Польшча і іншыя суседзі Украіны абавязаныя збіваць расейскія ракеты яшчэ да таго, як яны ўвойдуць у паветраную прастору краін, заявіў міністр замежных спраў Польшчы Радослаў Сікорскі ў інтэрв'ю «Financial Times».
Варшава абавязаная забяспечыць бяспеку сваіх грамадзян, нягледзячы на асцярогі, што перахопы ракет могуць уцягнуць Атлантычны альянс у вайну Расеі супраць Украіны, упэўнены Сікорскі.
«Сяброўства ў NATO не адмяняе адказнасці кожнай краіны за абарону ўласнай паветранай прасторы — гэта наш уласны канстытуцыйны абавязак, — падкрэсліў ён. — Асабіста я лічу, што, калі варожыя ракеты знаходзяцца на шляху да ўваходжання ў нашу паветраную прастору, гэта было б законнай мерай самаабароны [нанесці па іх удар], таму што, як толькі яны перасякуць нашу паветраную прастору, рызыка траплення аскепкаў у каго-небудзь з'яўляецца значнай».
Польшча падпісала двухбаковае пагадненне аб бяспецы з Украінай раней гэтым летам. Бакі абавязаліся вывучыць магчымасць перахопу ракет і БПЛА, запушчаных у напрамку тэрыторыі Польшчы.
Генеральны сакратар NATO Йэнс Столтэнберг заявіў, што супраць гэтага, бо NATO у такім выпадку «стане часткай канфлікту».
Радослаў Сікорскі настойваў на праве сваёй краіны на перахоп пасля таго, як 26 жніўня меркаваны расейскі беспілотнік перасёк мяжу Польшчы. Тады польскія ўлады абвясцілі пошукі БПЛА, які не сталі збіваць з-за дрэннага надвор'я — убачыць БПЛА было немагчыма, а збіваць усляпую не сталі. Расейскі БПЛА, верагодна, збіўся з курсу падчас масіраванага ракетнага ўдару Расеі па Украіне.
Арсен Рудэнка belsat.eu