навіны

«Галоўны мэсанджар вайны». Якое значэнне мае Telegram для Украіны і Расеі?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

«Белсат» распавядае, чаму затрыманне Паўла Дурава выклікала паніку ў Z-супольнасці, як Telegram стаў галоўным мэсанджарам цяперашняй вайны і якое значэнне гэтая платформа мае для Украіны.

«Затрымалі начальніка сувязі УС РФ»

Поўнамаштабнае ўварванне Расеі ва Украіну паказала, што сувязь з'яўляецца адной з найбольш вострых праблемаў расейскага войска. У выніку склалася парадаксальная сітуацыя, калі галоўным сродкам камунікацыі для арміі агрэсара стала не закрытая вайсковая сувязь, а цывільны мэсанджар.

Пра тое, што Telegram мае важнае значэнне для расейскай арміі не было сакрэтам і да затрымання Паўла Дурава. У пачатку жніўня папулярны праваенны блогер Кірыл Фёдараў распавёў у эфіры тэлеканалу НТВ, што расейскія вайскоўцы наводзяць праз Telegram ракеты, артылерыю і авіяцыю. «Мы ваюем у інтэрнэце», - заявіў ён.

Пра тое самае неаднаразова пісалі ваенкоры-прапагандысты і расейскія вайскоўцы.

«Гэта ў нас нармальная практыка, я ўжо не палічу колькі разоў за жыццё я карэктаваў праз тэлеграм артылерыю», - распавёў аўтар каналу «Тринадцатый».

Калі ў чэрвені адбыўся збой у працы Telegram расейскія праваенныя каналы жартавалі, што «Дураў узяў і на час спыніў вайну». Маўляў, вайскоўцы сядзелі па бліндажах, мацюкаліся, але не маглі перадаць ні каардынаты цэлі, ні карцінку з БПЛА.

«Telegram на дадзены момант стаў ці ледзь не галоўным сродкам кіравання падраздзяленнямі ў зоне СВА», - зазначыў блізкі да Мінабароны РФ Telegram-канал «Рыбарь».

«Фактычна, гэта галоўны мэсанджар цяперашняй вайны. Гэта альтэрнатыва закрытай вайсковай сувязі», - тлумачыў прапагандыст і дэпутат Масгардумы Андрэй Мядзведзеў.

,,

«Лічу (я сур'ёзна), што Паўла Дурова трэба ўзнагародзіць узнагародай «за дапамогу СВА», нават нягледзячы на ​​яго ліберальныя погляды - ён унёс найвялікшы ўклад у нашу будучую перамогу», - падкрэсліў «Позывной OSETIN».


Таму навіна пра затрыманне Дурава выклікала сапраўдную паніку. Праваенныя блогеры спалохаліся, што заходнія спецслужбы атрымаюць доступ да адчувальная для арміі Расеі інфармацыі і пазбавяць армію «нармальнай сувязі».

«Па сутнасці затрымалі начальніка сувязі УС РФ», - зазначыў «ПНВ: Вне Формата».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Расейскі прапагандысцкі тэлеграм-канал. Фота: Белсат
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Расейскі прапагандысцкі тэлеграм-канал. Фота: Белсат

Мэсанджар тактычнага ўзроўню

Выданне «Медуза» лічыць, што значэнне Telegram для расейскай арміі ўсё-ткі перабольшана. Мэсанджар сапраўды вельмі актыўна выкарыстоўваецца вайскоўцамі на тактычным узроўні і ў тыле. Большая частка расейскіх падраздзяленняў мае ў тэлеграме чаты, дзе абмяркоўваюцца іх гаспадарчыя патрэбы (збор грошай на закуп неабходных харчоў і абсталявання і т. д.). Штурмавыя падраздзяленні таксама карыстаюцца Telegram, але значна радзей, бо непасрэдна на лініі фронту з інтэрнэтам ёсць праблемы. Штурмавікі пры гэтым усё роўна працуюць з цывільнымі гаджэтамі - галоўным чынам, з офлайн-карткамі.

Паводле «Медузы», эпізадычна тэлеграм выкарыстоўваецца і на больш высокіх узроўнях вайсковай іерархіі - напрыклад, для стварэння імправізаваных «выведвальна-ўдарных контураў» (калі выведка аператыўна забяспечвае сродкі паражэння - артылерыю і авіяцыю - каардынатамі цэляў, абыходзячы вышэйстаячае камандаванне; гэта дазваляе паражаць у тым ліку мабільныя цэлі). Аднак на гэтым узроўні Telegram не з’яўляецца незаменным, сцвярджае выданне.

