Некалькі хваляў памілавання палітвязняў сведчаць пра тое, што цяпер адбываецца самая сур’ёзная пасля падзеяў 2020 года спроба афіцыйнага Менску прарваць міжнародную ізаляцыю. На паўнавартасную «адлігу» Аляксандр Лукашэнка, хутчэй за ўсё, не наважыцца, але заключыць з Захадам выгадную для сябе здзелку ўсё-ткі разлічвае.
Сігналы для Захаду
Прыкметы карэктавання паводзінаў афіцыйнага Менску на міжнароднай арэне пачалі назірацца з канца чэрвеня.
Спачатку Аляксандр Лукашэнка пайшоў на знакавыя кадравыя перастаноўкі. На пасаду міністра замежных справаў быў прызначаны Максім Рыжанкоў, кіраўніком лукашэнкаўскай адміністрацыі стаў Дзмітрый Круты, а першай намесніцай кіраўніка – Наталля Пяткевіч, якая займала тую ж пасаду ў перыяд так званай лібералізацыі 2009 – 2010 гадоў. Менш чым праз тыдзень пасля гэтых прызначэнняў Лукашэнка анансаваў вызваленне цяжкахворых праціўнікаў рэжыму. На наступны дзень, 3 ліпеня, з-за кратаў выйшлі 18 палітвязняў, сярод іх – хворы на рак былы старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў.
Пэўнае зніжэнне напружанасці фіксавалася на мяжы з ЕЗ: пачынаючы з чэрвеня заўважна ўпала актыўнасць і агрэсіўнасць нерэгулярных мігрантаў на мяжы з Польшчаю. Адначасова змянілася рыторыка афіцыйнага Менску. Усё часцей сталі гучаць заявы пра гатовасць да дыялогу з краінамі ЕЗ і ЗША. 16 ліпеня Лукашэнка апавёў, што хоча ўрэгуляваць стасункі з Польшчай і Літвой. На наступны дзень пастанавіў увесці бязвізавы рэжым для грамадзянаў 35 краінаў Еўропы. А 22 ліпеня на нарадзе пра развіццё прамысловасці заявіў, што Беларусі трэба ісці па шляху супрацы з Еўразвязам.
У сярэдзіне ліпеня палітвязням у турмах і калоніях сталі масава прапаноўваць пісаць прашэнне па памілаванні, прычым ім адразу давалі зразумець, што прашэнне будзе ўхвалена. У выніку 16 жніўня Лукашэнка памілаваў 30 палітвязняў, а 4 верасня - яшчэ 30.
Агулам цягам двух месяцаў на свабоду выйшлі 78 палітвязняў - гэта найбуйнейшая хваля вызваленняў за ўвесь час. Прычым улады адразу анансавалі працяг. Паводле Юрыя Васкрасенскага, яшчэ адну групу палітвязняў могуць вызваліць да так званага Дня народнага адзінства 17 верасня.
Рэжым, які не падлягае «адлізе»
Разам з тым, рэпрэсіі ў краіне не спыніліся і не былі нават сцішаныя на час палітычнай гульні з Захадам. Падкантрольныя спецслужбам Telegram-каналы працягваюць ледзь не кожны дзень апавядаць пра новыя арышты «змагароў». За два месяцы па палітычна матываваных крымінальных справах былі асуджаны 316 чалавек. Агулам за ліпень-жнівень праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала палітвязнямі 115 чалавек - то бок амаль у паўтары разы болей, чым за гэты перыяд выйшлі на свабоду.
Можа падацца, што дзве тэндэнцыі супярэчаць адна адной. Аднак Лукашэнка робіць гэта свядома: падобна на тое, што ён сапраўды хоча міжнароднай разрадкі, але на сваіх умовах.
