіч працаваў трэнерам-масажыстам нацыянальнай зборнай Беларусі па біятлоне.
Яго затрымалі 6 чэрвеня 2023 года, пасля чаго «самы гуманны» суд у свеце даў беларусу 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і вялікі штраф. Прапагандысцкія СМІ пісалі, што за два гады ён зрабіў не менш за 54 данаты ў фонды салідарнасці і розныя ініцыятывы. Цягам наступных трох месяцаў мужчыну асудзілі яшчэ двойчы, дадаўшы 3,5 года калоніі за «стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел ў ім».
Выніковы прысуд – 9,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму і 600 базавых велічыняў штрафу (24 тысячы рублёў).
9 гадоў узмоцненага рэжыму толькі за данаты
23 красавіка 2024 года 39-гадоваму прадпрымальніку Артуру Ролічу прызначылі дзевяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за ахвяраванні беларускім ініцыятывам. Увесь гэты час мужчына жыў у Беларусі і больш за 10 гадоў валодаў крамай брэндавага адзення і абутку «Grandbazaare». Сілавікі затрымалі яго пасля вяртання ў Беларусь з адпачынку ў 2023 годзе. Гэта максімальны тэрмін, што давалі беларусам за адныя толькі данаты.
8,5 года і 11,1 тысячы рублёў штрафу за 2160 долараў данату
35-гадовы жыхар Бабруйску Дзмітрый Слука атрымаў 8,5 года і 300 базавых велічыняў штрафу за «фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці». Паводле праваабаронцаў, у жніўні 2021-га ён перавёў 2160 долараў крыптавалютай арганізацыі, што рэжым Лукашэнкі прызнаў «тэрарыстычнай». Затрымалі яго 10 лютага 2023 года ў Менску, пасля ўключылі ў спіс «тэрарыстаў».

24 чэрвеня 2024 года сталася вядома, што з ініцыятывы віцебскай калоніі Слуку ўзмацнілі пакаранне, перавёўшы з калоніі ў турму. Там, у адрозненне ад папраўчай калоніі, зняволеныя амаль 24/7 сядзяць у чатырох сценах.
У 2024 годзе 8,5 года калоніі агульнага рэжыму і штраф у 600 базавых атрымаў і 63-гадовы менеджар фармкампаніі «Новомедика» Сяргей Шэлег за тое, што данаціў «экстрэмістам».
6 гадоў калоніі і 40 000 штрафу за 4,4 тысячы рублёў
Столькі прысудзілі 38-гадовай ілюстратарцы з Берасця Наталлі Левай за тое, што ў 2021–2022 гадах яна перавяла «экстрэмісцкім фармаванням» (у тым ліку палку Каліноўскага) грошы і крыптавалюту на суму «не менш за 4,4 тысячы рублёў».
Характэрна, што жанчына жыла і працавала ў Польшчы, але ў 2024 годзе пастанавіла вярнуцца дадому. Паводле словаў калег, яна казала, што едзе ў краіну з даведкаю ад КДБ пра тое, што кампенсавала свае данаты ў кратным памеры на карысць дзяржаўнай казны.
6 гадоў за ахвяраванні на дапамогу Украіне і на карысць «экстрэмісцкага фармавання» атрымаў таксама 57-гадовы іпэшнік з Маладзечна Аляксандр Верасовіч. Данат на карысць «экстрэмісцкага фармавання» мужчына зрабіў да траўня 2021 года, калі ў Беларусі наагул не было экстрэмісцкіх фармаванняў.

5,5 года – за данаты і пратэсты
24-гадовай настаўніцы з Менску Дар'і Хмяльніцкай сёлета ў красавіку вынеслі прысуд – 5,5 года калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Прычына – удзел у пратэстах і фінансаванне ўдзелу на тэрыторыі іншай дзяржавы ў вайне. Ні сума данатаў, ні іх атрымальнік невядомыя.
5 гадоў за 13 долараў данатамі
Прадпрымальніку з Менску Паўлу Харытонаву прысудзілі 5 гадоў за данат у 20 долараў ініцыятыве (як мяркуецца, пацярпелым ад рэпрэсій), што пазней прызналі «экстрэмісцкаю».
Ахвяраванне на дапамогу, як мяркуецца, пацярпелым ад рэпрэсій, было зробленае ў 2021 годзе, калі ініцыятыва не была яшчэ прызнаная «экстрэмісцкім фарміраваннем».

Прысуд – 5 гадоў калоніі і 500 базавых велічыняў штрафу
5 гадамі калоніі агульнага рэжыму за данаты ў лютым гэтага года пакараная таксама «Найлепшы выпускнік БДУ-2018» – 28-гадовая Ксенія Ходырава. Дзяўчыну затрымалі ў кастрычніку 2023 года.
Яшчэ аднаго беларуса – 55-гадовага Георгія Чараваку – затрымалі ў жніўні 2023 года падчас вяртання ў Беларусь з ЗША, куды ён ездзіў на месяц. Яму прысудзілі пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за данат 21,29 долара праз PayPal у падтрыманне палка Каліноўскага.
Тыя ж 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму ад беларускага суда атрымаў і 31-гадовы Чэслаў Канановіч – за дзесяць данатаў палку імя Кастуся Каліноўскага на агульную суму 1200 рублёў. Прысуд набыў моц у снежні 2023 года.
Яшчэ 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму ў лютым 2024 года прасудзілі 39-гадоваму айцішніку Аляксандру Сысоеву з Бярозы. Праз Facebook ён пералічыў палку Каліноўскага 12,91 долара з беларускай карткі.
3 гады за данат, які не прайшоў
Прысуд Анастасіі Пятрэнкі і зусім не паддаецца ніякай логіцы, нават бязлітаснай логіцы беларускай Феміды. Пасля пачатку вайны дзяўчына пераехала ў Польшчу, дзе паспрабавала зрабіць данат у 16,71 долара са свайго беларускага банкаўскага рахунку ў полк Каліноўскага. Але транзакцыя не прайшла. Пазней палітзняволеная змеркавала прыехаць у Беларусь, дзе атрымала за адмененую транзакцыю тры гады калоніі агульнага рэжыму.
Тэса Анэйда / ІР, «Белсат»