Расейскія ўлады спрабавалі стварыць уласны вайсковы мэсанджар. У 2021 годзе падкантрольная «Ростеху» кампанія «Сузор'е» павінна была паставіць арміі 40 брыгадных камплектаў для працы з адзінай сістэмай кіравання тактычнага звяна «Сузор'е-М2». Падключыць да сістэмы (адзін з яе элементаў - мэсанджар у рамках комплексу разведкі, кіравання і сувязі «Стралец-М») павінны былі штабы, афіцэраў, якія кіруюць сродкамі паражэння (артылерыяй, ракетнымі комплексамі), разведчыкаў, пяхотных камандзіраў і баявую авіяцыю. Аднак новая сістэма дасюль не запрацавала.

Telegram як інструмент прапаганды вайны

Разам з тым, Telegram мае найважнейшае значэнне для вонкавых сувязяў: на аснове мэсанджара створана разгалінаваная сістэма ўзаемадзеяння вайскоўцаў і ваенкараў-прапагандыстаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прапагандысцкі расейскі тэлеграм-канал. Фота: Белсат
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прапагандысцкі расейскі тэлеграм-канал. Фота: Белсат

«Першыя падаюць другім эксклюзіўны кантэнт (у тым ліку відэа баявых дзеянняў), «ваенкары» з яго дапамогай падвышаюць сваю папулярнасць на платформе, а ўжо гэтую папулярнасць канвертуюць у зборы ахвяраванняў на закуп розных відаў тэхнікі і абмундзіравання для тых жа падраздзяленняў (дронаў, індывідуальных сістэм. радыёэлектроннай барацьбы і г. д.). Ланцужок «мы абвяшчаем збор для падраздзялення Х на закуп дронаў - байцы падраздзялення Х падбілі набытым на вашы грошы дронам варожую бронемашыну - мы абвяшчаем збор для яшчэ аднаго падраздзялення» - гэта сапраўды важны элемент вайны ва Украіне», - тлумачыць «Медуза».

Акрамя таго, з пункту гледжання расейскай прапаганды Telegram - гэта эфектыўная платформа для папулярызацыі вайны і дэгуманізацыі ўкраінцаў. Праваенныя каналы маюць сотні тысяч падпіснікаў, часам - па мільёну і больш. У тым ліку ў гэтых каналах публікуюць жудасныя відэа, накіраваныя на запалохванне ўкраінцаў, а таксама заклікі да ваенных злачынстваў.

Напрыклад, неанацысцкае падраздзеленне ДШРГ «Русіч» у сваім Telegram-канале публікавала інструкцыі па катаванню і забойству палонных, а таксама заклікі да «рытуальнага ахвярапрынашэння славянскім багам». Хаця найбольш скандальныя допісы «Русіч» быў вымушаны ў выніку прыбраць, сам канал працягвае дзейнічаць і мае на дадзены момант 231 тысячу падпіснікаў.

Украіна: дылема мэсанджара №1

ЗСУ не выкарыстоўвае Telegram для забеспячэння сувязі. Прынамсі на дадзены момант не існуе звестак пра тое, што гэты мэсанджар адыгрывае істотную ролю ў камунікацыі ўкраінскіх вайскоўцаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Афіцыйны тэлеграм-канал прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага. Фота: Белсат
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Афіцыйны тэлеграм-канал прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага. Фота: Белсат

Як заявіў кіраўнік украінскага Цэнтра стратэгічных камунікацыяў Ігар Салавей у інтэрв’ю NV, існуе распараджэнне, каб вайскоўцы не карысталіся Telegram для службовых размоваў і ўвогуле на ўстанаўлівалі гэты мэсанджар на свае тэлефоны ў зоне баявых дзеянняў.

«Telegram у мяне ў тэлефоне фізічна не існуе. Калі мы размаўляем, то выкарыстоўваем Signal, магчыма, WhatsApp», - заявіў летась кіраўнік Галоўнага ўпраўлення радыёэлектроннай барацьбы і кібербяспекі Генштабу ЗСУ Іван Паўленка ў інтэрв’ю «Українській правді».

Разам з тым, па-за межамі зоны баявых дзеянняў Telegram усё роўна з’яўляецца мэсанджарам №1 ва Украіне. Паводле апытання, праведзенага ў 2024 годзе, для 53% украінцаў Telegram з’яўляецца галоўнай крыніцай інфармацыі пра вайну. Праз Telegram аператыўна паведамляюць пра паветраную трывогу, кірункі запуску расейскіх ракет і дронаў-камікадзэ, маршруты іх палёту. Попыт на гэтую інфармацыю вялізарны. Напрыклад, канал «Николаевский Ванёк», які спецыялізуецца на звестках аб паветраных атаках, мае 2,5 млн. падпіснікаў.