Рэжым Лукашэнкі за час свайго існавання ўжо некалькі разоў паспяхова праходзіў цыкл «замаразкі – адліга». У 2008 і 2015 гадах памірыцца з ЕЗ было дастаткова проста, бо палітвязняў тады можна было пералічыць на пальцах, масавыя рэпрэсіі не былі сістэмаўтваральным элементам унутранай палітыкі, а Беларусь не запляміла сябе суўдзелам у расейскай агрэсіі. Паўтарыць гэты трук цяпер амаль немагчыма. Таталітарная трансфармацыя, якую самаабвешчаны кіраўнік Беларусі распачаў у 2020-м, зрабіла рэжым фактычна не падлеглым «адлізе». Каб зрабіць «як было», трэба не толькі адпусціць палітвязняў і спыніць арышты, але таксама пазбавіць экстрэмісцкага статусу незалежныя медыі, палітычныя і грамадскія арганізацыі, забяспечыць вяртанне сотняў тысяч палітэмігрантаў і дапусціць да прэзідэнцкіх выбараў рэальную апазіцыю. Усё гэта ў цяперашніх умовах цяжка сабе ўявіць.
У адкаце да ўмеранага аўтарытарызму ўзору 2015–2019 гадоў Лукашэнка бачыць экзістэнцыйную пагрозу: любая кіраваная «адліга» цяпер рызыкуе пераўтварыцца ў некантраляваную «перабудову». Таму Лукашэнка, імаверна, разлічвае заключыць здзелку з Захадам без «адлігі». Ён мяркуе, што лёс амаль 1400 закладнікаў у беларускіх турмах досыць сур’ёзны аргумент, каб прымусіць Еўропу змякчыць сваю пазіцыю.

Формула Васкрасенскага
Праўда, пакуль на змякчэнне пазіцыі Захаду нішто не ўказвае. Тры хвалі памілаванняў, што мелі месца ў ліпені-верасні, не былі абумоўлены саступкамі з боку ЗША і ЕЗ. Санкцыі за гэты час не толькі не былі аслаблены, але нават узмоцнены. 29 чэрвеня Рада ЕЗ ухваліла новы санкцыйны пакет, разлічаны на сінхранізацыю абмежаванняў у дачыненні Беларусі і РФ. А да гадавіны прэзідэнцкіх выбараў, 9 жніўня, Злучаныя Штаты, Вялікая Брытанія і Канада прымеркавалі ўвядзенне новых санкцыяў у дачыненні да шэрагу фізічных і юрыдычных асобаў.
Захад на сігналы Лукашэнкі рэагуе максімальна стрымана. ЕЗ і ЗША ў пачатку ліпеня віталі памілаванне групы палітвязняў, але адразу нагадалі, што за кратамі застаюцца яшчэ каля 1400 асобаў. Ніякіх публічных сустрэчаў з прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі з таго часу не адбылося. Заяваў пра гатовасць сесці за стол перамоваў з боку краінаў Захаду таксама не прагучала.
Стрыманасць Захаду выглядае цалкам лагічна: рэальныя крокі афіцыйнага Менску несуразмерныя маштабу праблемаў. Аднак Лукашэнка, імаверна, і не думаў, што вызваленнем 78-мі палітвязняў нешта зменіць. Мэта была значна больш сціплая: зацікавіць Еўразвяз, паказаць, што ён можа пайсці на пэўныя саступкі. Па сутнасці, памілаванні ліпеня-верасня выконваюць функцыю запрашэння Захаду да перамоваў, на якіх Лукашэнка разлічвае заключыць здзелку: палітвязні ўзамен на санкцыі.
Праўладны спікер Юры Васкрасенскі 4 верасня выказаў гэтую думку адкрыта: ён зазначыў, што Менск цяпер чакае «пазітыўных дзеянняў у адказ» і калі яны будуць - «можам абмеркаваць і далей крокі па нармалізацыі адносін».
«Калі пойдзе гаворка, адпусціць яшчэ нейкую партыю ўзамен на адмену санкцыяў, то мы можам разгледзець усе пытанні, таму што нам трэба плаціць пенсіі, нам трэба ўтрымліваць парадзіх, дэкрэтніц, гадаваць дзяцей. І, канешне, мы можам пайсці на абмен», - зазначыў ён.
Васкрасенскі таксама даў зразумець межы саступак з боку Менску: паводле ягоных словаў, каля 1000 палітвязняў можна адпусціць, бо яны проста «начыталіся інтэрнэту» і «крычалі перамен». Да непрымірымых ворагаў рэжыму Васкрасенскі аднёс прыкладна 300-400 асобаў - іх улады вызваляць не плануюць.
Гэтая заява зусім не падобная на звычайную прапагандысцкую балбатню. Хутчэй за ўсё, праз Васкрасенскага рэжым агучыў сваю стартавую пазіцыю для перамоваў з Захадам. Публічна і афіцыйна пра гэта абвесціць Міністэрству замежных справаў было б неяк няёмка, таму адпаведную задачу даручылі чалавеку, якога называюць «вуснамі КДБ».

З прыцэлам на выбары
Адкуль у заяве Васкрасенскага ўзялася гэтая лічба - 1000 палітвязняў? Імаверна, гэта нешта кшталту сімвалічнай адзнакі.
Цікава, што ў красавіку 2022 года, калі тагачасны кіраўнік МЗС Уладзімір Макей разаслаў еўрапейскім дыпламатам ліст з запрашэннем да дыялогу, гэтая лічба таксама ўсплыла ў прэсе ў якасці стартавай пазіцыі для перамоваў - праўда, усплыла з супрацьлеглага боку. Тады адзін еўрапейскі дыпламат на ўмовах ананімнасці заявіў «Нашай Ніве»: каб пераламаць «негатыўную атмасферу» ў Брусэлі, улады Беларусі павінны зрабіць «відавочны жэст на адрас уласнага грамадства і апазіцыі» - выпусціць мінімум 1000 палітвязняў. Аднак для поўнага зняцця санкцыяў трэба будзе пачаць дэмакратычныя перамены ў Беларусі, падкрэсліў суразмоўца выдання вясной 2022-га.
Хутчэй за ўсё, на поўнае скасаванне санкцыяў Менск нават не разлічвае. Мяркуючы па той інфармацыі, што прасочвалася ў прэсу ў мінулыя гады, для ўладаў галоўнае зняць санкцыі з ключавых галінаў эканомікі - у прыватнасці, з калійнага сектару.
Для Лукашэнкі прынцыпова важна прарваць санкцыйную аблогу і аслабіць міжнародную ізаляцыю да прэзідэнцкіх выбараў 2025 году. Гэта забяспечыць яму хаця б фармальнае дыпламатычнае прызнанне і вяртанне суб’ектнасці ў стасунках з Захадам. А з улікам заканамерных пытанняў да легітымнасці Святланы Ціханоўскай пасля 2025 году таксама нанясе магутны ўдар па дэмакратычнай апазіцыі.
Паводле інфармацыі BELPOL, Лукашэнка плануе прызначыць прэзідэнцкія выбары на канец лютага 2025 году. Калі гэта праўда, то абвесціць старт электаральнай кампаніі ўлады павінны ў лістападзе. Менавіта ў лістападзе, як нядаўна распавёў Максім Рыжанкоў, у Менску плануецца правесці міжнародную канферэнцыю па супрацьдзеянні нелегальнай міграцыі. Паводле кіраўніка МЗС, чакаецца, што ў мерапрыемстве прымуць удзел міністры краінаў ЕЗ.
Аднак каб у Менск прыехаў хтосьці акрамя прадстаўніка Вугоршчыны (кіраўнік вугорскага МЗС Петэр Сіярта - адзіны еўрапейскі міністр, які наведваў Беларусь за апошнія чатыры гады), неабходна да лістапада дамагчыся разрадкі ў стасунках з Еўразвязам. А дзеля гэтага трэба масава вызваляць палітвязняў, у тым ліку тых, каго добра ведаюць на Захадзе - палітыкаў, журналістаў, праваабаронцаў.
Таму дэдлайны ў Лукашэнкі досыць жорсткія: быць ці не быць прарыву міжнароднай ізаляцыі, мусіць вырашыцца ў бліжэйшыя пару месяцаў.
Глеб Нержын belsat.eu