Папулярнасць Telegram ва Украіне зрабіла яго асноўнай крыніцай распаўсюду афіцыйнай інфармацыі. У тэлеграме маюць каналы прэзідэнт

Уладзімір Зяленскі
, усе міністэрствы, сілавыя структуры і мясцовыя адміністрацыі. У выпадку акупаваных тэрыторыяў, дзе расейцы блакуюць доступ да ўкраінскіх медыяў, Telegram, па сутнасці, не мае адэкватнай альтэрнатывы, у тым ліку з пункту гледжання зваротнай сувязі.

Аднак пытанне аб выкарыстанні Telegram ва Украіне застаецца вельмі неадназначным і часам выклікае гарачыя спрэчкі. Крытыка платформы гучыць у тым ліку з боку афіцыйных асобаў. Летась у лістападзе тагачасны сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны

Аляксей Данілаў
назваў мэсанджар «небяспечным і неабароненым». У пачатку 2024 году прадстаўнік ГУР Мінабароны Украіны Андрэй Юсаў заявіў, што платформа стварае шэраг пагрозаў для бяспекі Украіны.

Рэч у тым, што расейскія спецслужбы актыўна выкарыстоўваюць ананімныя Telegram-каналы для распаўсюду сярод украінцаў прапаганды і дэзінфармацыі, што ва ўмовах вайны можа быць вельмі небяспечна. Кіраўніцтва Telegram ігнаруе гэтую праблему. Паводле Юсава, улады Украіны выбудоўваюць камунікацыю з адміністрацыяй розных платформаў, аднак з Telegram атрымліваецца «цяжэй за ўсё».

Падазрэнні ў супрацы з Крамлём

Telegram лічыцца вельмі ўразлівым з пункту гледжання бяспекі - усё-ткі мэсанджар мае расейскае паходжанне. Паводле Forbes.ua, некаторыя серверы Telegram знаходзяцца на тэрыторыі краіны-агрэсара, а для сеткавага трафіку выкарыстоўваюцца толькі расейскія кампаніі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Паведамленні ў канале, які адсочвае запускі расейскіх ракет па Украіне. Фота: Белсат
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Паведамленні ў канале, які адсочвае запускі расейскіх ракет па Украіне. Фота: Белсат
Радослаў Сікорскі. Фота: Radosław Sikorski / Х

Суседзі Украіны абавязаныя збіваць расейскія ракеты — кіраўнік МЗС Польшчы

навіны

Перыядычна ўзнікаюць падазрэнні ў тым, што кіраўніцтва Telegram наўпрост супрацоўнічае з расейскімі спецслужбамі. Напрыклад, у 2021 годзе Дураў заблакаваў працу бота «Умного голосования» - гэты праект быў асновай стратэгіі расейскай апазіцыі на парламенцкіх выбарах. А летась Telegram паставіў плашку «fake» на канал «Путь Домой» і рэгіянальныя чаты жонак мабілізаваных расейцаў, якія патрабуюць вярнуць мужоў дадому.

У красавіку 2024 году меў месца яшчэ больш скандальны выпадак: Telegram без папярэджання заблакаваў шэраг украінскіх чат-ботаў, сярод якіх бот Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны, бот СБУ і бот Міністэрства лічбавай трансфармацыі. Былі заблакаваныя не толькі дзяржаўныя, але і неафіцыйныя чат-боты, якія дапамагалі Сілам абароны Украіны збіраць інфармацыю пра ворага. Напрыклад, пад блакаванне трапіў чат-боты каналу «Николаевский Ванёк» і добраахвотніцкага падраздзялення Легіён «Свабода Расеі».

Праз дзень усе боты былі разблакаваныя, а прадстаўнік кампаніі патлумачыў гэтае здарэнне ненаўмыснай памылкай. Аднак не ўсе паверылі ў гэтае тлумачэнне.

«Ва ўмовах, калі трывожная сітуацыя на фронце, гэта выклікае шмат пытанняў: ці не сінхранізаваныя гэтыя дзеянні з ваенным кіраўніцтвам РФ? Я вось не ўпэўнены, што блакаванне чат-ботаў не была скаардынаваная з расейскім вайсковым кіраўніцтвам», - зазначыў Ігар Салавей.

Кіраўніца Нацыянальнай рады па пытаннях тэлебачання і радыёвяшчання Вольга Герасімюк пасля гэтага інцыдэнту заявіла, што дзяржава павінна спыніць афіцыйную камунікацыю ў Telegram.

Падазрэнняў наконт Telegram стала яшчэ больш пасля таго, як у сеціва трапіла база дадзеных аб перасячэнні расейскай мяжы. Вядома, што Дураў эміграваў з Расеі ў 2014 годзе і меў рэпутацыю амаль што дысідэнта. Аднак, як высветлілі журналісты, з таго часу ён больш за 50 разоў наведваў радзіму. Адзін з візітаў у 2020 годзе дзіўным чынам супаў з раптоўным рашэннем Крамля разблакаваць Telegram на тэрыторыі РФ.

Глеб Нержын belsat.eu


больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10